Каб не клюнуў чырвоны певень: аглядная камісія ў дзеянні

Пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Г.С. Хвядзюк прайшло пасяджэнне рабочай групы па арганізацыі і каардынацыі дзейнасці аглядных камісій. Падведзены вынікі агульнай работы за 2017 год па ўсіх напрамках, якія датычаць бяспекі жыццядзейнасці насельніцтва. Удзел у размове прыняў старшыня раённага Савета дэпутатаў І.Ю. Сакалоўскі. 

Тэма бяспечнай жыццядзейнасці шматвектарная, таму і яе абмеркаванне было рознабаковым. Падкрэслівалася: кожнаму даросламу дзеяздольнаму чалавеку трэба найперш самому дбаць пра ўласны дабрабыт, камфорт і бяспеку. А органы ўлады і грамадскасць гатовы і будуць дапамагаць людзям, якія па аб’ектыўных прычынах не могуць пра сябе паклапаціцца. Гэта сапраўды святая справа. Сур’ёзная і дзейсная сіла ў гэтай справе – аглядныя камісіі. 
У прыватнасці, у нашым раёне даўно і добра адладжана сістэма дапамогі адзінокім, пажылым і нямоглым грамадзянам. Клопат аб іх узмацняецца з наступленнем халадоў. Вось і з пачатку гэтага ацяпляльнага перыяду, па словах дырэктара ТЦСАН С.У. Шанчук, 198 чалавек размешчаны ў цяпле і камфорце: 166 перабраліся на зіму да дзяцей, 5 – у прыёмных і гасцявых сем’ях, 4 – у доме-інтэрнаце, 18 перачакаюць сезон халадоў на сацыяльных ложках і 5 – у аддзяленні кругласутачнага знаходжання. А летась на прадмет бяспекі пражывання было абследавана 6661 домаўладанне, дзе пражываюць сталыя людзі. І сёлета задача не мяняецца.
З разраду важных задач – абарона жыхароў раёна ад злачынных замахаў. Як падкрэсліў намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС У.І. Гваздоўскі, у мінулым годзе атрымалася знізіць узровень злачыннасці як у цэлым па раёне, так і ў асобных сельсаветах. Гэта вынік цеснага ўзаемадзеяння праваахоўнікаў з агляднымі камісіямі і іншымі суб’ектамі прафілактыкі.
У прыватнасці, праваахоўнікі актыўна працавалі над папярэджаннем сямейна-бытавых канфліктаў: па іх хадайніцтве пракуратурай было заведзена 12 крымінальных спраў прывентыўнага характару. Значны арсенал сродкаў і сіл быў задзейнічаны ў барацьбе з п’янствам. Так, летась канфіскавана звыш 19 тон алкагольнай прадукцыі, што на пяць тон больш, чым пазалетась. Разам з калегамі з іншых раёнаў раскрыта разгалінаваная сетка рэалізацыі спіртаўтрымліваючай прадукцыі. І гэта рэзультат, бо, як вядома, менавіта п’янства ў спалучэнні з незанятасцю насельніцтва – “правакатары” многіх крымінальных праяў і правапарушэнняў. 
– Гэтыя напрамкі дзейнасці павінны быць у прыярытэце і сёлета. Ніякага патурання парушальнікам правапарадку і спакою! – выказаўся І.Ю. Сакалоўскі. 
А Г.С. Хвядзюк зрабіла акцэнт: абароненымі ў плане бяспекі павінны адчуваць сябе людзі пажылога ўзросту. Выказаліся і ўдзельнікі пасяджэння. Так, старшыня Дэмбраўскага сельвыканкама М.М. Жогла заўважыў, што, на жаль, прафілактычны промень аглядных камісій “не дабівае” да грамадзян, якія “прывозяць” крымінал на тэрыторыю раёна. А яго калега з В. Мажэйкава Н.Ч. Хоміч падзялілася вопытам сумеснай работы з участковым інспектарам.
Галоўны ўрач УАЗ “Шчучынская ЦРБ” С.Г. Амбрушкевіч прааналізаваў дэмаграфічную сітуацыю у раёне і здароўе насельніцтва. І хаця летась менш людзей, чым у папярэднім годзе, завяршылі свой зямны шлях (з іх 46,1% – ва ўзросце 80 год і старэйшыя), між тым агульная смяротнасць усё яшчэ перавышае нараджальнасць. Павялічылася і колькасць памерлых у працаздольным узросце (27% загінулі ад знешніх прычын). У структуры смяротнасці лідзіруюць захворванні сістэмы кровазвароту (55,8%). Сярэдняя працягласць жыцця па раёне склала 73,9 года. 
У мінулым годзе аглядныя камісіі падчас рэйдаў бяспекі пабывалі ў 11683 дамах і кватэрах і не прайшлі міма любога негатыву і ачагоў недабрабыту, “балячкі” і парушэнні ўзялі на кантроль. Між тым, вогненных трагедый пазбегнуць не ўдалося, адзначыў першы намеснік начальніка РАНС С.В. Якімовіч. У раёне адбыліся 43 пажары (у 2016-ым – 50), загінула 9 чалавек (3). Класічныя “правакатары” ўзгаранняў – неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правілаў эксплуатацыі праводкі і ацяпляльных прыбораў. 
А значыць, ёсць над чым працаваць, і сумесная мэтанакіраваная работа па недапушчэнні любых сітуацый, якія пагражаюць жыццю і здароўю людзей, будзе мець працяг.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!