Народ і ўлада: зваротная сувязь
Вуліца Лясная ў пасёлку Жалудок знаходзіцца на тэрыторыі былога ваеннага гарадка. Людзі, якія тут жывуць, стараюцца ўласнымі сіламі, па іх словах, падтрымліваць парадак ля дамоў і ў наваколлі. Між тым ёсць у іх і просьбы да ўлады – абуладкаваць стаянку для аўтатранспарту і дзіцячую пляцоўку, знесці старыя і засохлыя дрэвы. З гэтымі і іншымі злабадзённымі жыццёвымі пытаннямі звярнуліся некалькі жыхароў Лясной да старшыні Шчучынскага райвыканкама С.В. Ложэчніка і старшыні Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк падчас нядаўняга прыёму грамадзян, які праводзіўся ў мясцовым сельвыканкаме.
Дарэчы, тут жа на прыёме службовыя асобы абмеркавалі, як і што зрабіць. Гатоўнасць дапамагчы тэхнікай і будаўнічым матэрыялам выказаў дырэктар філіяла "Жалудоцкі агракомплекс" С.Ю. Гузень. Але і насельніцтва не павінна заставацца пабочным назіральнікам – меркаванне кіраўніка сельгаспрадпрыемства.
"Дзякуй Вам як дэпутату і кіраўніку за такую пазіцыю", – прынародна звярнуўся старшыня райвыканкама Сяргей Васільевіч Ложэчнік да вопытнага гаспадарніка, – а жыхароў вуліцы папрашу таксама паўдзельнічаць у навядзенні парадку і камфорту".
Сяргей Васільевіч таксама даходліва патлумачыў адной з прыйшоўшых на прыём жанчын, чаму мясцовым жыхарам важна выконваць жорсткія правілы, накіраваныя на недапушчэнне АЧС у рэгіёне.
Добрую магчымасць сустрэцца з кіраўнікамі дзвюх галін улады – выканаўчай і прадстаўнічай, абмеркаваць з імі надзённае і хвалюючае выкарысталі, акрамя жыхароў вуліцы Лясной, яшчэ сем іх землякоў. Дыялогі атрымаліся жывымі, насычанымі і цікавымі для абодвух бакоў. Спектр пытанняў – ад падключэння вулічнага асвятлення, выдзялення зямельнага ўчастка, зносу дрэў на могілках да асфальтавання вуліцы, аднаўлення аб'екта гісторыі і культуры.
Так, сур'ёзная размова адбылася з грамадзянкай, якая прадстаўляе інтарэсы цяперашняга ўласніка палаца Чацвярцінскіх у Жалудку. Было падкрэслена, што раённая ўлада трымае ў полі зроку заяўленыя намеры на рамонт і аднаўленне гэтага аб'екта гісторыка-культурнай спадчыны. Дзелавыя стасункі знаходзяцца ў рамках прававога поля.
Што да выдалення старых дрэў з месца апошняга спачыну ля Вялікага Сяла, то тут трэба дзейнічаць салідарна. РУП ЖКГ выканае свой аб'ём работы, але варта падключыцца да гэтай богаўгоднай справы і жыхарам населеных пунктаў, чые родныя і блізкія тут пахаваны. Праінфармаваць людзей, растлумачыць усе нюансы, гарантаваць празрыстасць выкарыстання сабраных сродкаў павінна сельсавецкая ўлада, слушна заўважыў С.В. Ложэчнік. Старшыня райвыканкама параіў прыняць да ўвагі прыклад мажэйкаўцаў, якія талкова падышлі да вырашэння гэтага пытання.
Ганна Станіславаўна Хвядзюк па-жаночы чула і па-кіраўніцку ўзважана аднеслася да зваротаў дзвюх жыхарак пасёлка паважанага узросту, якія прасілі парады па розных асабістых пытаннях, – як распарадзіцца чэкамі "Жыллё", аблегчыць сваё жыццё і г.д... Увогуле ў гэты дзень ўсіх, хто прыйшоў на размову, нават без папярэдняга запісу, тактоўна прынялі, уважліва выслухалі і пачулі.
Падчас прыёму грамадзян працавала і "прамая лінія". Тэлефон падаў голас двойчы: да кіраўніцтва раёна звярнуліся жыхары Шчучына і Шайбакоў. Так, абанентка-гараджанка нагадала, што жыхары дзевяціпавярховак па вуліцы 17 Верасня у чаканні добраўпарадкавання прыдамавой тэрыторыі. "Ваша пытанне ведаю. На працягу двух тыдняў у ваш двор прыйдуць будаўнікі", – запэўніў заяўніцу Сяргей Васільевіч Ложэчнік і даў адпаведнае даручэнне дырэктару РУП ЖКГ. А вось каб прыняць рашэнне па просьбах вяскоўца аб уцяпленні дома і аказанні сацыяльнай дапамогі, належыць вывучыць сітуацыю.
Ад'язджаючы з Жалудка, прыемна было бачыць, як папрыгажэў пасёлак. У гэтым заслуга і органаў ўлады, і арганізацый раёна, і мясцовай гаспадаркі, і людзей, якія тут жывуць. Такая зладжаная работа заўжды прыносіць плён і толькі вітаецца.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.