Пытанні ЖКГ пераважалі на "прамой лініі", якую правяла сёння намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Ганна Станіславаўна Хвядзюк
Усяго адбылося 9 зацікаўленых і карысных дыялогаў, прытым, актыўнасць у зносінах праявілі менавіта жыхары Шчучына.
Так, адна з гараджанак выказала занепакоенасць тым, што на могілках па вуліцы Цітова растуць некалькі старых сосен. На яе думку, такое суседства пагражае помнікам, узведзеным на месцах апошняга спачыну блізкіх людзей. Жанчына просіць знесці гэтыя дрэвы.
А вось жыхарка дома №32 па вуліцы Пушкіна хацела б даведацца, якім чынам здымаюцца паказанні з лічыльніка цяпла, устаноўленага ў шматпавярхоўцы. Маўляў, лічбы ў атрыманых “жыроўках” маюць тэндэнцыю да росту, хаця тэмпература ў кватэрах у зімовыя месяцы была не заўсёды камфортнай…
Жыхар дома №17 па вуліцы Астроўскага расказаў сваю гісторыю. Неяк здарылася праблема з ацяпленнем, а работнікі камунальнай службы, калі прыехалі ўхіліць няспраўнасць, не змаглі патрапіць у адзін з падвалаў. Памяшканне было зачынена на замок, а яго гаспадара чамусьці аказалася складана знайсці…
Яшчэ адзін званок нагадаў, з якім нецярпеннем чакаюць жыхары вуліцы Кірава асфальтавання праезнай часткі. Аўтамабілісты, абмінаючы няроўнасці, бяруцца бліжэй да платоў, расказаў мужчына, што патэлефанаваў на “прамую лінію”, і пырскі ляцяць ва ўсе бакі…
Аб гэтай праблеме кіраўніцтва раёна ведае, і гэты зварот знаходзіцца на кантролі, патлумачыла Г.С. Хвядзюк. Дарэчы, адпаведныя раённыя службы працуюць і над тым, як вырашыць дарожнае пытанне ў мікрараёнах прыватнай забудовы ля Плянтаў і на так званым “Полі цудаў”. У гэтым Ганна Станіславаўна запэўніла двух грамадзян, якія звярнуліся на “прамую лінію”.
Паклаўшы трубку пасля чарговага дыялогу, намеснік старшыні райвыканкама неаднойчы набірала нумар кіраўніцтва РУП ЖКГ і дыспетчарскай службы: высвятляла пэўныя нюансы агучаных заяўнікамі пытанняў, давала распараджэнні. І нагадвала, што неабходна максімальна ўважліва аднесціся да кожнай сітуацыі.
-- Зносіны з людзьмі – гэта вельмі важны складнік нашай работы. Мы працуем дзеля людзей. Заўжды стараюся пры магчымасці дапамагчы кожнаму чалавеку, які звяртаецца з жыццёвымі і грамадскімі праблемамі, -- адзначыла сваю службовую і чалавечую пазіцыю Ганна Станіславаўна.
Дарэчы, шчучынцы гэта цэняць. У пацвярджэнне – словы, сказаныя ў адрас намесніка старшыні райвыканкама адной з тэлефанаваўшых на “прамую лінію” гараджанак: “Мы ведаем Вас як добрага, нераўнадушнага і прыстойнага чалавека. Дзякуй Вам!”.
Разам з жыллёва-камунальнай тэматыкай уздымаліся і дарожныя пытанні. У прыватнасці, жыхар Гродна расказаў, з якімі цяжкасцямі дабіраўся да роднага дома ў вёсцы Багданаўцы. Справа ў тым, што адрэзак шляху (па мясцоваму – Багданаўскі дворык) моцна разбіты транспартам прадпрыемства з суседняга раёна, які вывозіў драўніну.
У перапынку паміж тэлефоннымі дыялогамі Г.С. Хвядзюк выслухала таксама жыхара Шчучына, які звярнуўся па пытанні працаўладкавання.
Усе ўзнятыя людзьмі пытанні будуць грунтоўна разгледжаны. Заяўнікі атрымаюць на свае звароты адказы.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.