Тузін матацыклаў з байкерамі і аўтобус энтузіястаў адправіліся 4 мая ў маладзёжны аўтапрабег па мясцінах мужнасці і славы
Па добрай традыцыі старт падарожжу быў дадзены ля помніка загінуўшым воінам у гарадскім скверы Шчучына. Сакратар райкама БРСМ Анастасія Цынгалёва сардэчна прывітала ўдзельнікаў аўтапрабегу, сярод якіх былі і ветэраны працы, прадстаўнікі райваенкамата, РАУС, усіх гарадскіх школ, працуючая моладзь, шчучынскія матацыклісты – члены мотаклубаў “Шалёныя секачы” і “Dеvоіd оf rіghts”.
Віншаванні з надыходзячым Днём Перамогі, кароткі экскурс у слаўную гісторыю тых вогненных гадоў і цёплыя словы на дарогу пачулі прысутныя з вуснаў старшыні раённага савета ветэранаў Э.С. Дзікевіча і кіраўніка справамі райвыканкама А.В. Шкіндзеравай.
– Гэты аўтапрабег – у гонар тых, хто змагаўся за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы, у памяць пра тых, хто не вярнуўся з поля бою і ў знак павагі і ўдзячнасці да ветэранаў працы, ветэранаў Узброеных Сіл і воінаў-інтэрнацыяналістаў, -- падкрэсліла ў сваёй прамове Алена Вайцехаўна.
Хвіліна маўчання… Ускладваюцца вянкі і кветкі да падножжа помніка. І ў добры шлях, энтузіясты! Святочная калона трымае накірунак на Ражанку. 12 “байкаў” узначальваюць матацыклы айчыннай вытворчасці – легендарныя “мінскачы”. Аўтобус упрыгожаны шарамі і плакатамі. Удзельнікаў аўтапрабегу добразычлівымі ўсмешкамі вітаюць людзі, салідарна сігналяць вадзіцелі. Адчуваецца атмасфера свята, мая і трыумфальнай вясны.
У цэнтры аграгарадка Ражанка ўдзельнікаў аўтапрабегу ўжо чакаюць вучні і настаўнікі мясцовай школы. Да мітынгу ля помніка землякам далучаемся і мы, шчучынцы. Актывіст раённай ветэранскай арганізацыі М.І. Майко жадае ўсім мірнага неба, нагадвае пра абавязак захаваць памяць аб героях Вялікай Айчыннай і праз вякі пранесці праўду аб мінулай вайне.
Наступная кропка на карце раёна для ўдзельнікаў мабільнай акцыі памяці – гарадскі пасёлак Жалудок. Тут, на ўскраіне мястэчка, дзе маладой лістотай шапочуць бярозы, узвышаецца абеліск вязням гета. Менавіта на гэтым месцы 9 мая 1942 года фашысты і іх прыхвасні па-зверску расправіліся з мірнымі людзьмі.
– У той дзень былі расстраляны больш за 2 тысячы яўрэяў – жыхароў Жалудка і Орлі. Вось чаму Дзень Перамогі для нас, жалудчан, свята і радаснае, і вельмі самотнае адначасова, -- зазначае старшыня Жалудоцкага сельвыканкама Г.І. Цывінскі.
Вучні мясцовай школы падрыхтавалі кранаючую душу інсцэніроўку, якая нібы акунула ўсіх у тыя трагічныя падзеі. “Праз гады, праз вякі – помніце!” – рэфрэнам гучалі словы вядучых.
Тут, на мітынгу, лідар моладзі раёна А.А. Цынгалёва і ветэран працы М.І. Майко ўручылі рабятам членскія білеты БРСМ. Павіншаваў сабраўшыхся з надыходзячым Днём Перамогі ўдзельнік аўтапрабегу, ветэран працы В.С. Жукоўскі.
У цэнтры гарадскога пасёлка, ля помніка Герою Савецкага Саюза Пятру Батыраву, аўтапрабежцаў таксама чакалі прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, юныя жыхары Жалудка, каб усім разам ушанаваць памяць пра тых, хто гераічна абараняў нашу Айчыну і змагаўся за сённяшні мірны дзень.
Дырэктар Жалудоцкай СШ імя Валерыя Урублеўскага У.А. Васількевіч запрасіў гасцей і ўсіх жадаючых наведаць школьны музей, дзе цікава расказаў пра матэрыялы новых экспазіцый, што прысвечаны 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-гадоваму юбілею Гродзенскай вобласці.
А выкладчыца гісторыі і захавальніца музея І.Т. Шандроха разам з вучнямі правяла надзвычай цікавую экскурсію па этнаграфічнай частцы музея.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.