Пра прынцэсу з Турыйску і залатую карэту або Турэйск – вёска з гісторыяй

Мы працягваем цікавыя вандроўкі па вёсках і вёсачках нашай Шчучыншчыны. На гэты раз шляхі-дарогі завялі ў вёску Турэйск Орлеўскага сельсавета. Заглянуць у гэтыя цікавыя мясціны нам параіў старшыня Орлеўскага сельвыканкама А. Г. Шэршань. 
– Там і вяскоўцы – людзі добрыя, працавітыя, жывуць у згодзе, і пра Турэйск шмат цікавага раскажуць, – абгрунтаваў свой выбар Андрэй Георгіевіч. І прапанаваў запісаць нумар тэлефона карэннай жыхаркі Турэйска Ніны Ігнацьеўны Тарас. 

Ніна Ігнацьеўна аказалася жанчынай прыемнай і камунікабельнай. У некалькіх словах я патлумачыла мэту свайго візіту, і мы дамовіліся аб сустрэчы. У прызначаны дзень у доме маёй новай знаёмай сабраліся вяскоўцы, для якіх іх малая радзіма так і засталася адзінай на ўсё жыццё: тут яны нарадзіліся, тут і спатрэбіліся. Шчыра прызнацца, я з нейкім асаблівым душэўным спакоем правяла некалькі гадзін, пакуль слухала расказы гэтых людзей, задавала ім пытанні, штосьці ўдакладняла. Такі экскурс у мінулае, як аказалася, быў патрэбны і ім. 


Няма мілей старонкі роднай
Ніна Ігнацьеўна Тарас і нарадзілася, і вырасла, і замуж пайшла ў Турэйску. З’явілася яна на свет якраз у вайну, у 1942 годзе. У сям’і дзяўчынка была сярэдняя, расла разам з двума братамі. Родная хата згарэла, але бацькі на тым самым надворку паставілі новую, там і жылі. А калі замуж выйшла, у пушчы за Неманам купілі з мужам сваю хатку, і перавезлі яе ў Турэйск: нікуды не хацелі маладыя ехаць са сваёй малой радзімы. 
– Добра помню сваю маладосць, – успамінае Ніна Ігнацьеўна. Весела нам у вёсцы жылося, нягледзячы на тое, што шмат і цяжка працавалі. Кожны вечар на сутункі бегалі адны да адных. Хлопцаў і дзяўчат было многа: у кожнай сям’і па трое-чацвёра дзяцей, а двароў-та пад восемдзесят! Наш Турэйск тады “кітайшчынай” называлі: як выберуцца ўсе дзеці ў школу ісці – дарогі ні знаць! А на Ражство мы гадалі. Яшчэ цяпер у мяне захоўваецца такая апалушка, выразаная з дрэва, у якую складвалі грабяні і апалалі. Чый грэбень першы выскачыць, тая першаю замуж і пойдзе. А бывала, напячом аладкаў і паклічам сабаку. Чыю першую з’есць, значыць, тая хутчэй сабе мужа і знойдзе. Толькі здаралася сабака аладку не еў, а закопваў… Гэты была вельмі нядобрая прыкмета. 
– Няўжо спраўдзіліся тыя гаданні? – не магла я стрымацца, каб не запытаць. 
– Канечне! – пацвердзіла Ніна Ігнацьеўна. – А як танцаваць любілі! Збяромся разам у каго ў хаце, папросім пайграць мясцовага музыканта, назбіраем яму тры рублі і танцуем. Дзяўчаты хлопцаў вучылі. І з мужам сваім я дзякуючы танцам сустракацца пачала. Хлопцы з іншых вёсак да нас прыходзілі, а яшчэ і тыя, што на катэрах па Нёмані хадзілі. Ой, як весела было! А яшчэ любілі з кудзелямі збірацца на вячоркі, пралі хто воўну, хто лён, хто пакулю.
Вёсачка Турэйск размясцілася побач з самым Нёманам. Помніць Ніна Ігнацьеўна тыя часы, калі гэтая рака была чыстая, не зарослая кустамі і лазою. Мужчыны рыбачылі, блага, рыбы тады вадзілася багата. Яны майстравалі спецыяльныя прылады: на шнуры чаплялі кручкі з “уграўкамі” і пакідалі на ноч у рэчцы, а раніцай даставалі ўлоў. Катэры па Нёмані хадзілі. Часцяком да берага ў Турэйску, нібы карабель, прыставала вялікая “водная аўталаўка”, на якой прывозілі прадукты для тых, хто працаваў на катэрах. Мясцовыя жыхары таксама набывалі там і макароны, і муку, і іншыя прадукты. 
– За Нёманам у тыя часы нават чалавек спецыяльны даглядаў, – гаворыць Ніна Ігнацьеўна. – Дзе глыбей на рацэ – устанаўліваў меткі з флажкамі, каб катэр ішоў у правільным накірунку і не натрапіў на мель. 


Працяг чытайце ў свежым нумары газеты за 14 красавіка (№29)
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара і Ганны ВІЛЕНЦЭВІЧ. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!