115 гадоў служэння людзям. У Шчучыне адзначылі 115-годдзе ўтварэння прафсаюзнага руху Беларусі
Год 2019-ы адзначаны датай - 115-годдзем утварэння прафсаюзнага руху Беларусі. З гэтай нагоды ў Шчучыне прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы.
У раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбыўся ўрачысты сход. У глядзельнай зале сабраліся прадстаўнікі пярвічных прафсаюзных арганізацый, сацыяльныя партнёры - кіраўнікі суб'ектаў гаспадарання раёна, ветэраны прафсаюзнага руху. Раздзялілі свята са шчучынцамі старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк, намеснік старшыні райвыканкама А.В. Пасюта, Ганаровыя грамадзяне горада Шчучына В.І. Казяк і Э.С. Дзікевіч, былыя кіраўнікі Шчучынскага раёна І.Ю. Сакалоўскі і А.П. Васько.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства, старшыня раённага аб'яднання прафсаюзаў Ю.Т. Пашук адзначыў, што 115 гадоў - вялікі этап часу, за які ў жыцці нашай краіны і, уласна, прафсаюзаў змянілася вельмі многае. Нязменным засталося толькі адно - галоўная задача нашай шматлікай арганізацыі: абарона правоў і інтарэсаў работнікаў. Прафсаюзная праца - гэта праца для людзей і сярод людзей, дзеля іх дабра, абарона іх правоў і надзённых інтарэсаў працоўных і сацыяльна-эканамічных. І гэта да шмат чаго абавязвае, шмат патрабуе ад тых, хто ёю займаецца, так было заўсёды.
Юрый Тадэвушавіч выказаў удзячнасць усім прафсаюзным актывістам, якія сумленна выконваюць свой доўг, прынцыпова адстойваюць інтарэсы работнікаў, захавалі адданасць прафсаюзнаму руху.
Са 115-годдзем прафсаюзнага руху Беларусі ўдзельнікаў урачыстага мерапрыемства павіншавала старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк. Ганна Станіславаўна падкрэсліла, што прафсаюзы - гэта аўтарытэтная арганізацыя, якая дынамічна развіваецца, дзе багаты вопыт, назапашаны за многія дзесяцігоддзі, гарманічна спалучаецца з творчым падыходам да справы, і ў гэтым вялікая заслуга прафсаюзных работнікаў і актывістаў - людзей неабыякавых, мэтанакіраваных, з ярка выяўленай грамадзянскай пазіцыяй. Няма ніводнай значнай падзеі ў жыцці члена працоўнага калектыву, у якім бы прафсаюз не прымаў актыўны ўдзел.
Падзякаваўшы ўсім прысутным за працу, Ганна Станіславаўна ўручыла Ганаровую грамату Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Ю.Т. Пашуку. Ганаровымі граматамі і Падзячнымі пісьмамі райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў таксама ўзнагароджаны дырэктар Шчучынскага лясгаса М.В. Сушчэўскі, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ "Васілішкі" В.І. Бакун, дырэктар ААТ «Дэмбрава» А.В. Туля і галоўны спецыяліст аддзела дзяржаўнай службы занятасці ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама, казначэй Шчучынскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў А.В. Агароднікава.
Цырымонію ўзнагароджвання прадоўжыў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ю.Т. Пашук. За шматгадовую добрасумленную працу, актыўную дзейнасць па абароне працоўных і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў членаў прафсаюза Ганаровымі Граматамі прэзідыума Савета Шчучынскага раённага аб'яднання прафсаюзаў былі ўзнагароджаны многія прафсаюзныя актывісты і ветэраны прафсаюзнага руху.
З юбілеем удзельнікаў урачыстага мерапрыемства павіншавалі і ўручылі заслужаныя ўзнагароды старшыня Шчучынскай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Генрых Феліксавіч Шандроха і старшыня Шчучынскай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Галіна Вацлаваўна Вашчыла.
Кульмінацыяй свята стала ўшанаванне працоўных дынастый Шчучыншчыны. Выдатным дадаткам мерапрыемства стаў канцэрт артыстаў раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і палаца творчасці дзяцей і моладзі.
Сяргей КАСПЯРЧУК.
Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.