У Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 15 юнакоў і дзяўчат Шчучыншчыны атрымалі пашпарты
Штогод у рамках рэспубліканскай акцыі БРСМ “Мы – грамадзяне Беларусі!” самыя актыўныя і ініцыятыўныя юнакі і дзяўчаты па добрай традыцыі збіраюцца разам, каб атрымаць галоўны ў жыцці дакумент – пашпарт. Вось і сёння ў Палацы творчасці дзяцей і моладзі ладзілася сапраўднае свята.
Падтрымаць моладзь прыйшлі настаўнікі і старэйшыя сябры, прадстаўнікі мясцовай улады і старшыні грамадскіх аб’яднанняў. Пашпарт сімвалізуе пачатак новага этапу самастойнага жыцця. Пройдзе час, і сённяшнія юнакі і дзяўчаты будуць прымаць важныя рашэнні ў гісторыі нашага рэгіёна і краіны, стаяць на варце дзяржаўных інтарэсаў, ствараць будучыню. А сёння -- урачысты момант: галоўны дакумент – пашпарт – юныя грамадзяне атрымалі з рук старшыні Шчучынскага райвыканкама С.В. Ложэчніка. Цудоўным падарункам сталі кнігі “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.
З уступленнем у дарослае жыццё таленавітых і адораных школьнікаў, выдатнікаў вучобы, пераможцаў і прызёраў рэспубліканскіх спаборніцтваў, алімпіяд, удзельнікаў навукова-практычных канферэнцый павіншавалі першы сакратар РК БРСМ Анастасія Цынгалёва, начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС Н.М. Касцюкевіч і іншыя.
У Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь рады ГА “БРСМ” папоўнілі 25 актывістаў. Моладзевыя білеты юнакам і дзяўчатам уручылі старшыня раённага савета ветэранаў Э.С. Дзікевіч і ветэран працы Г.А. Бялко.
Адметна, што ў гэты дзень сакратар раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі А.Р. Шпакоўская ўручыла актывістам арганізацыі медалі “100 гадоў Камуністычнай партыі Беларусі і Беларускай ССР”.
Фінальным акордам свята сталі музычныя нумары ў выкананні выхаванцаў Палаца творчасці дзяцей і моладзі.
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.