Жыхарка аграгарадка Каменка Вольга Аляхновіч удастоена ордэна Маці!
Гэта высокая ўзнагарода ўручаецца жанчынам, якія нарадзілі і выхавалі пяцёра і больш дзяцей.
З добрай нагоды шматдзетную маці В.Б. Аляхновіч павіншавалі кіраўнік спраў – начальнік кіраўніцтва справамі райвыканкама А.В. Шкіндзерава, дырэктар ТЦСАН, старшыня раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” С.У. Шанчук, старшыня Шчучынскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Г.В. Вашчыла, старшыня Каменскага сельвыканкама С.А. Панас, дырэктар навучальна-педагагічнага комплексу Каменскі дз/с-СШ В.Л. Розмысл і іншыя.
Вольга Баляславаўна Аляхновіч расчулілася ад такой увагі. Сціплая, прыгожая, працавітая… Яна пяшчотна прытуляла да сябе самага малодшага з дзяцей – Аляксея і шчыра вітала гасцей. Вольга Баляславаўна прызналася, што ніколі не думала, што будзе шматдзетнай маці і атрымае ордэн. Не дзеля ўзнагароды выхоўвае яна шасцярых дзетак. Наша гераіня лічыць сябе шчаслівай жанчынай.
Сама яна нарадзілася і вырасла ў Каменцы і нават не думала здраджваць малой радзіме. З дзецьмі Вольга Баляславаўна заўсёды ладзіла. Пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы пачынала свой працоўны шлях настаўніцай пачатковых класаў у Барташскай пачатковай школе. У хуткім часе перавялася ў Каменскі дз/с-СШ. Калегі гавораць, што за час працоўнай дзейнасці жанчына зарэкамендавала сябе з лепшага боку. Да таго ж, настаўніца прымала актыўны ўдзел у рабоце метадычных аб’яднанняў настаўнікаў пачатковых класаў, класных кіраўнікоў, праводзіла адкрытыя ўрокі і пазакласныя мерапрыемствы ў ходзе падрыхтоўкі да педсаветаў, пасяджэнняў метадычных аб’яднанняў, семінараў, удзельнічала ў правядзенні прадметных тыдняў.
На малой радзіме сустрэла Вольга Баляславаўна і свайго суджанага – аднавяскоўца Антона Станіслававіча Аляхновіча. Мужчына працуе механізатарам у СВУ “Пратасаўшчына”. Вось ужо 23 гады Аляхновічы шчаслівыя разам і ў любові выхоўваюць шасцярых дзяцей. Кожны з іх таленавіты па-свойму. Кацярына – трэцякурсніца факультэта тэхналогій арганічных рэчываў Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Дзяўчына ў свой час з залатым медалём скончыла школу. Не адстаюць у паспяховасці ад сястры дзесяцікласнік Дзяніс і чацвёртакласнік Аляксандр. Хлопцы захапляюцца футболам, прымаюць актыўны ўдзел у спартыўным жыцці школы, неаднаразова станавіліся прызёрамі раённых, абласных і рэспубліканскіх спартыўных спаборніцтваў. Як пацвярджэнне – з дзясятак медалёў, якія красуюцца на сцяне ў пакойчыку. А вось малодшыя – трохгадовы Іван, двухгадовы Сяргей і сямімесячны Аляксей – пакуль бесклапотна напаўняюць дом Аляхновічаў гучным і радасным дзіцячым смехам.
Бацькі ва ўсім з’яўляюцца дастойным прыкладам і аўтарытэтам для сваіх дзяцей. У сям’і вялікая гаспадарка, зямельны ўчастак, таму да працы сыны і дачка прывучаны з маленства. У вольны час Аляхновічы любяць рыбачыць, а восенню абавязкова ходзяць па грыбы.
На пытанне, ці цяжка быць шматдзетнай мамай, Вольга Баляславаўна Аляхновіч усміхаецца, маўляў, нават мамай аднаго дзіцяці быць цяжка.
Аднак на сямейныя клопаты і быт жанчына не скардзіцца. Прадуктамі харчавання забяспечвае хатняя гаспадарка, а малаком – мясцовая. Ні фінансавыя затраты, ні гатоўка ежы, ні ўборка, ні мыццё бялізны не з’яўляюцца цяжкім іспытам.
– Старэйшыя дзеці дапамагаюць даглядаць малодшых, – распавядае пра сямейны быт Вольга Баляславаўна. – А яшчэ ва ўсім дапамагае мама – Ірына Барысаўна. Вопыту ў выхаванні ўнукаў ёй не займаць. Мама раней працавала настаўніцай. Што да ўзнагароды, дык на ордэн я не разлічвала, мы людзі сціплыя, аднак такая ўвага вельмі прыемная, – прызнаецца Вольга Баляславаўна.
Усім жанчынам шматдзетная маці пажадала здароўя і… не спыняцца на дасягнутым! Вольга Баляславаўна Аляхновіч ні на хвіліну не шкадуе, што стала шматдзетнай маці. Яно і зразумела, няма большага шчасця, чым мацярынства.
Дарэчы, ордэн Маці на ўрачыстым прыёме, які нядаўна прайшоў у аблвыканкаме, атрымала яшчэ адна наша зямлячка – аператар МТФ “Каменка” СВУ “Пратасаўшчына” Анастасія Мазан, якая выхоўвае пецярых дзяцей. Увогуле ордэнам Маці з 2005 года ўзнагароджаны 44 жыхаркі Шчучыншчыны.
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.