Лепшым жывёлаводам – заслужаныя ўзнагароды

Намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Вольга Анатольеўна Наройчык разам са старшынёй раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Генрыхам Феліксавічам Шандрохам заехалі ў ААТ “Агра-ГЖС”, каб у рамках акцыі “Наш жывёлавод” уручыць перадавым работнікам заслужаныя ўзнагароды.

На малочнатаварнай ферме “Астрына-343” Пісьмамі-падзякамі і грашовымі прэміямі прафсаюза работнікаў АПК былі адзначаны тэхнік-асемянатар Галіна Іванаўна Козіч і жывёлавод па доглядзе маладняку Людміла Аркадзьеўна Селівёрстава.
– Ваша прафесія няпростая і вельмі важная, – падкрэсліў Генрых Феліксавіч Шандроха. – Сваёй добрасумленнай працай і неабыякавасцю вы заслужылі павагу не толькі ў калектыве, але і ў раёне. Мы па-сапраўднаму ганарымся вамі як прафесіяналамі з вялікай літары!
Жанчыны былі расчулены цёплымі словамі, пачутымі ў свой адрас.
– Разам з мужам Уладзімірам Віктаравічам, які таксама працуе жывёлаводам на гэтай ферме, мы даглядаем 300 цялят рознага ўзросту, – зазначае жывёлавод па доглядзе маладняку Людміла Аркадзьеўна Селівёрстава. – Першыя два месяцы свайго жыцця бычкі і цялушкі ўтрымліваюцца ў індывідуальных доміках, дзе выпойваюцца цэльным пастэрызаваным малаком, якое награваем да 39 градусаў. Затым пераводзім жывёлу ў групавыя домікі, а яшчэ праз месяц – у агульнае памяшканне. Каб маладняк хутка рос, кормім яго якасным камбікормам з усімі неабходнымі дабаўкамі. Здараецца, цяляткі хварэюць, аднак мы своечасова выяўляем такіх асобін і пачынаем лячыць. Вельмі прыемна, што нашу нялёгкую працу цэняць і заўважаюць – гэта найлепшая ўзнагарода!
На малочнатаварнай ферме “Астрына-777” Пісьмы-падзякі і грашовыя прэміі прафсаюза работнікаў АПК былі ўручаны адразу чатыром жывёлаводам – Наталлі Аляксандраўне Купрыян, Але Міхайлаўне Бузук, Наталлі Валянцінаўне Янковіч і Наталлі Аляксандраўне Няцецкай. На МТФ “Грамкі” ўзнагарод удастоіліся тэхнік па штучным асемяненні Аксана Іванаўна Тракала, а таксама слесары па рамонце і абслугоўванні даільных установак Міхаіл Уладзіміравіч Рагіневіч і Уладзімір Уладзіслававіч Жук.
У бліжэйшы час прафсаюзны лідар аграрыяў раёна Генрых Феліксавіч Шандроха заедзе і ў іншыя гаспадаркі Шчучыншчыны, каб адзначыць лепшых жывёлаводаў.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!