Паездка на Прэзідэнцкую ёлку – выдатны навагодні падарунак

Школьнікі са Шчучынскага раёна ў складзе дэлегацыі ад Гродзенскай вобласці пабывалі ў Палацы Рэспублікі на Галоўнай ёлцы краіны і сустрэліся з Прэзідэнтам Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам. Эмоцыі перапаўнялі юных удзельнікаў урачыстасці. Сваімі ўражаннямі яны падзяліліся адразу пасля паездкі.
Лізавета Яўтушык, вучаніца 7 “А” класа СШ №2 г. Шчучына:
– Паездка мне вельмі спадабалася. Асабліва здорава было сустрэцца з Прэзідэнтам нашай краіны А.Р. Лукашэнкам, які прыняў удзел у дабрачынным свяце. Ён гаварыў аб тым, што для яго няма нічога найважнейшага, чым наша мірнае і шчаслівае дзяцінства. А затым мы паглядзелі цудоўнае музычнае прадстаўленне і атрымалі падарункі ад імя Прэзідэнта. 
Вельмі цікава было пабываць у цырку. Увогуле гэта двухдзённае невялічкае падарожжа стала сапраўдным пераднавагоднім сюрпрызам і запоўніцца надоўга цікавымі сустрэчамі і яркімі эмоцыямі.


Аляксей Рымко, вучань 9 класа Орлеўскага дз/с-СШ:
– Я вельмі рады, што мне пашчасціла трапіць на рэспубліканскую ёлку. Там я як капітан прадстаўляў усю нашу хакейную каманду, якая ўжо двойчы стала чэмпіёнам рэспублікі. Спадабалася ўсё, асабліва цыркавое прадстаўленне. Абавязкова раскажу рабятам пра гэту паездку.


Паліна Будзіловіч, вучаніца 4 “А” класа СШ №2 г. Шчучына:
– У Палацы Рэспублікі я пабывала ўпершыню. Там вельмі прыгожа. Мяне ўразіла прадстаўленне. Яго сюжэт заключаўся ў тым, што хворая мама дзяўчынкі паправілася і дабро ў чарговы раз перамагло зло. Я яго паглядзела з задавальненнем. На памяць пра гэта цудоўнае падарожжа нам застануцца прыгожыя сумачкі і штотыднёвік.


Арына Асанава, вучаніца 6 “Б” класа гімназіі:
– А я ў захапленні ад цыркавога прадстаўлення, таму што вельмі люблю жывёлін! А там выступалі такія мілыя сабачкі! Уразілі гімнасты, якія выконвалі розныя складаныя трукі. А яшчэ я пазнаёмілася з многімі рабятамі і знайшла новых сяброў. Вельмі спадабаўся начны Мінск: горад цудоўна ўпрыгожаны да навагодніх свят. 
Ганна РУДСКАЯ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!