Дзядуля Мароз “прапісаўся” ў Шчуках
Кожнаму даросламу хоць раз у жыцці даводзілася адказваць на “сур’ёзнае” дзіцячае пытанне: “Дзе жыве Дзядуля Мароз?”. Пошукі праўды ў большасці выпадкаў даводзілі да Белавежскай пушчы і рэзідэнцыі галоўнага казачнага героя. Сёлета ў шчучынцаў з’явілася альтэрнатыва!
Рознакаляровыя гірлянды, святочная ёлка, казачны домік і вясёлыя навагоднія персанажы адразу акунулі хлопчыкаў і дзяўчынак у сапраўдную казку. Прадстаўленне для юных сяброў падрыхтавалі выхаванцы тэатральнай студыі “Обыкновенное чудо” Астрынскага дома культуры і тэатральнай творчасці разам са сваім мастацкім кіраўніком.
Вучні 4-ых класаў СШ №2 г. Шчучына былі ў захапленні ад цёплай сустрэчы. Яны з задавальненнем гукалі Дзядулю Мароза і Снягурку, расказвалі ім свае самыя запаветныя мары, рабілі сэлфі, “асвойвалі” венік Бабы Ягі, удзельнічалі ў разнастайных конкурсах і вадзілі карагоды вакол лясной прыгажуні.
А як узрадавалася дзятва, калі даведалася, што можна пакатацца ў санках па заснежаным полі! Коні паслухмяна чакалі сваіх ездакоў, і як толькі апошні з іх уладкаваўся ў санках – рванулі па мяккай зімняй коўдры да лесу. Пасля паездкі хлопчыкі і дзяўчынкі наперабой расказвалі, што катацца ў вялізных санках – сапраўднае задавальненне, і нават мароз, які так і наравіў укусіць іх за ружовыя шчочкі, падаўся дробяззю.
Пасля зімовых забаў дзетак чакаў чай са смачнымі блінамі і наведванне гадавальніка, які размяшчаецца акурат на тэрыторыі “Каменскага”.
– Ідэя стварыць рэзідэнцыю Дзеда Мароза на тэрыторыі гаспадаркі належыць раённаму кіраўніцтву. Мы яе з задавальненнем падтрымалі, – расказвае кіраўнік паляўніча-рыбалоўнай гаспадаркі “Каменскае” Дзмітрый Віктаравіч Розмыслаў. – Такая форма працы з дзецьмі – наша першая спроба. Працуем у суполцы з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Кошт уваходнага білета сімвалічны – 5 рублёў без падарунка, 10 рублёў з падарункам. Па ўсім бачна, дзецям падабаецца ў нас гасціць, і гэта галоўнае. На бліжэйшыя дні запланавана сустрэча яшчэ некалькіх груп школьнікаў. На наступны год плануем парадаваць хлопчыкаў і дзяўчынак новымі прыемнымі навагоднімі сюрпрызамі.
Пабываць у гасцях у Дзядулі Мароза можа кожны! З графікам працы рэзідэнцыі можна пазнаёміцца на старонках нашай газеты.
Падарыце сваім дзецям казку! Іх шчаслівыя ўсмешкі не прымусяць доўга сябе чакаць.
Ганна КАСПЕР. Фота аўтара.