Алея пераможцаў з'явілася побач з фестывальнай пляцоўкай у Жалудку
Адзінаццаты фестываль кветак у Жалудку пакідае пасля сябе добрую памяць: усе пераможцы ў розных намінацыях, а таксама прадстаўнікі ўлады сабраліся разам, каб пасадзіць сімвалічную алею з туй побач са святочнай пляцоўкай.
Не абышлося і без яшчэ аднаго прыемнага моманту – дыпломы і грашовыя прызы знайшлі сваіх уладальнікаў. Падводзілі вынікі фестывалю намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пасюта і старшыня Жалудоцкага сельвыканкама Генадзь Іванавіч Цывінскі.
– У гэтым годзе мы вырашылі выявіць таго, хто атрымаў найбольшую колькасць перамог ва ўсіх намінацыях, – распавёў Г.І. Цывінскі. – Абсалютнае першае месца па праве дасталася калектыву філіяла “Жалудоцкі агракомплекс”. У суме ўсіх конкурсаў іх творчыя работы набралі дзевяноста балаў.
У хуткім часе будзе распрацавана новая канцэпцыя адзінага ў нашай рэспубліцы фестывалю кветак. Плануецца наблізіць яго да галандскага Кёкенхофа, але з беларускім нацыянальным каларытам.
– На перспектыву трэба прадумаць, як высадзіць на фестывальнай пляцоўцы тыя кветкі, якія найбольш адпавядаюць нашаму беларускаму стылю, – адзначыла Алена Васільеўна. – Гэта рамонкі, васількі, званочкі. Канешне, належыць далучыць тых людзей, якія прафесіянальна займаюцца вырошчваннем раслін. Яны будуць уключацца ў распрацоўку дызайну пасадак, у тым ліку і сваіх кветак, а потым прадаваць падчас фестывалю насенне, клубні, саджанцы. Па-ранейшаму ўпрыгожваць святочную пляцоўку сваімі кветкавымі кампазіцыямі будуць і яго ўдзельнікі.
Такая ідэя атрымала падтрымку амаль ва ўсіх удзельнікаў фестывалю. Ажыццявіць гэтае бачанне і новы фармат свята кветак паспрабуюць ужо ў наступным годзе.
Юлія ЦІМАШЧУК.
Фота аўтара.