Амаль паўсотні школьнікаў – члены студатрадаў СШ №3 г. Шчучына, Скрыбаўскага дз/с-СШ і Мажэйкаўскага дз/с-БШ – дапамагаюць аграрыям КСУП “Саўгас “Вялікае Мажэйкава”
Адшукаць на мажэйкаўскіх палях студатрадаўцаў, занятых у гаспадарцы на ўборцы бульбы, мы самі не рызыкнулі і звярнуліся па дапамогу да галоўнага агранома Генадзія Міхайлавіча Каляды. Ён адразу згадзіўся стаць нашым гідам, а заадно і расказаў, чаму мясцовыя аграрыі ўжо вырашылі прыступіць да ўборкі другога хлеба.
– Другі год запар мы пачынаем капаць бульбу з сярэдзіны жніўня, – гаворыць Генадзій Міхайлавіч. – Убіраецца ранні сорт “Уладар”, вегетацыя якога завяршылася. Буйную бульбу пакідаць на захоўванне не будзем, а адразу пачнём рэалізоўваць па меры паступлення заявак. Дробная ж пойдзе на перапрацоўку. Увогуле сёлета ў гаспадарцы пасаджана 140 га другога хлеба. Школьнікі працуюць на полі, якое займае 36 гектараў. Рабяты дапамагаюць нам не першы сезон. Вырашчаны ўраджай плануем убіраць сваімі сіламі – капаць бульбу будуць работнікі гаспадаркі і бульбаўборачная тэхніка, а таксама з дапамогай работнікаў, накіраваных цэнтрам занятасці.
А пакуль на палях – толькі школьнікі. Студэнцкі атрад СШ №3 г. Шчучына “Дружны”, камандзір якога настаўніца англійскай мовы Вікторыя Іванаўна Далгоўская, будзе працаваць у гаспадарцы дванаццаць дзён.
– Рабяты стараюцца збіраць вырашчаны ўраджай якасна і хутка, – гаворыць Вікторыя Іванаўна. – Яны сюды прыйшлі не проста бавіць час, а маюць намер атрымаць нядрэнную зарплату. Трэба сказаць, што наша работа арганізавана належным чынам і прастойваць без справы не прыходзіцца: заўсёды разараны барозны, своечасова прыязджае тэхніка. На полі мы з самага ранку і працуем па чатыры з паловай гадзіны.
Маргарыта Пятрова ў студэнцкім атрадзе не першы раз, таму вопыт работы на полі ў яе ёсць. Летась разам з іншымі рабятамі яна была занята на праполцы буракоў, а сёлета ўжо паспела ў першым летнім месяцы папрацаваць на праполцы морквы.
– Мы працуем вельмі дружна, – гаворыць Маргарыта. – Тут у мяне многа сяброў, ёсць і аднакласнікі. Сумесная работа заўсёды аб’ядноўвае. Запісацца ў студатрад я рашыла не проста так, хачу купіць сабе тэлефон. Калі маёй зарплаты не хопіць, мама абяцала дапамагчы.
Намеснік загадчыка ўчастка Валянцін Браніслававіч Сакалоўскі работай юных памочнікаў задаволены. Увесь час ён знаходзіцца на полі, сочыць за тэхнікай бяспекі і кантралюе ўвесь працэс.
– За дзень дзеці накопваюць больш за 15 тон бульбы, – гаворыць Валянцін Браніслававіч. – Працаваць яны ўмеюць. Перад пачаткам работы правялі інструктаж, нагадалі ім правілы бяспекі, таму ніякіх пытанняў да юных аграрыяў не ўзнікае.
Вольга Аляксандраўна Озем – настаўніца пачатковых класаў і біялогіі Мажэйкаўскага дз/с-БШ, і Таццяна Уладзіміраўна Валюк – настаўніца замежнай мовы Скрыбаўскага дз/с-СШ, працуюць разам са сваімі выхаванцамі. Дзесяць школьнікаў з В.Мажэйкава і васямнаццаць са Скрыбаўцаў, аб’яднаўшыся ў атрад ”Юнацтва”, вырашылі дапамагчы гаспадарцы, а таксама зарабіць уласны рубель.
Выпускніца Мажэйкаўскай школы Анастасія Шанчук на полі – у перадавіках. Сёлета дзяўчынка закончыла дзевяць класаў і паступіла ў Лідскі каледж – плануе атрымаць спецыяльнасць выхавацеля дзіцячага садка.
– У студэнцкім атрадзе я ўпершыню, – гаворыць Насця. – Сваю зарплату аддам маме, каб дапамагчы ёй набыць мне ўсё неабходнае для вучобы.
А вось для Руслана Роўбуця праца ў студатрадзе – магчымасць выдатна і з карысцю бавіць час. Ён перайшоў у адзінаццаты клас, і гэта лета для яго апошняе перад паступленнем. Па ўсім відаць, Руслан работы не баіцца. Як у мінулым годзе ён двойчы за лета – у лагеры працы і адпачынку і ў студэнцкім атрадзе – працаваў ў гаспадарцы, так і сёлета.
…Па полі то ў адзін, то ў другі бок снавала бульбакапалка. Школьнікі хутка рухаліся, падбіраючы бульбу ў барознах. Вадзіцелі самазвалаў толькі паспявалі пад’язджаць за імі… Дапамога рабят вельмі дарэчы – вырашчаны нядрэнны ўраджай бульбы важна своечасова сабраць, каб не страціць ніводнага клубня.
Ганна РУДСКАЯ. Фота аўтара.