Камунальнае ноу-хау: лазня на колах гатова ў дарогу

Сталяр-станочнік Уладзімір Міхайлавіч Галубіч і сталяр Аляксей Васільевіч Шчарбацюк – майстры адмысловыя. Менавіта ім кіраўніцтва раённага ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі даручыла пабудаваць... лазню на колах. Работнікі пакумекалі самі, параіліся з майстрам Ігарам Сяргеевічам Васілеўскім. Дарэчы, гэты спецыяліст быў мазгавым цэнтрам рабочага працэсу, у прыватнасці, зрабіў неабходныя разлікі па вазе аб'екта і матэрыялах. Крыху пазней падключыліся майстры, якія адказвалі за электрыку і сантэхніку. Так разам і стваралі камунальнае ноу-хау. Трэба сказаць, яго варта ўбачыць і, канешне, апрабаваць.

– За аснову ўзялі лодачны прычэп грузападымальнасцю паўтары тоны. Для ўнутранага аздаблення выкарысталі матэрыялы з лісцевых парод дрэў, – распавядае Уладзімір Міхайлавіч Галубіч. "Экалагічна чысты аб'ект атрымаўся", – дадае яго калега.

І сапраўды, унутры лазні і цяпер пах, быццам ты на лясной паляне.

Майстры распавядаюць, як вялося будаўніцтва. Сумесная работа заняла каля месяца. Спачатку зрабілі пляцоўку-платформу, а потым і сам фургон. Пасля ўнутраных работ заняліся знешняй аддзелкай. На месцы і апрабавалі, так бы мовіць, аб'ект лазневага абслугоўвання, усміхаюцца мужчыны. "У мяне самога на дачы лазня ёсць. Гэта, скажу я вам, не горшая!" – запэўнівае У.М. Галубіч.

 Атрымалася знешне яркая і прывабная лазня-дамок. І ўнутры камфортна. На невялікіх плошчах размясціліся тры памяшканні: раздзявалка, душавая з праточным воданагравальнікам і парылка – каб наведвальнікі мелі магчымасць выбару. Адначасова тут могуць памыцца 5 чалавек.

 

Прынцып работы лазні на колах такі. Прыехаўшы на месца, а фургон будзе перамяшчацца з дапамогай УАЗіка, камунальнікі прыпаркуюцца паблізу кацельні, дзе ёсць крыніцы водазабеспячэння, электраэнергіі і сістэма каналізацыі. Для падключэння прадугледжаны адпаведныя ячэйкі – пад днішчам і з тыльнага боку. Тут жа знаходзіцца і невялікая топка на дрывах для награвання парылкі.

 А ідэя будаўніцтва мабільнай лазні сыходзіла ад дырэктара РУП ЖКГ Андрэя Валер'евіча Шкіндзерава. Вось што ён расказаў:

– Мы бачылі,  што лазні-бочкі здаюць у арэнду прадпрымальнікі. Калі ўзнікла сітуацыя з адсутнасцю фінансавання на ўтрыманне стацыянарных лазняў, пачалі абмяркоўваць ідэі, каб  правільна арганізаваць выкананне сацыяльных стандартаў, у тым ліку па аказанні лазневых паслуг насельніцтву ў аграгарадках. Цяпер мы выкарыстоўваем розныя варыянты: дзесьці перадаём лазні на баланс сельскагаспадарчага прадпрыемства – так зрабілі ў "Вялікім Мажэйкаве", дзесьці пакінулі працаваць стацыянарныя лазні – там, дзе ўкладваліся ў кошт памыўкі з цаной білета 6 рублёў. Паколькі сацыяльны стандарт па лазневым абслугоўванні трэба выконваць і ў іншых аграгарадках, разгледзелі варыянт з лазняй на колах. Скажам так, ніхто не гаворыць, што такім чынам мы поўнасцю вырашым гэта пытанне. Аднак паспрабуем аказаць паслугу і паглядзім, ці будзе яна запатрабавана.  У жніўні правядзём своеасаблівы маніторынг наведвання і акупнасці. Калі прыйдзем да высновы, што ў канкрэтным аграгарадку ўсё ж патрэбны стацыянарны аб'ект, то лазня на колах не прападзе – прапануем яе ў арэнду людзям, якія любяць актыўна адпачываць, падарожнічаць. Свае затраты мы акупім. Яшчэ раз падкрэслю: мабільная лазня – гэта не панацэя, а варыянт вырашэння сацыяльна значнага пытання.

Як паведаміў кіраўнік РУП ЖКГ, у бліжэйшую суботу лазня на колах накіруецца ў аграгарадок Першамайск, дзе пачне працаваць з 10 гадзін. А ў нядзелю гэты рухомы аб'ект прыбудзе ў Каменку. У залежнасці ад актыўнасці насельніцтва пры наведванні лазні магчымы яе выезд у адзін і той жа дзень у два населеныя пункты, падкрэсліў А.В. Шкіндзераў. Будзе распрацаваны графік выезду: яго надрукуюць у газеце, аб'явы размесцяць і ў сельвыканкамах.

Таццяна ПАЛУБЯТКА. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!