Пачытаў сам -- перадай іншаму

Буккросінг - гэта сусветны рух, сэнс якога заключаецца ў вольным перамяшчэнні кніг ад аднаго чытача да іншага. Пачытаў чалавек кнігу і не ведае, што з ёй рабіць. Тады ён пакідае яе ў грамадскім месцы (парку, кафэ, цягніку), каб іншы чалавек мог гэтую кнігу знайсці і прачытаць; той у сваю чаргу павінен паўтарыць працэс. 

Буккросінг з’явіўся ў ЗША яшчэ ў сакавіку 2001 года. Гэтую ідэю прапанаваў спецыяліст па інтэрнэт-тэхналогіям Рон Хорнбекер. Для пачатку ён пакінуў 20 кніг з тлумачальнымі надпісамі ў холе свайго гатэля. Праз паўгода на яго сайце было каля 300 актыўных карыстальнікаў, якія «адпускалі» кнігі і прыводзілі новых удзельнікаў.
Вось і ў нашым горадзе, насупраць будынка дзяржаўнай гімназіі, з’явіўся прыгожы казачны домік, які чакае сваіх “чытачоў”. Шчучынцы і госці горада могуць прыносіць кнігі і пакідаць іх на паліцах дваровай міні-бібліятэкі. У той жа час усе жадаючыя - браць адсюль цікавыя выданні, чытаць і перадаваць знаёмым. 
Свой першы ўклад у такога роду мерапрыемства ўнеслі маленькія жыхары Шчучына і Гродна. Таццяна Кавалёва прапанавала сваім дзеткам і пляменніку, які прыехаў на выхадныя ў госці, пакінуць кнігу для іншых дзяцей. Гэтая ідэя выклікала шквал пазітыўных эмоцый і жаданне зрабіць нешта новае і незвычайнае. І вось, пасля доўгага выбару, маляўнічая кніга з надпісам «Прывітанне з Гродна» красуецца на паліцы. Дзіцячы сад Аляксандры і Анастасіі, якія з радасцю падзяліліся сваёй кнігай, знаходзіцца недалёка ад гэтага цудоўнага будыначка. Таму кожны раз, ідучы на сваю “працу”, дзяўчынкі будуць з цікавасцю зазіраць у акенцы доміка і глядзець, як ён напаўняецца новымі, цікавымі, а можа, і незвычайнымі кнігамі.
На самай справе, гэта выдатна, калі кнігі «падарожнічаюць», а не пыляцца на паліцах, чакаючы, калі ж іх усё-такі прачытаюць. Пры гэтым думка пра тое, што кніга, магчыма, ужо пабывала ў руках чалавека з іншага канца краіны, будзе выклікаць незвычайныя адчуванні. Бо, як кажуць, Зямля круглая, і буккросінгу цалкам па сіле даказаць гэта ў чарговы раз.
Таццяна ГЕРАСІМЧЫК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!