Мы любім цябе, родны Шчучын! Сёння – Дзень вызвалення Шчучына ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

 

Дарагія землякі!

 

Прыміце самыя шчырыя віншаванні з Днём вызвалення Шчучына ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў!

 

12 ліпеня 1944 года воіны-вызваліцелі, якія праявілі мужнасць і гераізм, падарылі нашаму гораду свабоду і мірнае неба. Мы назаўсёды захаваем у памяці подзвіг тых, хто аддаў жыццё, каб мы маглі жыць, працаваць і радавацца новаму дню.

 

Сёння Шчучын – прыгожы і ўтульны горад, які дынамічна развіваецца, у якім шануюць традыцыі, захоўваюць гістарычную памяць і разам будуюць дастойную будучыню.

 

Жадаем усім шчучынцам моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і мірнага неба над галавой. Няхай наш горад квітнее, а яго жыхары застаюцца адзінымі ў імкненні зрабіць яго яшчэ лепшым. Са святам!

 

Шчучынскі раённы выканаўчы камітэт.

Прэзідыум Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў.


 

У гэтыя дні, 82 гады таму, адбываліся падзеі, якія сталі лёсавызначальнымі для Шчучына і Шчучынскага раёна. У ходзе аперацыі “Баграціён” па вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якая пачалася 23 чэрвеня 1944 года, была вызвалена і Шчучыншчына. Гэта здзейснілі войскі 2-га і 3-га Беларускіх франтоў на заключным этапе Беларускай наступальнай аперацыі, якая пачалася 5 ліпеня.

 

Сёння, на жаль, ужо няма ў жывых сведкаў тых знакавых дзён. Але захаваліся іх успаміны, з якіх іх нашчадкі могуць даведацца пра тое, як развіваліся падзеі.

 

З успамінаў С. Ігнацьева, удзельніка вызвалення Шчучыншчыны:

 

– Гэта было 12 ліпеня 1944 года. 100-ы гвардзейскі мінамётны Запарожскі полк рухаўся ў напрамку Гродна, падтрымліваючы агнём танкі і пяхоту. Стаяла задача праследаваць праціўніка і не даць яму замацавацца ў Гродне.

 

Раніцой наш полк увайшоў у Шчучын. У гэты час у Масты на падмацаванне гродзенскай групоўкі прыбыла толькі што сфарміраваная дывізія немцаў. Яна апынулася ў тыле наступаючага падраздзялення гвардзейскіх мінамётаў і праз Ражанку, Скоржыкі, Ельню, Залесна накіравался на прарыў на Скідзель да сваіх. Але гэта магістраль была занята 328-м дывізіёнам 100-га гвардзейскага мінамётнага палка.

 

Сілы былі няроўныя. Дывізіён супраць цэлай дывізіі ў бліжнім баі. Але камандзір дывізіёна маёр Васільеў аддаў загад не прапусціць праціўніка на Скідзель, адкрываць агонь без дадатковай каманды і самастойна выбіраць цэль.

 

Я першым развярнуў сваю “Кацюшу” і адкрыў агонь. А калі павеў агонь і камандзір суседняй “Кацюшы” Семеракоў, атака немцаў захлынулася…

 

На жаль, у гэтым няроўным баі па-геройску загінула многа воінаў 100-га гвардзейскага мінамётнага палка. Яны пахаваны ў гарадскім скверы ў Шчучыне.

 

З успамінаў П. Рудэнкі, удзельніка вызвалення Шчучына:

 

– Днём 12 ліпеня мая рота на плошчы ў мястэчку Жалудок адпачывала пасля бою. Мы атрымалі заданне заняць Шчучын, выйсці на яго заходнюю ўскраіну і трымацца да падыходу асноўных сіл.

 

У Шчучын увайшлі з раёна былога масласырзавода. Мясцовым жыхарам мы сказалі, што свае, чырвонаармейцы. Людзі акружылі нас, пачалі абдымаць, плакаць. Тут мы трапілі на нямецкі заслон. Завязаўся бой. Перад узводам лейтэнанта Хвясько была пастаўлена задача дасягнуць цэнтра горада, зайсці правей вуліцы Леніна і выйсці на заходнюю частку горада. Заданне было выканана, у баі Хвясько загінуў.
Радавому Быкаву было даручана падавіць варожую кулямётную кропку. Баец папоўз і кінуў гранату. Варожы кулямёт змоўк. А калі Быкаў падняўся ў атаку, ажыўшы кулямёт прашыў яго чаргой. Выйшлі са строю яшчэ 4 байцы, я таксама быў паранены ў нагу. Праз дзве гадзіны падышлі асноўныя сілы нашага палка.

 

З успамінаў В.Я. Пярвушына, удзельніка вызвалення Шчучына:

 

– Мой танк “Т-34” першы ўварваўся на вуліцы Шчучына. Да горада мы падышлі з боку в. Даўлюдаўшчына. Адкрыўшы агонь, машына на максімальнай хуткасці ўварвалася ў горад, прайшла па вуліцы Леніна да плошчы. Камандзір танка лейтэнант Ламанаў загадаў спыніцца. На ўскраіне горада чуліся гукі заціхаючага бою.

 

Ганна РУДСКАЯ.
Па матэрыялах кнігі “Памяць”.

Фота Таццяны ГЕРАСІМЧЫК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!