Падчас касавіцы кожная пагодная хвіліна – на вагу золата

Калі мы завіталі ў ААТ “Дэмбрава” на поле ля вёскі Стараўшчына, то былі моцна ўражаны вялікай колькасцю тэхнікі, якая працавала тут на касавіцы. Энерганасычаны трактар з дзевяціметровай касілкай абкошваў травы, за ім рухаліся граблі і раскідвалі свежаскошаную траву, каб тая хутчэй падвялілася. Камбайны Ягуар і Палессе падбіралі даведзеную да неабходнай кандыцыі зялёную масу, змяльчалі яе і грузілі ў прычэпы трактароў. Вытворчы працэс не спыняўся ні на хвіліну і нагадваў адзіны арганізм. 

– Я працую на энерганасычаным трактары “Беларус-3022” і пры дапамозе навясной дзевяціметровай касілкі магу складваць свежаскошаную траву ў адзін або тры пракосы, – гаворыць механізатар Станіслаў Георгіевіч Тамкевіч. – Строга прытрымліваюся ўсіх тэхналогій і ўручную рэгулюю вышыню скошвання раслін: яна складае аптымальныя 7-8 сантыметраў. Магутная тэхніка дазваляе абкошваць да 100 гектараў у дзень. 
Усяго на касавіцы ў гаспадарцы задзейнічаны 5 касілак і 4 кормаўборачныя камбайны. На адвозцы заняты 12 адзінак грузавой тэхнікі. Першы ўкос шматгадовых траў праводзяць вопытныя механізатары Дзмітрый Мікалаевіч Мулярчык, Юрый Уладзіміравіч Грыб, Сяргей Валянцінавіч Пярніцкі, Валерый Янавіч Санкевіч, Сяргей Віктаравіч Гардзейчык і Андрэй Іванавіч Сакалоўскі. Аператыўна дастаўляюць зялёную массу да сянажных траншэй трактарысты Іван Іванавіч Кулевіч, Віталій Мар’янавіч Медушэўскі, Валянцін Валянцінавіч Кургун, вадзіцелі Андрэй Іванавіч Сыч, Генадзій Эдвардавіч Бекіш і іншыя. 


У мэтах бяспекі ў полі пастаянна дзяжурыць пажарная машына, якой кіруе вадзіцель з амаль 30-гадовым працоўным стажам В.А. Саўко.
– У раёне ўсталявалася гарачае і сухое надвор’е, таму вельмі важна строга выконваць усе патрабаванні тэхнікі бяспекі, каб не дапусціць пажару, – падкрэслівае Віктар Андрэевіч. – Нашы механізатары гэта выдатна разумеюць, таму трымаюць вогнетушыцелі спраўнымі і заражанымі. Дзякуючы гэтаму ўдаецца пазбегнуць надзвычайных сітуацый. 


У гаспадарцы паклапаціліся не толькі аб бяспецы, але і аб камфорце сваіх работнікаў: усе механізатары, занятыя на касавіцы, забяспечаны двухразовым гарачым харчаваннем. 
– Травы ў нас займаюць плошчу 4450 гектараў, з якіх 70% мы ўжо абкасілі, – зазначае аграном па кормавытворчасці Сяргей Іванавіч Таўрук. – У асноўным гэта сумесь пасеваў канюшыны, цімафееўкі і аўсяніцы. Касавіцу праводзім згодна з распрацаванымі тэхналагічнымі нормамі, улічваючы асаблівасці выспявання кожнай з культур. З першага ўкосу плануем закласці 24000 тон сенажу і 600 тон сена, што складае большую палову ад патрэб гаспадаркі. У нас налічваецца 21 сянажная траншэя агульнай змяшчальнасцю амаль 35000 тон, таму якаснае захоўванне кармоў гарантавана.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара і Ганны КАСПЕР.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!