Прафсаюзы з пашанай да ветэранаў

Старшыня Шчучынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Ю.Т. Пашук уручыў Ганаровую грамату і памятны падарунак ветэрану Вялікай Айчыннай вайны М.М. Даніловічу. Як вядома, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ўдзяляе вялікую ўвагу захаванню памяці аб падзеях мінулай вайны. Менавіта за духоўна-патрыятычнае выхаванне маладога пакалення і ўзаемадзеянне з прафсаюзнымі арганізацыямі раёна старшыня Берштаўскай “пярвічкі” ветэранаў Мікалай Мікалаевіч Даніловіч атрымаў сваю чарговую ўзнагароду. 

Чалавек ён унікальны. У свае 92 гады мужна ваюе з хваробамі, як калісьці ваяваў на фронце. Але з нагоды прыезду гасцей Мікалай Мікалаевіч забывае пра прадпісаны “пасцельны рэжым”, апранае святочны пінжак з узнагародамі, сярод якіх ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі “За баявыя заслугі” і “За ўзяцце Кёнігсберга”, узгадвае па нашай просьбе тыя векапомныя вогненныя гады.

– Не забыць чэрвеньскі ранак 1941-га, калі ў небе над Берштамі наводзілі жах на людзей чорныя зграі самалётаў з нямецкімі крыжамі. Усе без аб’яўлення адразу зразумелі: вайна! Ужо на трэці дзень у вёсцы з’явіліся немцы: ішлі, ехалі на матацыклах і машынах. Здаецца, гэтым калонам з захопнікамі не будзе канца, – расказвае Мікалай Мікалаевіч. – Нас у бацькоў было сямёра: шэсць сыноў і дачка. Я – самы старэйшы. Цудам нас не вывезлі ў Германію. На прымусовыя работы мы з братам і іншымі вяскоўцамі трапілі ў Гродна на тытунёвую фабрыку. Выжыць і выцярпець прыгнёт акупантаў дапамагала вера ў Перамогу. Вызваленне прыйшло толькі ў ліпені 1944 года, калі Чырвоная Армія разам з партызанамі ачысціла ад акупантаў нашу Беларусь. Мы з братам Валодзем былі прызваны ў армейскія рады, ваявалі на 3-м Беларускім фронце. Неверагодна жорсткія баі ішлі ў кёнігсбергскім напрамку. Я тады быў цяжка паранены, а пакуль лячыўся ў шпіталі, у баі загінуў Валодзя. Гэта быў для мяне вельмі цяжкі ўдар.

Мікалай Мікалаевіч ўзгадвае, як наступалі на Усходнюю Прусію, як давялося ўвачавідкі бачыць і слухаць палымяныя прамовы самога маршала Чарняхоўскага, што заклікаў салдат канчаткова дабіць ворага ў фашысцкім логаве.

Наш зямляк хадзіў у разведку, адважна падымаўся ў атакі, метка касіў ворага з аўтамата… Запомнілася актыўнае наступленне нашых войск 13 студзеня 1945 года, а праз тры дні злая куля зноў дагнала байца Даніловіча. Дзень Перамогі Мікалаю давялося сустракаць у шпіталі. 

А пасля выпіскі – служба ў кавалерыі: на тэрыторыі Ірана, Арменіі, Грузіі… Толькі ў 1948 годзе М.М. Даніловіч вярнуўся ў родныя Бершты. Стварыў сям’ю, разам з жонкай радаваліся нараджэнню дзяцей. Трое сыноў і дачушку выхавалі Даніловічы. Працаваў былы франтавік у сферы гандлю, заўжды дапамагаў сваім аднавяскоўцам вырашаць тыя праблемы, што час ад часу паўставалі ў аддаленым ад цэнтра берштаўскім рэгіёне, часта выступаў у школе перад моладдзю, у свой час унёс вялікі ўклад у стварэнне музейных экспазіцый, прысвечаных памяці па-геройску загінуўшага ў гэтых мясцінах памочніка камандзіра роты Валянціна Аляксандрава. 

– Мікалай Мікалаевіч стаяў ля вытокаў ветэранскага руху на Шчучыншчыне, ужо не адзін дзясятак год ён узначальвае ветэранскую арганізацыю ў Берштах, – расказвае старшыня раённага савета ветэранаў Э.С. Дзікевіч. – Доўгі час М.М. Даніловіча выбіралі старастам вёскі. Да яго ішлі і ідуць землякі па самых розных жыццёвых пытаннях. І ён абавязкова штосьці параіць або адшукае варыянт, як дапамагчы чалавеку. Ягоны аўтарытэт заўжды служыў на карысць людзям. 

Сёння 92-гадовы ветэран акружаны клопатам і ўвагай сваіх блізкіх. Не забываюць пра яго і прадстаўнікі ўлады, лідары грамадскіх арганізацый.

– Мы ганарымся, што наша Федэрацыя прафсаюзаў стала лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”. Лічу, што ў гэтым ёсць уклад і такіх нашых падзвіжнікаў, як ветэран вайны, чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй Мікалай Мікалаевіч Даніловіч, – падкрэсліў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Тадэвушавіч Пашук, уручаючы ўзнагароду і каштоўны падарунак.

Гэта сустрэча з ветэранам атрымалася цёплай і нефармальнай. Мы доўга гутарылі, знаёміліся з сямейным архівам, дзе не толькі беражліва сабраны фотаздымкі, але і запісаны ўспаміны дзядулі для будучых пакаленняў. У такой дружнай і вялікай сям’і, як у Мікалая Мікалаевіча Даніловіча, яшчэ не раз сабяруцца за сталом дзеці, унукі і праўнукі, каб паспрабаваць з падоранага прафсаюзамі чайнага сервізу духмяную гарбатку на берштаўскіх травах і паслухаць аповеды дзядулі-франтавіка.

Таццяна СТУПАКЕВІЧ. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!