Сямейны капітал: навацыі ў карыстанні

 

Магчымасці для датэрміновага выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу ў Беларусі пашырыліся.

 

Нагадаем, што кіраўнік дзяржавы падоўжыў тэрмін дзеяння Праграмы сямейнага капіталу яшчэ на 5 гадоў: з 1 студзеня 2025 года па 31 снежня 2029 года. 

 

Якія навацыі з’явіліся ў дзеянні праграмы, расказалі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны. 

 

У прыватнасці, з’явілася магчымасць скарыстацца самастойна без накіравання выканкамам. 

 

— Датэрмінова выкарыстоўваць сямейны капітал на ўзвядзенне жылля ў шматкватэрных жылых дамах, у тым ліку на пагашэнне крэдытаў (пазык), узятых на гэтае ўзвядзенне, змогуць сем’і (грамадзяне), якія будуюцца альбо пабудавалі кватэру самастойна без накіравання рай(гар)выканкама, — патлумачылі ў ведамстве. 

 

Умовы сталі мякчэй. Так, больш лаяльнымі сталі ўмовы па ўліку ва ўласнасці жылля для прадастаўлення права на датэрміновае выкарыстанне сямейнага капіталу для паляпшэння жыллёвых умоў. Цяпер ў агульнай плошчы жылля, якое знаходзіцца ва ўласнасці сям’і, не будуць улічвацца жылыя памяшканні, прызнаныя не адпаведнымі ўстаноўленым для пражывання санітарным і тэхнічным патрабаванням. 

 

Змяніўся падыход і да набыцця долі (долей) жылых памяшканняў. У прыватнасці, прадастаўлена магчымасць датэрмінова выкарыстоўваць сямейны капітал на набыццё долі (долей) жылых памяшканняў, калі ў сям’і ўжо маюцца ва ўласнасці долі гэтых жылых памяшканняў, замацаваныя за некалькімі членамі сям’і.

 

Ёсць навацыі і па вяртанні крэдыту:

 

— Прадастаўлена права датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу на вяртанне крэдыту, атрыманага ў парадку рэфінансавання для пагашэння запазычанасці па раней заключаным крэдытным дагаворы на фінансаванне ўзвядзення, рэканструкцыі, набыцця жылля. 

 

Што датычыцца ўмоў, на якіх дзейнічае такая навацыя, то ўлічваецца знаходжанне на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў; адсутнасць ва ўласнасці жылля, агульная плошча якога склададае 15 кв. м (у горадзе Мінску — 10 кв. м) і больш на аднаго чалавека, і іншыя ўмовы. 

 

— Таксама зменшана колькасць дакументаў, якія прадстаўляюцца грамадзянамі для датэрміновага распараджэння сямейным капіталам на ўзвядзенне, рэканструкцыю індывідуальнага жылля., — дадалі ў Мінпрацы.

 

Разам з тым, зменамі ў Праграму сямейнага капіталу прадугледжана магчымасць аплаціць навучанне не толькі за бягучы і папярэдні навучальны год, але і будучы перыяд. 

 

Акрамя таго, стаў шырэй пералік тавараў, якія можна набыць для членаў сям’і з інваліднасцю і парушэннямі зроку. Так, пералік дапоўнены электроннымі асістыўнымі прыладамі для арыентацыі, акустычнымі асістыўнымі прыладамі для навігацыі і асістыўнымі прыладамі для прагляду (відэасістэмамі, якія павялічваюць малюнак). 

 

Што датычыцца памеру сямейнага капіталу, то ён падлягае штогадовай індэксацыі з нарастаючым вынікам на велічыню індэкса спажывецкіх цэн за папярэдні год. 

 

— Новы памер сямейнага капіталу, які дзейнічае з 1 студзеня 2025 года, будзе размешчаны на афіцыйным сайце Мінпрацы да 31 студзеня 2025 года, — адзначылі ў ведамстве. 

 

zviazda.by

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!