Як каталіцкія вернікі рыхтуюцца да свята? Айцец Аляксандр Махнач – пра асаблівасці святкавання Божага Нараджэння ў каталікоў

 

Што трэба рабіць напярэдадні Раства, як накрываць стол для вігілійнай вячэры і чаму вернікі глядзяць батлейку ў касцёле,  расказал піяр, пробашч парафіі святой Тэрэзы Авільскай у Шчучыне айцец Аляксандр МАХНАЧ.

 

– Айцец Аляксандр, як каталіцкія вернікі рыхтуюцца да свята: духоўна і фізічна?

 

– Усе набожныя практыкі і святкаванні – гэта сродкі, якія маюць сэнс толькі тады, калі змяняюць жыццё чалавека да лепшага, і не толькі тут і цяпер, а на цэлую вечнасць. У Адвэнце (прышэсце) мы павінны адмовіцца ад граху, прыступіць да споведзі, прымірыцца і палюбіць бліжніх ў прадчуванні вялікай радасці.

 

Сэнс Адвэнту ў каталіцкай традыцыі раскрывае літургія гэтага перыяду, якая дзеліць яго на дзве часткі: першая доўжыцца каля трох тыдняў і канцэнтруецца на таямніцы другога прыйсця Хрыста, другая (з 17 па 24 снежня) – гэта ўспамін пра падрыхтоўку да першага прыйсця Сына Божага. Мэта Адвэнту – нагадаць нам пра непазбежнасць другога прыйсця Хрыста ў гэты свет.

 

Бог нараджаецца, каб прынесці ўсім шчасце і выратаванне! Таму вельмі важна прыбрацца не толькі ў кватэрах, але і ў сэрцах. Вось чаму ў гэты перыяд мы з радасцю прымаем аскетычныя практыкі, робім добрыя справы і молімся, каб вызваліцца ад усяго, што нам перашкаджае быць чыстымі, вольнымі, па-сапраўднаму любячымі.

 

– Раскажыце, калі ласка, пра асаблівасці святкавання Божага Нараджэння ў каталікоў.

 

– 24 снежня, калі на небе заззяе першая вечаровая зорка, уся сям’я збіраецца да стала. Вечар пачынаецца з малітвы. Памаліўшыся, блізкія людзі дзеляцца паміж сабой аплаткай (ахвярным дарам) і жадаюць адзін другому здароўя, шчасця, дабрабыту. Гэта найважнейшы момант вігілійнай вячэры: такім чынам мы ахвяруем іншаму чалавеку нашу ўдзячнасць, прабачэнне, дзелімся сваёй дабрынёй.

 

Пасля распачынаецца сама вячэра, яе яшчэ называюць куццёю (ад назвы крупяной кашы – куцці), якая абавязкова павінна стаяць у гэты вечар на стале. Звычай вігілійнай вячэры з’явіўся ў Беларусі ў ХVІІІ стагоддзі. Слова «вігілія» мае паходжанне ад лацінскага, азначае «начное чуванне» і найчасцей звязваецца з Божым Нараджэннем.

 

На стол засцілаюць белы абрус – сімвал бездакорнай чысціні алтара, а таксама чысціні нашых сэрцаў, думак і памкненняў, пад абрус кладуць жменю сена – сімвал ясляў, у якіх спаў маленькі Езус у Бэтлееме. На стол ставяць толькі посныя стравы, але яны вельмі смачныя. Пануе радасны настрой. За сталом звычайна пакідаюць адно свабоднае месца на выпадак, калі з’явіцца нечаканы госць альбо на ўспамін пра таго, каго сёння няма з намі.

 

вигилия.jpg

 

Пасля вігілійнай вячэры самы час заспяваць калядкі, якія ўсе ведаюць і любяць. Дарэчы, назва “калядкі” адсылае да старажытнага Рыма, там так называўся першы дзень кожнага месяца. Гэта традыцыйныя зімовыя абрадавыя песні рэлігійнага зместу, у якіх услаўляецца Божае Нараджэнне і біблейскія падзеі. Дарэчы, у тэкстаў многіх калядак няма аўтараў, яны народныя, і ў кожнай мясцовасці існуе свая традыцыя такіх спеваў.

 

Яшчэ застаецца крыху часу да Пастэркі – святой Імшы апоўначы ў касцёле, можна зазірнуць пад калядную ялінку і знайсці там падарунак. Радуемся і дарым радасць блізкім!

 

– А адкуль пайшла традыцыя дарыць на свята падарункі?

 

– Езус, які нарадзіўся ў Бэтлееме больш за дзве тысячы гадоў таму, – гэта вялікі падарунак людзям ад Бога Айца, які так палюбіў свет, што паслаў у яго свайго адзінароднага Сына. Але ж і Дзіцятка Езус таксама атрымаў у Бэтлееме падарункі ад пастушкоў і мудрацоў. Адсюль і бярэ пачатак традыцыя рабіць падарункі ў ноч Божага Нараджэння.

 

– Кожны год у гэтыя святочныя дні шчучынцы, як і жыхары іншых гарадоў і вёсачак, ідуць у касцёл паглядзець на батлейку.

 

– Памятную сцэну нараджэння Божага Сына можна ўбачыць у кожным касцёле: у найбольш заўважным месцы стаяць яслі, у якіх ляжыць Дзіцятка Езус, над якім з пяшчотаю і любоўю схіляецца яго Маці Марыя, святы Апякун Юзаф, і тут жа побач на сене – вол з вослікам, а крыху паводдаль кленчаць сціпла апранутыя і вельмі здзіўленыя пастушкі.

 

Батлейка (стаенка, шопка) нагадвае абставіны нараджэння Хрыста ў нястачы. Фігура Дзіцяці Езуса, дарэчы, змяшчаецца туды на саму ўрачыстасць Божага Нараджэння. І толькі тады пачынаецца “біцца сэрца” батлейкі.

 

батлейка.jpg

 

Калісьці святы Францішак Асізскі  “ажывіў” словы весткі аб Божым Нараджэнні, ладзячы ў італьянскім мястэчку Грэчо першую батлейку на ўзор ясляў у пячоры, што служыла загонам для авечак у Бэтлееме, дзе прыйшоў на свет Хрыстус. Святы лічыў, што гэта дапаможа яму і іншым вернікам глыбей зразумець і перажыць свята Божага Нараджэння. З цягам часу батлейкі распаўсюдзіліся па ўсім свеце праз вандроўных манахаў, законнікаў каталіцкіх ордэнаў, вучняў калегій і набылі самыя розныя памеры, формы, дызайн.

 

Да нас традыцыя выстаўлення ў касцёле фігурак, якія ілюструюць сцэну нараджэння Езуса, прыйшла з суседняй Польшчы і атрымала распаўсюджанне ў XVI стагоддзі. Калядныя батлейкі выстаўляюцца ва ўсіх касцёлах Беларусі і маюць самыя розныя варыянты і мадыфікацыі, але іх аб’ядноўвае адно – яны ілюструюць самую важную падзею для ўсяго чалавецтва – нараджэнне таго, хто  “дарога, праўда і жыццё”.

 

… Пры яслях, у якіх ляжыць Дзіцятка Езус, па традыцыі спяваюць калядкі. Усё прасякнута радасцю і шчасцем. Людзі ўсміхаюцца, абдымаюцца, віншуюць адзін другога і паўсюдна гучыць: ”Хрыстус нарадзіўся! Бог аб’явіўся! Славім яго!”

 

grodnonews.by

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!