Праздничный стол на Рождество у католиков: что говорят народные традиции

 

Як правільна адзначыць Раство Хрыстова? Пра народныя традыцыі каляднай вячэры расказала намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч.

 

 Стол, за якім збіраюцца родныя, засцілаюць белым абрусом, пад які абавязкова кладуць трошкі сена як напамін пра нараджэнне Хрыста не ў нейкім палацы, а ў просценькай стайні, – адзначае яна. – Назаўтра сена, што ляжала пад абрусам, аддавалі свойскай жывёле. Адначасова абрус сімвалізуе чысціню алтара, на якім Езус у царкве ці касцёле штодзень падае вернікам хлеб і віно, пераўтвораныя ў Ягоныя Цела і Кроў. У цэнтры ставяць запаленую свечку (сімвал Віфлеемскай зоркі) і кладуць на талерку аплаткі, часам таксама фігурку нованароджанага Езуса і Евангелле.

 

 

З ежы падаюць толькі посныя стравы. Многія гаспадыні стараюцца, каб іх было менавіта 12 – па ліку апосталаў. З абавязковых страў – крупяная каша куцця. Куцця – каша, назва якой паходзіць з грэцкіх словаў «бабы» ці «зерне». Рэцэпты прыгатавання куцці розныя ў розных рэгіёнах Беларусі і часта залежаць ад сямейных традыцый.

 

 

У Адэльску Гродзенскага раёна куццёй называюць і саму вігілійную вячэру. Акрамя кашы, падаюць рыбныя стравы альбо селядзец, макавае малачко з баранкамі, ламанцы, аўсяны кісель, грыбы або грыбную поліўку, вараныя буракі, прыпраўленыя арэхамі ці чарнаслівам, і іншыя посныя стравы, і, канешне, куццю. Асноўнымі кампанентамі вігілійнай куцці традыцыйна лічыліся пшаніца, мак і мёд – сімвалы дастатку і пладавітасці. Дарэчы, пра калядную куццю няма згадак у Евангеллі, але гэта традыцыя перадаецца з пакалення ў пакаленне.

 

 

За святочнай вячэрай родныя і блізкія дзеляцца аплаткам, выказваючы пры гэтым шчырыя словы прабачэння, зычаць адзін аднаму Божай ласкі на добрыя ўчынкі. Аплатак, спечаны з мукі і вады, сімвалізуе Хрыста, які, прыняўшы чалавечае цела, аддаў сваё жыццё за ўратаванне чалавецтва.

Для большасці людзей аплатак з’яўляецца проста кавалкам белага, тонкага хлеба. Аднак, для многіх хрысціян, асабліва для католікоў, ён мае важную сімволіку.

 

 

Аплатак, які мы сёння знаем, упершыню пачалі выпякаць законніцы з бэнэдыктынскага кляштара ў Францыі. Менавіта адтуль гэты звычай распаўсюдзіўся на ўсю Еўропу і разам з хрысціянствам прыбыў таксама на нашую зямлю. Прыгожым даўнішнім звычаем з’яўляецца таксама запрашэнне на вігілію самотных людзей – так каб у гэты вечар ніхто не быў пакінуты.

– Ламаемся ім у нашых сем’ях, складаючы сабе пажаданні і просячы аб прабачэнні, – адзначае субяседница.  Дзелючыся сімвалам узаемнай любові і пашаны, жадаем, перш за ўсё, сваім блізкім і знаёмым усялякага дабра, як фізічнага, так і духоўнага.

 

 

За стол садзіліся пасля таго, як на небе з’явіцца першая зорка. У час вячэры есці першым пачынаў гаспадар, які сядзеў на покуці, a ўслед за ім – астатнія з сям'і па старшынстве. Прычым адно месца пакідаюць свабодным – як памяць аб памерлых і падарожных, якія неспадзявана могуць пастукаць у дзверы.

Перш чым пачаць есці куццю, гаспадар казаў, звяртаючыся да акна ці стукаючы ў сцяну: «Мароз, мароз, хадзі куццю есці!» Было прынята варажыць па даўжыні выцягнутых сцяблінак сена, ці добры летам вырасце лён. Хтосьці са старэйшых у сям'і чытае ўрывак з Евангелля паводле Лукі, у якім апісваецца нараджэнне Езуса. Затым усе моляцца разам і дзеляцца асвечанай аплаткай – тонкім прэсным хлебам, што выкарыстоўваецца ў святой Імшы і сімвалізуе Хрыста, які, прыняўшы чалавечае цела, аддаў сябе самога за жыццё свету. Адломваючы невялікі кавалак ад чужой аплаткі, католікі дзеляцца адзін з адным найлепшымі пажаданнямі, просяць прабачэння і прымаюцца за святочныя стравы. Апоўначы і дарослыя, і дзеці адпраўляюцца на галоўную калядную святую Імшу – Пастэрку.

Калі ўсе селі да вігілійнага стала, распачыналася частаванне ежай, якую падрыхтавала гаспадыня. Па традыцыі ў гэты вечар у чатырох кутах хаты ставіліся калісьці неабмалочаныя снапы збожжа. Таксама раней верылі, что ў двананаццаць гадзін хатнія жывёлы размаўлялі чалавечай мовай і падслухванне такой размовы прыносіла шчасце.

Фота з архіва Наталлі Рамановіч.

 

СБ

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!