І ў сэрцы іхнім будзе радасць. У рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” святочны канцэрт адбыўся ў Васілішкаўскім дзіцячым сацыяльным пансіянаце “Васількі”

 

Напоўніць маленькія дзіцячыя сэрцы святочным настроем і падарыць радасць перад святамі – такія галоўныя мэты рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”. У рамках гэтай ініцыятывы ў нашым раёне прайшло ўжо нямала мерапрыемстваў. І вось святочны канцэрт адбыўся ў Васілішкаўскім дзіцячым сацыяльным пансіянаце “Васількі”. Імпрэза сабрала мноства гасцей, партнёраў і старых сяброў навучальнай установы.

 

Сёлета парадаваць выхаванцаў пансіяната ў рамках акцыі “Нашы дзеці” прыехалі намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка, старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Вольга Сядзельнік, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, начальнік гродзенскага філіяла “Банка развіцця Рэспублікі Беларусь” Алена Стальбоўская, генеральны дырэктар РУП “Гроднаэнерга” Віктар Жук і іншыя партнёры пансіяната.

 

 

Таксама на святочны канцэрт прыехалі прадстаўнікі раённай улады і грамадскіх арганізацый – старшыня Шчучынскага райвыканкама Аляксей Садоўскі, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Андрэй Навіцкі і старшыня Шчучынскай РА “Белая Русь” Юрый Пашук.

 

Госці прыехалі з мноствам важных і карысных падарункаў – грашовымі сертыфікатамі, бытавой тэхнікай, канцылярыяй, цацкамі і, вядома ж, навагоднімі слодычамі. Цёплыя словы віншаванняў гучалі ў адрас выхаванцаў і работнікаў пансіяната:

 

– Новы год – гэта бадай што самае любімае і чаканае свята незалежна ад узросту, – заўважыла Марына Арцёменка. – І самае галоўнае, каб гэта свята стварала атмасферу дабрыні і цудаў у такіх установах, як нашы сацыяльныя пансіянаты. І мне радасна бачыць, што ў нашых пансіянатах заўсёды шмат сяброў, партнёраў, гасцей. Многа падарункаў. І я думаю, што гэта свята – наша агульная місія, тое, што дазваляе нам рабіць добрыя справы. Дарагія хлопчыкі і дзяўчынкі, я хачу пажадаць вам, каб з надыходам новага года вы заўсёды верылі ў мары, верылі ў сябе і ў свае сілы. Поруч з вамі выдатныя педагогі і выхавацелі, якія аберагаюць, клапоцяцца аб вас, дораць усё самае лепшае, што ў іх ёсць. 

 

 

Таксама да віншаванняў далучыліся і іншыя госці, сярод іх старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі:

 

– Паважаныя выхаванцы і работнікі пансіяната. Хачу павіншаваць усіх з надыходзячымі святамі і пажадаць здзяйснення мараў. Сёння мы бачым вялікую колькасць гасцей і падарункаў. Аднак важна памятаць пра штодзённы клопат і сацыяльную абарону з боку нашай дзяржавы. Важна памятаць штодзённую працу работнікаў пансіяната. У вас складаны і вельмі важны абавязак. За што нізкі вам паклон.

 

 

Удзячныя выхаванцы і калектыў пансіяната “Васількі” падрыхтавалі святочны канцэрт, падчас якога ўдзельнікі мерапрыемства бавілі час з карагодамі, танцамі, вершамі і песнямі. Вясёлая імпрэза прынесла шчырыя эмоцыі радасці як выхаванцам, так і гасцям пансіяната, а шчырыя дзіцячыя ўсмешкі сталі галоўным упрыгажэннем гэтага святочнага дня.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!