Свята ў кожнае дзіцячае сэрца. Навагодні канцэрт для выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі прайшоў у Шчучыне
Святочна і казачна ў Палацы творчасці дзяцей і моладзі прайшоў навагодні канцэрт для выхаванцаў Шчучынскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Павіншаваць дзетак з надыходзячымі святамі завіталі шматлікія госці. Навагодняя імпрэза прайшла ў рамках дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”.
Гасцямі святочнага канцэрта сталі прадстаўнікі раённай улады і грамадскіх арганізацый. Сярод іх былі старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк, старшыня раённага аддзялення РГА “Беларускі дзіцячы фонд” Жанна Мецько, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Святлана Шанчук і лідар ветэранаў Шчучыншчыны Святлана Малюгіна. Таксама парадаваць выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі прыйшлі прадстаўнікі маладзёжнага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў.
Слодычы, карысная канцылярыя, сертыфікат на паляпшэнне матэрыяльнай базы цэнтра і многа іншых падарункаў прывезлі госці. Акрамя таго, асабістыя падарункі падчас канцэрта атрымалі ўсе дзеці.
Шмат цёплых словаў і віншаванняў гучала ад дарослых. Першай са словам да ўдзельнікаў імпрэзы выступіла Ганна Хвядзюк:
– Дарагія хлопчыкі і дзяўчынкі, паважаныя дарослыя! Ад усёй душы, ад імя дэпутацкага корпуса і кіраўніцтва нашага раёна хачу павіншаваць усіх з надыходзячымі светлымі і самымі цудоўнымі святамі – Раством Хрыстовым і Новым годам. Я ўпэўнена, што ў гэтым годзе вы ўсе добра сябе паводзілі, былі паслухмянымі, і Дзед Мароз са Снягуркай абавязкова прыйдуць да вас і прынясуць падарункі. І, вядома ж, я ад усёй душы хачу пажадаць, каб наступны год прынёс вам як мага больш здароўя, поспеху і ўсяго самага найлепшага. Дарагія нашы бацькі, вам я хачу пажадаць, каб у вас заўсёды хапала сілаў, мудрасці і цярпення. Нізкі паклон нашым паважаным педагогам за выхаванне дзетак. Зычу ўсім здароўя і мірнага неба над галавой!
Навагодні канцэрт парадаваў гледачоў насычанай праграмай. Дзеткі бралі ўдзел у конкурсах, спявалі песні, весела танчылі і вадзілі карагоды вакол ёлкі. Зялёная прыгажуня была ў цэнтры навагодняга сюжэту. Чараўнікі, Снягурка, Дзед Мароз і іншыя казачныя персанажы спрабавалі запаліць яе агеньчыкі, у гэтым ім актыўна дапамагалі дзеці.
Радасныя эмоцыі перапаўнялі сэрцы ўдзельнікаў канцэрта, дзіцячы смех, шчырыя ўсмешкі і адчуванне сапраўднага свята напаўнялі залу Палаца творчасці дзяцей і моладзі.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.