Усё дзеля іх шчырых усмешак. Рэспубліканская дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” завітала ў Васілішкаўскі дзіцячы сацыяльны пансіянат “Васількі”
16 снежня ў Беларусі стартавала традыцыйная дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”. У рамках ініцыятывы прадстаўнікі розных грамадскіх арганізацый Шчучынскага раёна наведалі Васілішкаўскі дзіцячы сацыяльны пансіянат “Васількі”.
Салодкія падарункі ад раённых аддзяленняў Беларускага дзіцячага фонду, Беларускага фонду міру, Чырвонага крыжа, Беларускага саюза жанчын, БРСМ, БРПА, “Белай Русі” і раённага савета ветэранаў прывезлі з сабой госці. У сваю чаргу выхаванцы пансіяната падрыхтавалі свой падарунак для гасцей і зладзілі святочны міні-канцэрт.
Падчас імпрэзы ўдзельнікі весела бавілі час: вадзілі карагоды, разам танчылі, слухалі вершы і песні, глядзелі тэатральныя выступы. Вядома, не абышлося без віншаванняў з надыходзячымі святамі.
– Вы нашы самыя любімыя, самыя прыгожыя і вясёлыя дзеткі, – звярнулася да выхаванцаў пансіяната старшыня раённага аддзялення РГА “Беларускі дзіцячы фонд” Жанна Мецько. – Хочацца пажадаць вам шчасця ў гэтыя навагоднія і калядныя святы, ззяння ўсмешак і здароўя. А мы, дарослыя, заўсёды будзем поруч з вамі, каб зрабіць кожны ваш дзень шчаслівым.
Таксама да віншаванняў далучыўся першы сакратар Шчучынскай раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Дзмітрый Чывіль:
– “Нашы дзеці” – адна з найвыдатнейшых акцый, падчас якой яе ўдзельнікі стараюцца падараваць дзецям добры навагодні настрой, карысныя і салодкія падарункі. Жадаю вам, каб тыя падарункі, якія мы сёння прывезлі, тыя канцылярскія тавары, якія сабралі для вас акцябраты, піянеры і моладзь Шчучынскага раёна, дапамагалі вам у вучобе і творчасці, паднімалі вам настрой. Хай у навагоднюю ноч у вас будзе выдатны настрой. З задавальненнем узгадайце ўсе самыя лепшыя моманты 2024 года.
Шчырыя ўсмешкі і ззянне вачэй выхаванцаў пансіяната сталі ўпрыгажэннем гэтага дня і галоўнай узнагародай для гасцей.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.