Мураванкаўская царква: 500 год месцу сілы, веры і прыгажосці. Даведаліся, як сёння прайшлі ўрачыстасці з нагоды юбілею аднаго з самых старажытных храмаў Беларусі
Сёння ў вёсцы Мураванка свята. На ўрачыстасць з нагоды 500-годдзя ўнікальнай царквы-крэпасці Ражства Прасвятой Багародзіцы з’ехалася багата гасцей, сабралася мноства святароў, прыхаджан і вернікаў з усіх куточкаў Гродзеншчыны. Пад пераліўныя мелодыі царкоўных званоў прыбывалі ўсё новыя і новыя людзі – сем’і з дзеткамі, моладзь і сталае пакаленне, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, валанцёры, члены праваслаўнага ваенна-патрыятычнага клуба “Дружына... Усіх з добрай усмешкай, зычлівымі словамі сустракалі благачынны Шчучынскай царкоўнай акругі іерэй Аляксандр Пасцерняк, настаяцель храма-імянінніка іерэй Алег Засім, іншыя свяшчэннаслужыцелі.
Сярод ганаровых гасцей -- старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, кіраўнікі Шчучынскага раёна Аляксей Садоўскі і Ганна Хвядзюк і іх былыя калегі Сяргей Ложэчнік і Аляксандр Васько, начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч, генерал-маёр міліцыі, начальнік УУС Дзмітрый Разянкоў і многія іншыя.
Хлебам-соллю, шчырымі вершамі, поўнымі дзіцячай непасрэднасці, сустракалі ў Мураванцы архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Антонія. Калі распачалася святочная Боская літургія, якую ўзначаліў уладыка ў саслужэнні святароў Гродзенскай епархіі, у храме яблыку не было дзе ўпасці. Уражвалі прыгожае набажэнства, адухоўленыя твары людзей, незвычайная архітэктура царквы, яе святочнае ўбранства ў кветкі і фларыстычныя гірлянды, мноства запаленых вернікамі свечак, за кожнай з якіх парыў душы, шчыры зварот да Усявышняга.
Прыемна было ў святых старажытных сценах атрымаць заслужаныя ўзнагароды за ўклад у адраджэнне храма. Архіепіскап Антоній уручыў медалі “Каложскі крыж” і “Каложская Адыгітрыя” шэрагу прыхаджан, а таксама прадстаўнікам улады, кіраўнікам прадпрыемстваў і сельгасарганізацый, якія аказалі спонсарскую дапамогу ў рамонтных работах, што актыўна вяліся ў храме і на яго тэрыторыі напярэдадні юбілею. Сярод узнагароджаных “Каложскім крыжам” Алена Пасюта, Аляксей Садоўскі, Вольга Патапчык, Сямён Апалонік. Старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк атрымала з рук уладыкі Архіерэйскую грамату, як і дырэктары прадпрыемстваў Андрэй Блавацкі, Віктар Мінько і іншыя.
Пасля набажэнства свята духоўнасці мела свой працяг за сценамі царквы -- у імправізаваным амфітэатры.
-- Сёння на шчучынскай зямлі вялікае свята – юбілей аднаго з найстаражытнейшых храмаў Беларусі, дзе ўжо на працягу паўтысячы год да нябёс узносіцца малітва, -- падкрэсліў у сваім прывітальным слове старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі. – Хочацца выказаць словы ўдзячнасці Кіраўніку дзяржавы Аляксандру Лукашэнка за тую значную фінансавую падтрымку, што была атрымана праз прэзідэнцкі фонд для правядзення рэстаўрацыйных работ. Дзякуй і кіраўнікам працоўных калектываў, усім нераўнадушным людзям, якія сваім унёскам і працай дапамаглі абнавіць нашу святыню, надаць ёй той святочны выгляд, які мы бачым сёння.
Аляксей Валянцінавіч таксама ўручыў Ганаровую грамату Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта настаяцелю царквы Ражства Прасвятой Багародзіцы іерэю Алегу Засіму, а Падзячныя лісты райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў вялікай групе свяшчэннаслужыцеляў.
Наша зямлячка старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта прызналася, што для яе гэта царква – месца сілы.
-- Сюды хадзілі маліцца мае продкі, тут нарадзілася мая сям’я, хрысцілі майго сына, з гэтым храмам звязана шмат успамінаў, -- расчулена казала Алена Васільеўна. – Сёння нас усіх аб’яднала малітва і гэта ўнікальнае збудаванне – яркі ўзор культавага дойлідства ХVІ стагоддзя. Я з вялікай павагай адношуся да ўсіх папярэдніх настаяцеляў гэтай царквы, якія з такой любоўю і ўвагай заўжды акружалі сваіх прыхаджан, дапамагалі парадай і духоўнай падтрымкай. Надзвычай удзячна айцу Алегу Засіму, што працягвае сёння не толькі традыцыі, але і рэстаўрацыю. З Богам у другую палову тысячагоддзя, царква-імянінніца!
Прывітальныя словы і добрыя пажаданні ад міністра культуры Анатоля Маркевіча і сябе асабіста перадала начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Дашчынская. Сімвалам Беларусі назваў у сваім выступленні Мураванскаўскую царкву Аляксандр Горны -- кандыдат гістарычных навук, дацэнт ГрДУ імя Янкі Купалы. Ён зачытаў Вітальны ліст ад рэктара Купалаўскага ўніверсітэта Ірыны Кітурка і перадаў падарункі храму.
Насычаная канцэртная праграма “Вера і Боская ласка” (рэжысёр Алена Галамбоўская) была напоўнена духоўнай музыкай і песнапеннямі ў выкананні зводнага хору Шчучынскага благачыння, кранаючымі сэрца выступленнямі народных ансамбляў “Дывертысмент” і “Преображение”.
Падчас свята працавалі рамеснікі і народныя ўмельцы, гатовыя правесці майстар-клас. З турыстычным патэнцыялам Шчучыншчыны знаёмілі спецыялісты інфацэнтра. Можна было пачаставацца кавай і апетытнымі шчучынскімі піражкамі ў выязным павільёне Шчучынскага філіяла аблспажыўтаварыства.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота Дзіяны КЕЙКА.