Новая агароджа Мураванкі. Рэстаўрацыя легендарнай царквы-крэпасці працягваецца
Пакрысе набліжаецца 500-гадовы юбілей царквы Раства Прасвятой Багародзіцы, якая знаходзіцца ў вёсцы Мураванка. Чым бліжэй знакавая дата, тым прыгажэй становіцца храм і тэрыторыя пры святыні. Нядаўна завяршылася рэстаўрацыя царкоўных крыжоў, а зараз майстры актыўна ўзводзяць магутную агароджу вакол храма.
Да пачатку рэстаўрацыі прыцаркоўную тэрыторыю акружаў створаны з металічнай сеткі плот. Аднак дакладна вядома, што раней вакол храма размяшчалася магутная каменная агароджа. Пра гэта сведчаць успаміны мясцовых жыхароў і архіўныя дакументы. На вялікі жаль, у перыяд хрушчоўскага атэізму старая агароджа была знішчана. Таму сёння перад майстрамі-будаўнікамі стаіць надзвычай важная задача – аднавіць яе і зрабіць гэта максімальна набліжана да аўтэнтычнага аб’екта. Ажыццявіць задуманае дапамагае праект, які быў узгоднены Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Дзякуючы чарцяжам і планам будаўнікі дакладна ведаюць, якія характарыстыкі мела агароджа стагоддзі таму.
Улічваючы асаблівасці ландшафту, вышыня адноўленай агароджы будзе змяняцца на розных участках. У нізінах яна будзе дасягаць двух метраў. Таўшчыня муроў пры падмурках будзе складаць прыкладна адзін метр.
Ацаніць прамежкавыя вынікі працы будаўнікоў ужо можна. Зараз каля царкоўнай брамы ўзвышаецца адзін з двух слупоў і некалькі метраў агароджы. Варта адзначыць, што ўсё гэта будзе пакрыта дахоўкай, якая выкарыстоўвалася пры рэканструкцыі храма. Такім чынам, агароджа будзе дапаўняць царкву-крэпасць, у выніку атрымаецца цэласны архітэктурны ансамбль.
Цікава, што падчас раскопак на месцы былой агароджы былі заўважаны незвычайныя знаходкі, пра якія нам расказаў настаяцель царквы Раства Прасвятой Багародзіцы айцец Алег Засім:
– Падчас працы будаўнікі знайшлі рэшткі кафлі, магчыма, гэта так званая “ваза кветак” 16 стагоддзя, якая раней была апісана ў працах археолагаў. Усяго было знойдзена каля дваццаці частак кафлі, мы іх ачысцілі. Плануем дапасаваць знаходкі да музейнай экспазіцыі нашага храма. Такая колькасць кафлі ў зямлі сведчыць аб тым, што зямля ў гэтым месцы ўжо раскапвалася даўно. Напэўна, царкоўная агароджа час ад часу разбуралася і аднаўлялася. І зараз распачаўся новы цыкл яе аднаўлення.
Дзякуючы актыўнай падтрымцы арганізацый і прадпрыемстваў нашага раёна атрымалася аднавіць усе крыжы на царкве. Гэта была абавязковая ўмова для таго, каб атрымаць наступны грашовы транш ад фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. Гэтыя грошы патрэбныя для рэстаўрацыі інтэр’ера царквы.
Аднаўленнем агароджы займаюцца амаль што мясцовыя людзі – майстры з вёскі Церахі, якая знаходзіцца ў суседнім Орлеўскім сельсавеце. Узвядзенне падобных збудаванняў падразумявае скрупулёзную працу, важным этапам якой з’яўляецца падбор камянёў. Яны павінны падыходзіць па форме і памерах.
– Выкарыстоўваем збольшага вялікія камяні, іх прывозяць з суседніх палёў, – расказвае майстр Міхаіл Карповіч. – Каб падагнаць камяні пад патрэбны памер, колем іх тут, каля царквы. Для таго, каб правільна раскалоць камень і прымяніць яго ў будаўніцтве, трэба біць па кірунку яго структуры. У прынцыпе гэта падобна на працэс колкі дроў, але для таго каб працаваць з каменнем, трэба мець досвед і ўмець знайсці правільнае месца для ўдару, толькі так атрымаецца не папсаваць матэрыял.
Гэтай справай Міхаіл займаецца ўжо каля 25 гадоў, таму мае салідны досвед і кампетэнцыю. Майстар адзначае, што іхняя тэхналогія пабудовы агароджы мала чым адрозніваецца ад таго, як гэта рабілі нашы продкі. Пра сучаснасць нагадвае толькі бетонамяшалка і выкарыстанне цэменту.
Плануецца, што да зімы майстры ўзвядуць 34 метры агароджы, а ў наступным годзе дабудуюць яшчэ 100 метраў і такім чынам завершаць працу, стварыўшы вакол царквы новы аб’ект з саліднай гісторыяй.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.