Працягваюцца рэстаўрацыйныя працы на царкве Раства Прасвятой Багародзіцы ў Мураванцы
Нягледзячы на капрызы надвор’я, працягваецца абнаўленне царквы Раства Прасвятой Багародзіцы ў Мураванцы. Рэстаўрацыйныя працы на аб’екце выконваюцца супрацоўнікамі мінскай кампаніі – ТАА “СМП-128”.
Як адзначыў непасрэдны вытворца работ на аб’екце Міхаіл Хілько, аб’ёмы першага пускавога комплексу ўжо выкананы, аднак падчас грунтоўнага абследавання царквы выявілася значна больш пашкоджаных элементаў, чым меркавалася.
– Першапачаткова праектам рэстаўрацыі планавалася замена сямідзесяці цаглін, – кажа Міхаіл Хілько. – Па факце замяніць трэба каля пяцісот разбураных элементаў. Справа ў тым, што гэтыя цагліны пашкоджаны больш, чым на палову сваёй таўшчыні, таму ўжо не могуць эфектыўна выконваць нясучую функцыю. Астатнюю цэглу мы ачысцілі ад моху і рэшткаў цэменту, а таксама апрацавалі яе спецыяльнымі ўмацоўваючымі растворамі.
Зараз працягваецца рэстаўрацыя тынкоўкі гладкіх сцен і карнізаў. На даху вядзецца рамонт прымыканняў да вежаў. Таксама аднаўляецца гістарычная дахоўка на карнізах і парапетах. Рэстаўратары ўжо скончылі працы над бакавымі сценамі, завяршаюць абнаўленне фасада і выконваюць работы на алтарнай частцы царквы.
Зімовае надвор’е ўскладніла працу рэстаўратараў, аднак не спыніла яе. Міхаіл Хілько расказаў, як атрымліваецца даваць рады ўздзеянню марозу на будаўнічы працэс:
– Для таго, каб працаваць у мінусавыя тэмпературы, мы стварылі цяпляк – гэта двайная плёнка, якая нацягнута па ўсім перыметры рыштаванняў і праграваецца спецыяльнай пушкай. Па сутнасці гэтая сістэма нагадвае парнік.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.