17 прышкольных лагераў з дзённым знаходжаннем дзяцей працавалі ва ўстановах адукацыі нашага раёна падчас вясновых канікулаў з 23 па 31 сакавіка
– Лагеры, у якіх адпачылі 330 дзяцей, дзейнічалі ва ўсіх школах раёна, акрамя Дэмбраўскай, – расказвае вядучы спецыяліст прадстаўніцтва Гродзенскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні па Шчучынскім раёне Валянціна Мікалаеўна Ложэчнік. – Трэба адзначыць, што адпачынак школьнікаў быў арганізаваны дастойна. Акрамя таго, што рабяты ўдзельнічалі ў спартыўных, забаўляльных і музычных мерапрыемствах, якія праводзіліся ў лагерах, яны мелі магчымасць пабываць на экскурсіях у лесанасенным цэху Шчучынскага лясгаса, у музейным пакоі Шчучынскага РАНС, у Палацы творчасці дзяцей і моладзі і ў іншых цікавых месцах. Належным чынам было арганізавана і харчаванне школьнікаў.
Цікава ладзіўся адпачынак у лагерах Васілішкаўскай і Астрынскай сярэдніх школ, гімназіі, СШ №1 г.Шчучына і ў іншых.
Ганна РУДСКАЯ.