На варце спакою грамадзян. У Шчучынскім РАУС падвялі вынікі работы за першае паўгоддзе 2024 года
У Шчучынскім раённым аддзеле ўнутраных спраў прайшла аператыўная нарада, на якой праваахоўнікі падвялі вынікі аператыўна-службовай дзейнасці за першае паўгоддзе 2024 года. Удзел у нарадзе ўзялі начальнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрый Рэзенкоў і начальнік штаба УУС аблвыканкама Андрэй Сядлецкі.
Адкрыў аператыўную нараду начальнік Шчучынскага РАУС Аляксандр Мельнікаў.
– За бягучае паўгоддзе мы змаглі дасягнуць пэўных станоўчых вынікаў, – адзначыў Андрэй Мельнікаў. – У першую чаргу – гэта зніжэнне агульнага ўзроўню злачыннасці ў Шчучынскім раёне, зніжэнне агульнай колькасці злачынстваў зарэгістраваных у раёне, зніжэнне злачыннасці па лініі крымінальнага вышуку. Намі не дапушчана росту цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. За паўгоддзе не зарэгістраваны такія злачынствы як разбой, згвалтаванне і вымагальніцтва. На дастаткова высокім узроўні забяспечана ў нашым раёне ахова грамадскага парадку. Аднак, разам са станоўчымі вынікамі маецца шэраг негатыўных тэндэнцый, якія патрабуюць выпраўлення.
Так, адной з галоўных прычын, якая не дазваляе ў поўнай меры павысіць эфектыўнасць работы РАУС, названа недастатковая ўкамплектаванасць асабістага састава некаторых службаў. Было прынята рашэнне вырашаць гэту праблему за кошт паляпшэння якасці прафарыентацыйнай дзейнасці.
Па выніках аператыўнай нарады начальнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрый Рэзенкоў паставіў канкрэтныя практычныя задачы кіраўніцтву Шчучынскага РАУС па забеспячэнні правапарадку і бяспекі грамадзян у нашым раёне на другое паўгоддзе 2024 года.
Завяршылася нарада ўручэннем заслужаных узнагарод і прысваеннем чарговых званняў. Так, чарговае спецыяльнае званне “капітан міліцыі” было прысвоена Паўлу Мікалайчыку і Аляксандру Мацевічу. Чарговае спецыяльнае званне “лейтэнант міліцыі” атрымаў Дзмітрый Курыла.
Ганаровай граматай УУС аблвыканкама была адзначана Алена Малашка, таксама грамату УУС уручылі Ігару Матусевічу. Падзяка начальніка УУС была ўручана Андрэю Саковічу і Максіму Саўчуку.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.