Танцы, спевы і сем вяселляў у адзін дзень. Даведайцеся як у Дэмбраве прайшоў фестываль фальклору “Паміж намі, суседзямі” (+ВІДЭА)

 

Нацыянальныя строі, традыцыйныя абрады, танцы, спевы і многае іншае, што ўпрыгожвае і ўзбагачае культуру Шчучыншчыны можна было пабачыць на свяце фальклору “Паміж намі, суседзямі”. Брэндавае мерапрыемства ўжо не першы год прымае гасцей у аграгарадку Дэмбрава, дзе збіраюцца фальклорныя калектывы з розных сельсаветаў раёна.

 

Гэтым разам сярод гледачоў на фестывалі прысутнічалі паважаныя госці – намеснік старшыні райвыканкама Міхаіл Сушчэўскі, загадчык сектара культуры райвыканкама Анжэла Турэвіч, якая стала старшынёй камісіі журы на фестывалі і дырэктар ААТ “Дэмбрава” Аляксандр Туля.

 

 

– Добры дзень паважаныя дэмбраўцы, жыхары Шчучынскага раёна, – звярнуўся да прысутных Міхаіл Сушчэўскі. – Дружная ў нас сям’я, вясёлая, моцная, дужая. Некалькі дзён аддзяляе нас ад галоўнага дзяржаўнага свята – Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Напярэдадні свята хочацца пажадаць усім чыстага і мірнага неба над галавой. Каб мы жылі ў квітнеючай, дружнай, вольнай і незалежнай краіне.

 

З прывітальным словам да гледачоў звярнулася Анжэла Турэвіч:

 

– Вельмі прыемна прысутнічаць на гасціннай дэмбраўскай зямлі. Шчыра віншую вас са святам, якое праходзіць ужо не адзін год. Вельмі спадзяюся, што сёння яно будзе як і заўсёды выдатнае. Ганаруся нашымі ўдзельнікамі і веру, што сёння вы ўсе пакажаце свае лепшыя традыцыі. Самае галоўнае, што мы ўсе сабраліся на гэтай пляцоўцы і будзем мець магчымасць шчыра пагутарыць паміж намі, суседзямі.

 

Сёлета ў фестывалі “Паміж намі, суседзямі” ўзялі ўдзел прадстаўнікі сямі сельсаветаў раёна – Орлеўскага, Жалудоцкага, Першамайскага, Лядскага, Астрынскага, Васілішкаўскага і Дэмбраўскага

 

 

Кожны калектыў падрыхтаваў асаблівыя нумары ў якіх яны пастараліся ў творчай форме расказаць пра свой родны куток. Хтосьці прыдумаў вершы і песні пра родную мясцовасць. Некаторыя ўдзельнікі фестывалю зрабілі акцэнт на слаўнай гісторыі свайго краю. Вясёлыя прыпеўкі, народныя анекдоты, танцы і тэатральныя мініяцюры можна было пабачыць на сцэне каля Дэмбраўскага сельскага Дома фальклору. Дарэчы, паглядзець на падрыхтаваныя выступы прыйшлі і прыехалі як дарослыя, так і дзеці, для якіх працавалі забаўляльныя пляцоўкі і гандлёвыя рады.

 

Конкурсная праграма ўключала ў сябе не толькі сцэнічнае майстэрства. Удзельнікі таксама прадэманстравалі свае ўменні ў розных танцах. Вальс, Полька, Лявоніха, Падыспань і Кракавяк можна было пабачыць у выкананні прадстаўнікоў каманд розных узроставых катэгорый.

 

 

Пасля ўсе жадаючыя маглі паўдзельнічаць у цікавым танцавальным майстар-класе і станчыць знакамітую Дэмбраўскую кадрылю. Гэты ўнікальны варыянт кадрылі з’яўляецца культурным гонарам нашай зямлі, існуючы ў вясковым асяроддзі ён увасабляе мясцовы каларыт і арыгінальнасць. Сёння гэтыя танцавальныя традыцыі захоўваюць розныя пакаленні дэмбраўцаў у складзе фальклорнага калектыву “Скарбоначка”. І вось у вясёлым танцы на вуліцах аграгарадка кружаць больш за трыццаць пар – ад малога да старога. Скончыліся танцы традыцыйнай гульнёй у ручаёк.

 

Далей удзельнікі фестывалю прадставілі свае падворкі на тэматыку беларускага вяселля. Усе канкурсанты пастараліся прэзентаваць вясельны абрад з гістарычнымі традыцыямі сваіх рэгіёнаў. Асобна члены журы ацэньвалі стравы нацыянальнай кухні, якія ўпрыгожвалі вясельны стол.

 

 

Усе каманды добра падрыхтаваліся і паказалі цікавыя падворкі, цудоўныя выступы і танцы. Аднак лепшыя калектывы па выніках усіх конкурсаў былі вызначаны. Лаўрэатам трэцяй ступені сталі прадстаўнікі Васілішкаўскага сельсавета, другое месца заняла каманда Жалудоцкага сельсавета, а пераможцамі сталі гаспадары фестывалю – прадстаўнікі Дэмбраўшчыны.

 

 

На гэтым свята не скончылася. Далей з канцэртам перад гледачамі выступіў заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Саладуха, а завяршыў праграму фальклорнага свята танцавальны вечар.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!