Насуперак чорным фарбам Чарнобыля

Хто тады ў 1986-ым ведаў, што дзень 26 красавіка ўвойдзе ў гісторыю як адзін з самых журботных? Паўсюль лікавала вясна. Такой цеплыні, такой радасці і трыумфу яркіх фарбаў прыроды ў красавіку даўно не бывала. 

Аб маштабах трагедыі толькі здагадваліся 
– Мы якраз бульбу садзілі. Сваяк у цёшчы дах крыў, – узгадвае звычайныя жыццёвыя варункі жыхар аграгарадка Гурнофель Генадзій Тадэвушавіч Васюк. – А праз дзень і я да цешчы прыехаў. Якраз паштальён газету «Правда» прынёс: тады ў кожным доме салідную перыёдыку выпісвалі. На вочы трапіла кароценькая «інфармашка»: маўляў, адбыўся выбух на Чарнобыльскай АЭС, сітуацыя пад кантролем. Нядобрае прадчуванне падмацоўвалася ведамі аб радыяцыі, атрыманымі падчас армейскай службы. А сваяк-страхар, які і ўвогуле служыў у хімвойсках, таксама прачытаўшы публікацыю, тут жа выдаў: «Ага, пад кантролем. Кранты будуць!»
Мы абмяркоўвалі гэту маленькую публікацыю з вялікім хваляваннем употай ад жанчын, каб лішне не пужаць іх. Але літаральна праз некалькі дзён ужо ўсё было напоўнена чуткамі, у аптэках скуплялі ёд, працавала «сарафаннае радыё», і толькі аб’ектыўная афіцыйная інфармацыя была ў дэфіцыце…
У першыя майскія дні на базе ўпраўлення МУС (а я тады служыў у міліцыі) стаў фарміравацца зводны атрад, што на месяц накіроўваўся на службу ў 10-кіламетровую ад рэактара зону. На змену першаму – другі атрад, а ў склад трэцяга, у ліпені 1986 года, быў уключаны я. 
– Ці маглі Вы адмовіцца? – запытваю ў Генадзія Тадэвушавіча.
– Нават думкі такой не ўзнікала. Я ж быў камуністам, а камуністы і камсамольцы заўжды на пярэднім краі, як бы там складана ні надаралася. Мы ў гэта верылі, мы гэтым жылі.
…Так сяржант міліцыі Васюк трапіў у рады ліквідатараў аўтагеннай катастрофы. Было яму на той час 26 гадоў, ягонаму маленькаму сыну – два. І перад расстаннем прынялі яны тады з жонкай – любай Марыяй – жыццесцвярджальнае маладое рашэнне: насуперак усім чарнобыльскім нягодам у іх сям’і павінна нарадзіцца яшчэ і дачушка. Так яно і выйшла!


«Зялёная маска рэспіратара ад радыяцыйнага пылу рабілася чырвонай»
– У склад трэцяга зводнага атрада ўваходзілі прадстаўнікі з усяе Гродзеншчыны, асабліва было шмат лідчан, – расказвае Г.Т. Васюк. – Ад Шчучынскага РАУС, акрамя мяне, у гэту змену направілі яшчэ Івана Бялайца і Славу Біндзея, якога, на вялікі жаль, ужо няма ў зямным жыцці. Усе на той час маладыя, здаровыя… Мы былі гатовы выконваць любыя задачы ва ўмовах надзвычайнай сітуацыі, што раздзяліла жыццё ўсяго нашага народа на «да» і «пасля» Чарнобыля.
…Выехалі рана. Зона адчужэння сустрэла густым туманам. Паўсюдна знакі, знакі, якія нібыта не гаварылі, а крычалі: «Увага, радыяцыя! Заражаная мясцовасць! Нельга з’язджаць на абочыну ні на сантыметр!» 
Пасёлак Камарын Брагінскага раёна. Вусце Прыпяці. Побач – Днепр. Мясціны неверагодна прыгожыя. Да ўсяго экватар лета: прырода квітнее, красуе, наліваецца жыватворнымі сокамі зямлі. А зямля – атручаная. Як жа горка было гэта ўсведамляць…
Генадзій Тадэвушавіч расказвае ўсё гэта надзвычай эмацыянальна. Здаецца, тыя ўспаміны і сёння не адпускаюць. Чапляюць за жывое. Не ад аднаго яго чула, якім багатым ураджаем здзіўлялі тым летам сады ў зоне адчужэння.
– Голле ад пладоў у самым што ні на ёсць прамым сэнсе ламалася. Слівы, нібы персікі, – вялікія, спакушальныя. Але нас адразу папярэдзілі: нічога не каштаваць. Небяспечна! – працягвае свой аповед сведка тых далёкіх-блізкіх падзей. – Размясцілі нас у школе, выдалі няхітрую амуніцыю: са сродкаў абароны – звычайны рэспіратар, з прыбораў – палявы дазіметр. Калі патрулявалі на дарогах, то ва ўмовах радыяцыйнага пылу зялёная маска рэспіратара літаральна праз паўгадзіны станавілася … чырвонай. 
Нашай задачай было ахоўваць пакінутыя вытворчыя аб’екты і жылыя дамы, не дапускаць, каб з гэтай зоны людзі вывозілі сваю маёмасць: радыяцыя не павінна «распаўзацца».
Самае высокае заражэнне з давераных нам пунктаў было ў «Чэрневе-1», крыху меншая доза радыяцыі – на пастах «Савічы» і «Перкі». Службу мы неслі па 12 гадзін, а затым – у абавязковым парадку мыццё ў лазні і двое сутак на аднаўленне сіл.
Самаадчуванне было не з лепшых. Увесь час змагаліся са слабасцю і паўсонным станам. На сухіх вуснах – агідна-саладкаваты смак. 
Хутаране называлі чарнобыльскую аварыю няйначай як «вайна»
Не ўсе з ліку мясцовага насельніцтва эвакуіраваліся з зоны адчужэння. Генадзій Тадэвушавіч Васюк нават напісаў апавяданне пра кур’ёзны выпадак на адным з хутаркоў паблізу ад Савічаў, дзе жылі дзядок і некалькі бабулек. Міліцыянеры, прыязджаючы на пост несці службу, абавязкова заязджалі да гэтых насельнікаў, прывозілі ім харчы і ваду з чыстай зоны. 
– Самае дзіўнае, што людзі не ўпадалі ў песімізм. І дапамагала ім у гэтым песня! – нібы вяртаецца ў тыя часы мой суразмоўца. – Адна з бабулек цудоўна іграла на гармоніку, а астатнія аднавяскоўцы так цудоўна і зладжана спявалі! Гучалі рускія, украінскія і, канешне, беларускія народныя песні. Нідзе не чуў, каб так ад душы спявалі. А аднойчы…
Гэты выпадак так узрушыў, што не забываецца да гэтай пары. Міліцыянеры прыехалі з гасцінцамі, але ўбачылі паніклыя твары сваіх сяброў. «Што надарылася?»– пытаюць. «Мы ж кажам, што вайна. Якраз, як калісь акупанты, да нас уварваліся – усе здаравенныя, белабрысыя, рукавы ў рубашках закасаны, па-свойму нешта гергечуць: курэй лапалі, парсюка хацелі забраць…» 
Так вяскоўцы сустрэліся з марадзёрамі. Саюз быў шматнацыянальнай краінай, а ў зону адчужэння рынуліся, каб пажывіцца, не самыя лепшыя прадстаўнікі розных народаў. 
– Вядома мы напісалі рапарт, па пэўных прыкметах не цяжка было вылічыць гэтых «герояў», якія хацелі нажыцца на чужым горы, – з горыччу гаворыць Генадзій Тадэвушавіч.
 * * *
… Нават пасля «чарнобыльскай вахты» яго яшчэ доўга «не адпускала» зона адчужэння. Таварышы, з якімі дастойна вытрымаў гэты іспыт, сталі нібы роднымі. З Іванам Бялайцам потым нават давялося разам дзяжурна-аператыўную службу ў Шчучынскім РАУС несці: Г.Т. Васюк узначальваў АДС, а І.У. Бялайц быў яго надзейным памочнікам.
Ганаровая грамата Міністэрства ўнутраных спраў БССР – як удзячнасць Генадзію Тадэвушавічу «за высокую свядомасць, самаадданасць, прафесійнае майстэрства пры нясенні службы ў раёнах, прылягаючых да Чарнобыльскай АЭС». Дарэчы, прозвішча Васюка занесена на Дошку гонару УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Сёння маёр міліцыі на заслужаным адпачынку, але па-ранейшаму ў страі. Ён нясе службу ў падраздзяленні аховы і кантролю ААТ «Васілішкі». 
– У нашай гаспадарцы працуюць дзевяць ліквідатараў наступстваў Чарнобыльскай АЭС, – гаворыць спецыяліст па ідэалагічнай рабоце Святлана Міхайлаўна Габіс. – Усе яны – старанныя работнікі, паважаныя людзі. Вадзіцель А.К. Гулянцаў, механізатар В.І. Вінча, рабочы І.М. Тарас, слесар С.Р. Наркевіч, электраманцёр І.І. Комлік, жывёлавод П.І. Рышкевіч, аператар А.Т. Горні, ахоўнікі С.І. Якубашка і ўжо вядомы вам яго калега Г.Т. Васюк – у кожнага з іх свая гісторыя, свой жыццёвы ўрок, вынесены з Чарнобыля, але ва ўсіх без выключэння – гэта ўрок мужнасці.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара і з архіва Г.Т. Васюка.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!