Шэсцьдзясят пяць год разам і душа ў душу пражылі жыхары в. Доўгая Орлеўскага сельсавета Іосіф Іванавіч і Ганна Уладзіміраўна Зубель

Сваё жалезнае вяселле яны адзначалі першага чэрвеня – менавіта ў гэты дзень у 1953 годзе быў зарэгістраваны іх шлюб. Павіншаваць юбіляраў з такой сур’ёзнай датай сабраліся іх дзеці, унукі, праўнукі. Завітаў у гэту гасцінную хатку ў самым пачатку вёсачкі і старшыня Орлеўскага сельвыканкама Андрэй Георгіевіч Шэршань. Ён пажадаў мужу і жонцы моцнага здароўя, яшчэ доўгіх год сумеснага жыцця і ўручыў Ганне Уладзіміраўне кветкі і памятныя сувеніры. 

Ганна Уладзіміраўна і Іосіф Іванавіч нарадзіліся і выраслі ў Доўгай. Тут і спатрэбіліся. Абое – са шматдзетных сем’яў: у сям’і бабулі было чацвёра дзяцей, а ў дзядулі – шасцёра. Бацькі і аднаго, і другога загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, матулі засталіся адны з дзецьмі на руках. Як успамінае Ганна Уладзіміраўна, жыццё было вельмі цяжкім, часам нават галадаць прыходзілася…

– Помню, ішла мама да суседа зерне малоць, – расказвае Ганна Уладзіміраўна. – Я ёй кажу: “Мамачка, цяпер можа хоць хлеба спячом?” А яна мне адказвае: “Не, дзеткі, будзем кашу варыць, так надалей хопіць”. А я іду да хаты, плачу і сама сабе думаю: “Божа, ці ж не настануць такія часы, каб я магла ўдосталь хлеба наесціся?!” Па ўсім відаць, ён пачуў маю просьбу...
Пра Іосіфа Іванавіча, за якога пайшла Ганна Уладзіміраўна маладзенькаю васямнаццацігадоваю дзяўчынаю, яна гатова гаварыць толькі добрыя словы. Увесь час многа працаваў і нават цяпер, у свае амаль дзевяноста, яшчэ трымае коніка і сам садзіць і апрацоўвае бульбачку. І пшаніцу для курэй пасее і вырасціць, і сена прывязе. 
Пажаніўшыся, маладыя руплівыя гаспадары пабудавалі свой дом, абзавяліся жывёлай – каровамі, цяляткамі… Ганна Уладзіміраўна хадзіла на палявыя работы ў мясцовую гаспадарку. Іосіф Іванавіч спачатку працаваў трактарыстам, потым добрасумленнага, адказнага работніка назначылі брыгадзірам паляводчай брыгады. Атрымліваў добрую зарплату, сям’я, у якой падрасталі пяцёра дзетак, жыла ў дастатку. За працоўныя дасягненні быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. 
…За шэсцьдзясят пяць год сумеснага жыцця не разгубілі Ганна Уладзіміраўна і Іосіф Іванавіч павагі адзін да аднаго, іх адносіны толькі ўмацоўваліся і станавіліся яшчэ больш трывалымі, выпрабаванымі часам. Выраслі дзеці, раз’ехаліся з бацькоўскага дома. Гадаваліся ў бабулі і дзядулі ўнукі. І цяпер наведваюцца, не забываюць. З хатняй гаспадаркі – толькі конік, козачка і куры. І тое, гэта толькі для таго, каб не сядзець без справы. Усё, што трэба бацькам, даставяць дзеці. 
– Самае галоўнае – шанаваць адзін аднаго, паважаць, жыць у згодзе і заўсёды ўступаць, – раскрывае сакрэт свайго такога доўгага сямейнага шчасця Ганна Уладзіміраўна. – Тады і сем’і будуць моцнымі.
Бывайце здаровымі, шаноўныя юбіляры! Спадзяемся сустрэцца з вамі на 70-ці гадовы юбілей вашага сумеснага жыцця. 
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!