У барацьбе з радыяцыяй яны ратавалі Радзіму. У Шчучынскім РАУС адбылася сустрэча ветэранаў міліцыі – ліквідатараў наступстваў аварыі на ЧАЭС

 

Штогод 26 красавіка мы ўзгадваем трагедыю, якая моцна адбілася на лёсе сотняў тысяч жыхароў Беларусі. Наступствы катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі і да сённяшняга дня турбуюць грамадскасць. Але ўсе сыходзяцца ў адным меркаванні – аварыя магла б забраць значна больш жыццяў мірных жыхароў і, магчыма, паставіць крыж на лёсе нашай краіне. Аднак гэтага не здарылася, дзякуючы гераічнай і самаахвярнай працы ліквідатараў наступстваў аварыі на ЧАЭС. Менавіта яны, рызыкуючы жыццём у мірны час, выратавалі нашу Радзіму ад тэхнагеннай катастрофы, сярод іх былі і нашы землякі. Нямала “чарнобыльцаў” было сярод шчучынскіх міліцыянераў.

 

Кожны год ветэраны-ліквідатары збіраюцца ў Шчучынскім РАУС, каб узгадаць мінулае, пагутарыць з сябрамі пра службу і даведацца, чым жыве міліцыя Шчучыншчыны сёння. За кубкам гарбаты ў шчырай гутарцы з намеснікам начальніка РАУС Паўлам Кузняцовым ветэраны міліцыі расказалі пра тое, як неслі службу ў зоне адчужэння.

 

Міхаіл Майко, падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы, да службы паспеў папрацаваць настаўнікам фізікі, таму ў адрозненні ад многіх жыхароў добра разумеў, што такое радыяцыя, і дакладна ведаў, як яна ўплывае на арганізм чалавека. Калі паступіў загад выехаць на месца ліквідацыі наступстваў аварыі, Міхаіл Іванавіч адразу пачаў збірацца ў дарогу, бо разумеў, што толькі рашучыя дзеянні мужных людзей могуць выратаваць краіну ад радыяцыйнай пагрозы.



– Калі мы прыехалі ў Гомельскую вобласць, лес там ужо быў рудым, зямля пажаўцела. Стаяла задача прыбраць радыяцыю. Там мылі дахі дамоў, закопвалі зямлю ў магільнікі, каб не даць разляцецца небяспечным радыеэлементам. У выселеных вёсках, жыхары якіх вымушаны былі пакінуць свае рэчы ў дамах, узнікла праблема з марадзёрамі. Нам, супрацоўнікам міліцыі, ставілася задача лавіць іх, каб не даць развезці па Савецкім Саюзе заражаныя рэчы. Таксама спатрэбіліся мае веды, як настаўніка фізікі. Я часта выступаў у школах, якія знаходзіліся каля трыццацікіламетровай зоны, і расказваў насельніцтву аб небяспецы, якую нясе радыяцыя.

 

 

Антон Кавалеўскі трапіў на ліквідацыю наступстваў аварыі ў 1987 годзе. Тады ён працаваў старшым інспектарам дарожна-патрульнай службы.

 

– Адразу прыехалі ў Нароўлю, стаялі на дарогах і правяралі тэхніку, якая пакідала трыццацікіламетровую зону адчужэння, – узгадвае Антон Кавалеўскі. – Правяралі грузы, якія вывозяцца, дазіметрамі мералі ўзровень забруджанасці тэхнікі. Машыны, якія не траплялі ў норму, накіроўвалі на мыйку. Жыць прыходзілася на тэрыторыі трыццацікіламетровай зоны. Памятаю, што ўжо ў 1987 годзе там развялося шмат жыўнасці: ласі, дзікі, нават дзікія коні.

 

 

Сяргей Карэцкі таксама да аварыі быў інспектарам ДПС у Шчучыне і летам 1986 года ён у складзе патрульных экіпажаў з Гродзенскай вобласці трапіў у Хойнікі.

 

– У нас таксама была задача правяраць машыны на ўзровень радыяцыі, – дзеліцца Сяргей Карэцкі. – Памятаю, што праводзілі дэзынфекцыю транспарту, палівалі яго вадой. Ездзілі па ўсім Хойніцкім раёне, лавілі п’яных вадзіцеляў. Працавалі і ў начныя змены. Тады яшчэ мала хто ўсведамляў небяспеку радыяцыі. Памятаю, што часта пяршыла ў горле, гэта былі самыя распаўсюджаныя прыкметы ўплыву радыеэлементаў на арганізм. Але служба ёсць служба, загад трэба выканаць пры любых абставінах, таму страху не было.

 

 

У ліпені 1986-га пабываў на Гомельшчыне і ветэран Шчучынскага РАУС Станіслаў Якубашка:

 

– Працавалі ў дзве змены, асабіста я быў задзейнічаны ў пешым патрулі. Мы ахоўвалі населеныя пункты ад марадзёраў. Злачынцы баяліся заходзіць у вёскі, бо ведалі, што іх ахоўвае міліцыя. Здаралася так, што сустракалі старых дзядуляў і бабуляў, якія не хацелі пакідаць свае дамы і заставаліся жыць у зоне. Мы дапамагалі такім людзям, насілі ім ежу, падтрымлівалі пажылых людзей. З часам большасць з іх усё ж выехалі з зоны.

 

Пасля шчырай гутаркі ветэраны-ліквідатары наведалі музейны пакой Шчучынскага РАУС, дзе яшчэ раз узгадалі свае службовыя будні. Такія мерапрыемствы ў чарговы раз даказваюць, што традыцыі шчучынскай міліцыі жывуць і перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Як адзначае намеснік начальніка РАУС Павел Кузняцоў, ветэраны міліцыі дапамагаюць нават пасля зыходу ў адстаўку, даючы прыклад вялікай мужнасці і маралі маладому пакаленню праваахоўнікаў.

 

 

Словы падзякі ліквідатарам у дзень аварыі на ЧАЭС выказаў начальнік Шчучынскага РАУС Аляксандр Мельнікаў:

 

– Паважаныя ветэраны РАУС, удзельнікі ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС! Кожны год, 26 красавіка мы ўзгадваем трагічную падзею – аварыю на атамнай электрастанцыі, якая крывавым следам адбілася на лёсе нашай краіны. Мы шануем памяць людзей, якія прымалі ўдзел у ліквідацыі гэтай аварыі. Ліквідатары паказалі сапраўдную мужнасць і самаадданасць пры выкананні сваіх абавязкаў. Іх жыццё – прыклад для маладога пакалення. У гэты дзень ад усёй душы жадаю вам мірнага неба над галавой, здароўя, шчасця і дабрабыту.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!