Наступіў галоўны дзень:Шчучыншчына выбірае дэпутатаў мясцовых Саветаў
Мы ўязджаем у аграгарадок Ляшчанка, калі на вуліцы і ў жылых дамах яшчэ цёмна. Але вокны першага паверха ў мясцовым дзіцячым садзе – сярэдняй школе заліты святлом. Менавіта тут знаходзіцца ўчастак для галасавання №10.
Да пачатку галасавання яшчэ ёсць некалькі хвілін. Старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Віталій Віктаравіч Матвіенка яшчэ раз ацэньвае гатоўнасць да прыходу выбаршчыкаў, а потым прынародна апячатвае скрыні для галасавання – стацыянарную і для галасавання па месцы жыхарствпа выбаршчыкаў. На кожнай -- папяровыя стужкі з подпісамі членаў камісіі. Аб'явіўшы аб пачатку выбараў, ён жадае ўсім добрага дня і плённай працы.
За падрыхтоўчым працэсам назіраюць два наглядальнікі – Святлана Сямашка ад "Белай Русі" і Вольга Чарнец, вылучаная працоўным калектывам дома інтэрната.
А роўна ў восем гадзін раніцы гэты выбарчы ўчастак адчыняе свае дзверы. І ўжо праз некалькі хвілін у памяшканні для галасавання з'яўляюцца першыя выбаршчыкі. Знаёмімся. Гэта жыхары аграгарадка Ляшчанка Аляксандр Баляслававіч Сяргей з жонкай Аляксандрай Уладзіміраўнай і сынамі Ільёй і Захарам.
-- Я прывык рана ўставаць, -- адказвае мужчына на маё пытанне пра ранні візіт. – Да таго ж ісці разам на выбары – у традыцыях нашай сям'і. Лічу, аддаць свой голас за дастойнага прэтэндэнта на права дэпутатам звацца трэба абавязкова. Не хочацца заставацца ў баку ад грамадскага жыцця. Наказ народным абраннікам ад нашай сям'і – быць сумленнымі, мэтанакіраванымі і заўжды адстойваць інтарэсы сваіх выбаршчыкаў.
Дарэчы, сам А.Б. Сяргей сёння не толькі ў статусе выбаршчыка, але і кандыдата ў дэпутаты Лядскага сельскага Савета.
Апусціўшы бюлетэнь у скрыню, гэтыя дастойныя людзі з пачуццём выкананага абавязку накіроўваюцца дамоў. А ў мяне ёсць некалькі хвілін, каб агледзецца ў памяшканні для галасавання. Уражанне прыемнае. Тут прасторна, светла і зручна. Гэта ўжо ацанілі і тыя вяскоўцы, што скарысталіся правам прагаласаваць датэрмінова.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.