У агляднай камісіі ўсё пад кантролем

Аглядная камісія Лядскага сельсавета заняла першае месца ў штогадовым абласным аглядзе супрацьпажарнага стану жылых дамоў у населеных пунктах Гродзенскай вобласці за 2017 год сярод аглядных камісій жыллёва-эксплуатацыйных служб г. Гродна, раённых цэнтраў, а таксама сельскіх і пасялковых аглядных камісій.

– За апошнія дзесяць год на тэрыторыі сельсавета не было дапушчана гібелі людзей у пажарах, – расказвае старшыня Лядскага сельвыканкама Павел Анатольевіч Літавар. – Рэзультатыўная дзейнасць нашай агляднай камісіі неаднаразова адзначалася ў штогадовым абласным аглядзе супрацьпажарнага стану жылых дамоў: у 2013 годзе мы былі на другім месцы, у 2015-ым – на трэцім.
Адладжаная, сістэматычная прафілактыч­ная работа, безумоўна, дае свае вынікі. Кожны чацвер члены агляднай камісіі накіроўваюцца ў населены пункт, выбраны старшынёй камісіі, і праводзяць падворны абход жылых дамоў, нагадваюць жыхарам правілы бяспекі. Па прапанове старшыні Шчучынскага райвыканкама С.В. Ложэчніка ў кожным доме члены камісіі запаўняюць чэк-ліст – выніковы дакумент праверкі, у якім утрымліваецца ўся інфармацыя аб грамадзянах, якія там пражываюць, а таксама аб выяўленых у даным домаўладанні парушэннях.

aglkom_2.jpg
– Пры выяўленні розных няспраўнасцей электраправодкі або пячнога ацяплення рэкамендуем жыхарам ухіліць іх, каб пазбегнуць непрыемнасцей, устанаўліваем тэрміны, на працягу якіх трэба выканаць патрэбныя работы і абавязкова трымаем гэта на кантролі, – расказвае Павел Анатольевіч. – Людзям адзінокім, інвалідам і тым, хто жыве адзін, а таксама мнагадзетным сем’ям мы прапануем неабходную дапамогу: рамантуем электраправодку, печкі, устанаўліваем у іх дамах аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Жыллё мнагадзетных сем’яў, што знаходзяцца ў сацыяльнанебяспечным становішчы, абуладкоўваецца АПА з вывадам на знешняе гукавае ўстройства. Звяртаемся па дапамогу і да дарослых дзяцей сталых вяскоўцаў, якія жывуць адны: накіроўваем сынам або дочкам пісьмы, у якіх указваем, якія меры неабходна прадпрыняць, каб жыллё іх бацькоў было абсалютна бяспечным. Мясцовыя гаспадаркі таксама клапоцяцца пра бяспеку сваіх работнікаў – устанаўліваюць АПА ў ведамасным жыллі.
Сёння на тэрыторыі сельсавета ў сямнаццаці населеных пунктах пражывае 2035 жыхароў, з іх 546 – пажылыя людзі. За адзін дзень работы члены агляднай камісіі наведваюць па 20-25 жылых дамоў. “Ненадзейнае” жыллё трымаецца на асобым кантролі.
Сярод самых распаўсюджаных парушэнняў – няспраўнасць пячнога ацяплення і дымаходаў, а таксама электраправодкі.
– А звязана гэта з тым, што пераважная большасць дамоў пабудавана пяцьдзясят і больш гадоў таму, – разважае Павел Анатольевіч. – Як вядома, і печкі, і электраправодка за гэты час могуць выйсці са строю. Пры ўзнікненні пытанняў з электрычнасцю, мы звязваемся з інспекцыяй энерганагляду, спецыялісты якой выязджаюць па ўказаным адрасе, праводзяць неабходную праверку і выдаюць заключэнне. Калі праводка не адпавядае патрабаванням – яна павінна быць заменена.
Як сцвярджае Павел Анатольевіч, на тэрыторыі Лядскага сельсавета ў пераважнай большасці жывуць грамадзяне сумленныя, якія клапоцяцца пра бяспеку свайго жылля, таму выконваюць усе патрабаванні правіл пажарнай бяспекі.
– Мы не прыцягваем вяскоўцаў да адміністрацыйнай адказнасці, а тым, хто не спяшаецца выканаць нашы патрабаванні, стараемся прывесці пераканаўчыя прыклады, каб у іх не засталося і цені сумнення, – тлумачыць Павел Анатольевіч. – Але хачу падкрэсліць, што гэта адзінкавыя выпадкі. І калі быць настойлівым і катэгарычным, рэальна дабіцца пастаўленай мэты. Чалавек зразумее, што ў першую чаргу гэта патрэбна яму, каб жыць у бяспецы.

aglkom_3.jpg
На сённяшні дзень у склад камісіі ўваходзіць дванаццаць чалавек: старшыня Лядскага сельсавета П.А. Літавар, кіраўнік справаў сельвыканкама К.З. Войдак, інспектар сельвыканкама Н.С. Матвіенка, інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Шчучынскага РАНС А.А. Малмыга, спецыяліст тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Т.У. Шандроха, дырэктар Ляшчанскага дз/с-СШ Ф.В. Арабчык, загадчыца Амбілеўскага ФАПа Т.Я. Сосна і загадчыца Лядскага ФАПа Г.І. Гайдукевіч, участковы інспектар А.С. Ляпеша, галоўны інжынер Шчучынскай птушкафабрыкі В.В. Матвіенка, вадзіцель Шчучынскага РГЗ І.І. Жук і кантралёр Шчучынскага РЭС Л.М. Чарняк.
– Хачу адзначыць, што ў мяне ўжо назапашаны пэўны вопыт работы ў саставе агляднай камісіі, – гаворыць Павел Анатольевіч. – Яшчэ да прыходу ў сельсавет я працаваў у Шчучынскім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Таму ў поўнай меры валодаю заканадаўчай базай, добра ведаю ўсе патрабаванні, дый прафесійнае чуццё не падводзіць. У састаў нашай камісіі ўваходзяць адказныя спецыялісты, у якіх заўсёды ўсё пад кантролем. Напэўна таму мы і дабіліся такіх рэзультатаў. Галоўная наша задача – зрабіць жыццё жыхароў Лядскага сельсавета бяспечным.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!