У Шчучынскім раёне падвялі вынікі работы і абазначылі задачы на перспектыву

 

На сумесным пасяджэнні райвыканкама і сесіі раённага Савета дэпутатаў былі разгледжаны вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця і выканання бюджэту раёна за 2023 год, а таксама пастаўлены задачы на бягучы год. Удзел у пасяджэнні, якое правёў старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі, прыняла старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта.

 

Намеснік старшыні райвыканкама Міхаіл Сушчэўскі праінфармаваў, што за мінулы год тэмп росту намінальнай сярэднямесячнай заработнай платы склаў 117,9% пры заданні 116,2%. Інвестыцыі ў асноўны капітал склалі 118,3%, або 129,3 млн рублёў, пры даведзеным заданні 117,5%. Сукупныя паступленні даходаў у бюджэт Шчучынскага раёна склалі 120,7% пры прагнозе на год 107,9%. Дасягнуты патрабаваныя значэнні па індэксе фізічнага аб'ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі, рознічным тавараабароце і грузаабароце. За кошт стварэння новых вытворчасцей і прадпрыемстваў працаўладкаваны 67 чалавек.

 

 

Абарот знешняга гандлю таварамі за студзень-лістапад склаў 92,6 млн долараў ЗША, што на 9,8% ніжэй за ўзровень мінулага года. На экспарт рэалізавана прадукцыі на суму 54,4 млн долараў ЗША, тэмп росту – 81,4%. Прадукцыя экспартавалася на рынкі 26 краін свету. Забяспечана ўстойлівае станоўчае сальда знешняга гандлю ў суме 16,3 млн долараў ЗША.

 

Міхаіл Вітольдавіч таксама звярнуў увагу, што не ўсе намечаныя планы ўдалося ажыццявіць. Не забяспечана выкананне паказчыка па зніжэнні ўзроўню затрат на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі. Вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склала 105,6% пры заданні 106%. На выкананне абазначаных паказчыкаў развіцця ў 2024 годзе будзе сканцэнтравана асаблівая ўвага.

 

 

 

Першы намеснік начальніка упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Іна Кучура акцэнтавала ўвагу на выніках работы сельскагаспадарчай галіны рэгіёна.

 

– У 2023 годзе валавая вытворчасць малака па раёне павялічылася на 9,2%. Сярэдні надой малака ад каровы ў параўнанні з мінулым годам павялічыўся на 618 кг і склаў 8138 кг, – адзначыла Іна Іванаўна. –  Прадукцыя вырошчвання буйной рагатай жывёлы склала 13,8 тыс. тон, або 104,7% да ўзроўню мінулага года. Прадукцыя вырошчвання свіней – 19,4 тыс. тон, што на 6,8% больш за ўзровень 2022 года. У раёне атрымана 31,7 млн штук яек (104%).

 

 

Добрых вынікаў дабіліся працаўнікі аграрнага сектара ў раслінаводстве. Сельгасарганізацыі раёна летась сабралі 152,9 тыс. тон зерня, з кожнага гектара атрымана па 55,7 цэнтнера. Валавы збор бульбы склаў 16,2 тыс. тон, накопана 67 тыс. тон цукровых буракоў. Нарыхтавана кармоў на зімова-стойлавы перыяд 283,8 тыс. тон кармавых адзінак, што на 10,7 тыс. тон менш за ўзровень 2022 года.

 

Была прааналізавана таксама работа будаўнічай галіны. Намеснік старшыні райвыканкама Яўгеній Вінча адзначыў, што ў 2023 годзе ў раёне выканана будаўніча-мантажных работ на суму 45,2 млн рублёў пры заданні 36,5 млн, тэмп росту склаў 130,1%. Аб'ём падрадных работ выкананы будаўнічымі арганізацыямі раёна на суму 41,2 млн рублёў, або 135,4% да аналагічнага перыяду мінулага года. Уведзена ў эксплуатацыю 6260 квадратных метраў жылля, што складае 63,2% гадавога задання.

 

 

– Даходы бюджэту Шчучынскага раёна ў мінулым годзе склалі 89,7 млн рублёў,  або 100,6% ад гадавога плана. Асноўную ўдзельную вагу – больш за 80% – склалі падатковыя паступленні. У фарміраванні ўласных даходаў бюджэту раёна найбольшую ўдзельную вагу займаюць паступленні ад ААТ “Васілішкі” (8,3%), Шчучынскага філіяла ААТ "Малочны Мір" (6,6%), ТАА «Праймілк» (3,7%) і МПМК-167 (3%). Бязвыплатныя паступленні з вышэйстаячага бюджэту склалі 35 млн рублёў. У цэлым бюджэт раёна выкананы з дэфіцытам у суме 148 тыс. рублёў. 70,9% выдаткаў – гэта фінансаванне сацыяльнай сферы, – праінфармавала начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Аліна Бібікава.

 

Старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі акцэнтаваў увагу на павышэнні валавой вытворчасці сельскай гаспадаркі. Пытанне захаванасці буйной рагатай жывёлы пастаўлена на асабісты кантроль кіраўнікоў усіх гаспадарак. У цэнтры ўвагі таксама выкананне праграмы перазалужэння зямель, пераход на будаўніцтва ў раёне панэльнага жылля.

 

Як падкрэсліў Аляксей Валянцінавіч, паказчыкі 2024 года выканаць раёну цалкам па сілах, планы на будучыню дастаткова сур'ёзныя. У першую чаргу, яны датычацца капітальнага рамонту існуючых устаноў аховы здароўя, адукацыі, спартыўных збудаванняў, дарог, умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў сацыяльнай сферы.

 

– Усё, што паляпшае якасць жыцця нашага насельніцтва, заўсёды знаходзілася, знаходзіцца і будзе знаходзіцца ў зоне пільнай увагі органаў дзяржкіравання, – запэўніў кіраўнік раёна. 

 

Cтаршыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк расказала аб дзейнасці дэпутацкага корпуса 28-га склікання, адзначыла актыўнасць народных абраннікаў у вырашэнні актуальных задач раённага і мясцовага маштабу. За 2018-2023 гады праведзена 69 сесійных пасяджэнняў, цалкам сябе апраўдвае практыка правядзення сумесна з райвыканкамам выязных сесій. Старшыня райсавета засяродзіла ўвагу на тым, што вялікая ўвага ў справаздачным перыядзе была ўдзелена добраўпарадкаванню населеных пунктаў, зносу старых і пустуючых дамоў, падтрыманню належнага санітарнага стану тэрыторый, законнасці і правапарадку, супрацьпажарнай бяспецы.

 

 

 

– Нельга не адзначыць ролю дэпутацкага корпуса ў электаральных кампаніях. Дэпутаты ўваходзілі ў склады тэрытарыяльных і ўчастковых камісій, з'яўляліся назіральнікамі, праводзілі актыўную тлумачальную працу з насельніцтвам, – падкрэсліла Ганна Хвядзюк. – Асобны напрамак дзейнасці дэпутатаў датычыўся работы са зваротамі грамадзян, арганізацыі прыёмаў, сустрэч, удзелу ў сходах грамадзян, дыялогавых пляцоўках.  Нам трэба замацаваць свае пазіцыі ў рабоце з моладдзю – важна прадоўжыць развіваць ініцыятывы Маладзёжнага парламента, працягваць практыку сустрэч з таленавітай моладдзю, маладымі спецыялістамі.

 

Ганна Хвядзюк выказала словы ўдзячнасці кіраўніцтву раёна, дэпутацкаму корпусу,  кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый, органам тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання: менавіта ўзаемадзеянне і зацікаўленасць ў супрацоўніцтве дапамогуць кансалідаваць сілы і сродкі для вырашэння вытворчых, сацыяльных і грамадска-палітычных задач, што стаяць перад нашым рэгіёнам: “Жадаю ўсім у Год якасці – якаснай працы ва ўсіх накірунках”.

 

Старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта таксама пажадала шчучынцам і далей развіваць грамадскую ініцыятыву, захаваць і памножыць дасягнутыя эканамічныя вынікі. Алена Васільеўна акцэнтавала таксама ўвагу на значнасці выбарчай кампаніі і яе ўплыве на паступальнае развіццё дзяржавы: “Выбарчая кампанія -- асноўная падзея гэтага года, якая найбольш хвалюе грамадзян. Упершыню пройдзе адзіны дзень галасавання, калі будуць абраныя дэпутаты ўсіх узроўняў заканадаўчай улады. Толькі мы самі зможам забяспечыць паступальнае развіццё сваёй краіны”.

 

 

Завяршылася сесія ўзнагароджаннем актывістаў раённага Савета дэпутатаў.

 

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!