На пашыранай сесіі Астрынскага сельскага Савета дэпутатаў абмеркавалі вынікі мінулага года і планы на перспектыву

На пашыранай сесіі Астрынскага сельскага Савета дэпутатаў былі падведзены вынікі работы за мінулы год і прыняты важныя рашэнні для далейшага развіцця рэгіёна.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк, дэпутаты Астрынскага сельсавета, прадстаўнікі мясцовага самакіравання, кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, мясцовыя жыхары і актывісты.
Старшыня Астрынскага сельскага Савета дэпутатаў Наталля Лебядзевіч адзначыла, што Астрынскі сельсавет адзін з самых вялікіх у Шчучынскім раёне і ўключае ў сябе 71 населены пункт з насельніцтвам 2908 чалавек.
Згодна са статыстыкай, летась на тэрыторыі сельсавета адбылося 7 пажараў, у выніку якіх загінуў 1 чалавек у аграгарадку Новы Двор. З мэтай прафілактыкі пажараў у гэтым населеным пункце быў праведзены пашыраны сельскі сход. Разам з тым па ўсім сельсавеце праводзяцца прафілактычныя мерапрыемствы, якія маюць на мэце павышэнне пажарнай бяспекі. Ажыццяўляюцца міжведамасныя вячэрнія рэйды па забеспячэнні бяспечных умоў пражывання грамадзян сацыяльна ўразлівых катэгорый.
Па выніках мінулага года на тэрыторыі сельсавета было зарэгістравана 26 злачынстваў, што менш, чым у 2023-м. Пэўная стабільнасць крымінагеннай абстаноўкі назіраецца за кошт зніжэння маёмасных злачынстваў і злачынстваў, якія здзяйсняюцца ў стане алкагольнага ап’янення.
Летась на тэрыторыі Астрынскага сельсавета выконваўся ямачны рамонт вуліц і дарог з асфальта-бетонным і гравійным пакрыццём. У верасні быў зроблены бягучы рамонт вуліцы Касцёльнай у аграгарадку Новы Двор і асфальта-бетоннага пакрыцця на аўтадарозе Якубавічы – Савічы. Выкананы рамонт пад’езда да вёскі Абруб. Практычна па ўсіх кірунках (Астрына – Гродна, Астрына – Шчучын, Астрына – Новы Двор) праводзіўся бягучы рамонт асфальта-бетоннага дарожнага пакрыцця.
Тэндэнцыя рэгулярнага рамонту і падсыпкі дарог будзе працягнута і сёлета. Тым больш што 2025 год дае старт пяцігодцы якасці і прадугледжвае комплекс мерапрыемстваў, якія накіраваны на стварэнне і падтрыманне зручнага, бяспечнага, сучаснага і эстэтычна арганізаванага асяроддзя жыццядзейнасці людзей. Мясцовая ўлада заклікала жыхароў да актыўнай пазіцыі і ўдзелу ў грамадскім жыцці сельсавета.
Падчас сустрэчы былі абмеркаваны пытанні развіцця сферы культуры і адукацыі, асаблівая ўвага была нададзена стану сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і будаўніцтву новых жылых дамоў на Астрыншчыне.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.