З цяплом да старэйшага пакалення. Дабрачынная акцыя “Ад усёй душы” завітала ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у Астрыне
Шчырыя віншаванні, музычны канцэрт і карысныя падарункі – усё гэта атрыбуты дабрачыннай акцыі “Ад усёй душы”, якая прайшла ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у Астрыне. Галоўнай мэтай акцыі з’яўляецца дапамога і клопат аб старэйшым пакаленні.
Аддзяленне кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў разлічана на 25 чалавек. Нядаўна ў аддзяленні быў зроблены добры рамонт, а камфорт тутэйшых насельнікаў забяспечвае клапатлівы персанал. Тут арганізоўваюцца гурткі і клубы па інтарэсах, наладжана работа з Астрынскім цэнтрам культуры, работнікі якога часта ладзяць мерапрыемствы. Таксама старых людзей наведваюць валанцёры з Астрынскай СШ імя Цёткі. Тут стараюцца стварыць камфортнае і ўтульнае асяроддзе для старых людзей і інвалідаў, якія не могуць самастойна даглядаць сябе.
У госці да насельнікаў аддзялення з віншаваннямі і падарункамі завіталі старшыня Шчучынскага райвыканкама Аляксей Садоўскі, намеснік старшыні райвыканкама, старшыня Шчучынскага раённага аддзялення Гродзенскай вобласці Беларускай партыі "Белая Русь" Таццяна Цюсіна, старшыня Шчучынскай РА “Белая Русь”, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Пашук і старшыня Шчучынскай раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын”, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шчучынскага раёна Святлана Шанчук.
Адным з падарункаў для людзей мудрага ўзросту стаў канцэрт, арганізаваны работнікамі Астрынскага дома культуры і тэатральнай творчасці. Вясёлыя песні суправаджаліся шчырымі ўсмешкамі і дапаўняліся віншаваннямі ад гасцей.
– Дазвольце ад сябе асабіста і ад усяго раённага выканаўчага камітэта павіншаваць вас з Новым годам і Раством, – звярнуўся да прысутных Аляксей Садоўскі. – Насамрэч, вельмі прыемна вас усіх бачыць, добра, што ўсе змаглі сабрацца. У новым годзе жадаю вам здароўя, пабольш добрага настрою, каб ён ніколі не знікаў. І каб жыццё ў вас складвалася так, як вы хочаце.
Вядома ж, мерапрыемства не абышлося без падарункаў ад гасцей. Так, калектыву аддзялення кругласутачнага знаходжання быў уручаны сертыфікат на 20000 беларускіх рублёў для паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы. Таксама былі і салодкія падарункі, асобна адзначылі нядаўніх імяніннікаў.
Пасля канцэрта прадстаўнікі раённай улады пацікавіліся справамі аддзялення, акцэнтавалі ўвагу на ўмовы пражывання і душэўна пагутарылі з яго насельнікамі.
Акцыя “Ад усёй душы” праходзіць на Шчучыншчыне з 26 снежня, за гэты час было праведзена шмат мерапрыемстваў, якія прынеслі радасць і ўвагу людзям старэйшага пакалення. Ініцыятыва працягнецца да 15 студзеня, таму ў яе ўдзельнікаў хопіць часу, каб паспець зрабіць яшчэ шмат добрых спраў і падарыць радасныя эмоцыі.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.