Шчучынскія гандбалісты выступаюць у “Zubr Cup” і пераймаюць вопыт і майстэрства у сусветных зорак гандбола
Па ініцыятыве Брэстскага гандбольнага клуба імя А.П. Мяшкова ў Беларусі была арганізавана рэспубліканская дзіцячая гандбольная ліга “Zubr Cup”. Нядаўна нашы юныя спартсмены вярнуліся з Маларыты, дзе праходзіў трэці тур гэтых спаборніцтваў.
Усяго ў лізе “Zubr Cup” за званне лепшых гандбалістаў краіны змагаюцца 16 каманд, якія падзелены на чатыры падгрупы. Гандбольная зборная ДЮСШ г. Шчучына трапіла ў самую мацнейшую з іх, куды ўваходзяць фаварыты турніру. Нашы гандбалісты ў трэцім туры выступілі дастойна: ва ўпартай барацьбе абыгралі не толькі гаспадароў спартыўнай пляцоўкі, але і сапернікаў з Баранавіч і Слоніма. Львіная доля забітых шчучынскай зборнай галоў належыць яе капітану Ігару Бяляўскаму. Усяго падчас трох тураў спаборніцтваў ён “закалаціў” 115 мячоў!
Пасля спаборніцтваў для рабят была арганізавана цікавая паездка ў Брэст, дзе праходзілі міжнародныя матчы паміж гандбольнымі камандамі “Вардар” (Македонія), “Заграб” (Харватыя), “Веспрэм” (Венгрыя) і БГК імя А.П. Мяшкова. Па заканчэнні гульняў зоркі сусветнага гандболу правялі для юных спартсменаў майстар-клас і падарылі памятныя сувеніры: майкі і мячы.
Вярнуўшыся дадому, шчучынскія гандбалісты працягваюць інтэнсіўна трэніравацца, бо ўжо ў пачатку мая паедуць у Лепель, дзе пройдзе заключны чацвётры тур гандбольнай лігі “Zubr Cup”. Жадаем нашым рабятам удачы і новых перамог!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.