Чаму ў шчучынскага Зялёнага Дракона васілішкаўскія карані? Даведаліся, з якім настроем рыхтуюцца да навагоддзя шчучынскія майстрыцы
Па добрай традыцыі напярэдадні калядных і навагодніх свят калекцыя рукатворных шэдэўраў аддзела рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва Шчучынскага РЦКіНТ папаўняецца тэматычнымі работамі на зададзеную тэму.
Як вядома, наступаючы 2024-ты па ўсходнім календаы год Зялёнага Дракона. Між іншым, гэта міфічнае стварэнне ўжо “прызямлілася” ў Шчучыне і знайшло сваё месца сярод шматлікіх навагодніх кампазіцый, дэкаратыўных аўтарскіх елачак, арыгінальных набораў елачных цацак, вясёлых снегавікоў і зухаватай каляднай Казы.
– Вы не паверыце, але наш Зялёны Дракон – гэта не герой з кітайскай міфалогіі. Гэта персанаж адной з васілішкаўскіх легенд пра Васіля, ягоную жонку-прыгажуню і Дракона, што жыў на выспе і патрабаваў, каб муж прывёў да яго сваю любую. Ды толькі Васіль выклікаў пачвару на смертны бой. Гэты Дракон ужо ўдзельнічаў у абласным конкурсе “Казкі і паданні роднага краю” і прывёз адтуль узнагароду. Вельмі ж пераканаўча выглядае! – знаёміць нас з “біяграфіяй” Зялёнага Дракона загадчыца аддзела Вольга Каранкевіч.
Цікава пагутарыць і з аўтарам гэтай работы Таццянай Лебядзевіч.
– Каркас зрабіла з дроту, абцягнула паралонам, а верх абшыла інавацыйным матэрыялам ізалонам, які цудоўна падыходзіць у тым ліку і для творчасці. Каб Дракон выглядаў больш “жывым” і пластычным, выкарыстала сотні маленькі дэталяў-лускавінкаў, – прыадкрывае свае сакрэты Таццяна Юр’еўна. – Так супала, што гэта работа актуальна ўпісваецца ў сёлетнюю навагоднюю палітру. Між іншым, па усходнім календары Зялёны Дракон – сімвал мудрасці, і не павінен прынесці штосьці дрэннае людзям.
Больш таго, у хуткім часе наш васілішкаўскі Дракон непасрэдна са Шчучына адправіцца ў Гродна – на абласную выставу “Навагодніх фарбаў харавод”, як і самабытныя саламяныя павукі Вольгі Роліч ды Вольгі Каранкевіч, унікальныя вышыванкі Наталлі Лябецкай.
– Для нас надзвычай важна захаваць культурныя традыцыі і народныя рамёствы, – падкрэсліваюць майстрыцы. – Менавіта гэта і ёсць прыярытэтны напрамак у рабоце аддзела рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва. На гэтыя ж мэты накіравана і дзейнасць нашага аматарскага аб’яднання “Спадчына”. Добрым дарадчыкам стала для яго членаў народны майстар па саломапляценні Валянціна Краўчук. Дзякуючы яе кансультацыям ужо адбыўся паспяховы “саламяны дэбют” у Ірыны Менскай-Асмалоўскай. Вунь якая навагодняя елачка з саламянымі элементамі ўпрыгожвае нашу выставу.
Напачатку снежня прайшоў абласны адборачны тур ХІV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, дзе творчасці шчучынскіх рамеснікаў даў высокую ацэнку вядомы мастацтвазнаўца, этнолаг, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута. Яго захапілі ткацтва паясоў на берду, якое асвоіла Таццяна Лебядзевіч, саламяныя работы і карункі Вольгі Роліч, якія былі ўзнагароджаны дыпломамі.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.