Свята ўжо на парозе. Даведаліся, якія ўрачыстыя мерапрыемствы запланаваны на снежань і студзень у Шчучынскім раёне

 

Жыхары нашага раёна ўжо пачынаюць рыхтавацца да Раства і Новага года. Нехта ўпрыгожвае свае дамы ілюмінацыяй, хтосьці прыглядаецца, дзе набыць ялінку, аднак галоўным атрыбутам перадсвяточнага перыяду з’яўляюцца ўрачыстыя мерапрыемствы.

 

Сёлета святочны марафон адкрые дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”, у рамках якой 15 снежня ў фае Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці адбудзецца тэатралізаваная імпрэза “Па шчупаковым загадзе”. У гэты ж дзень у 17.15 на плошчы Свабоды ў Шчучыне заззяе яркімі агеньчыкамі галоўная ёлка раёна. Сёлета арганізатары мерапрыемства прапануюць святочную тэатралізаваную праграму пад назвай “Таямніцы чароўнага ліхтарыка”.

 

З 18 снежня свае дзверы для юных наведвальнікаў адчыніць рэзідэнцыя Дзеда Мароза, якая размесціцца ў рыбалоўна-паляўнічай гаспадарцы “Каменскае”. Па традыцыі пачуць віншаванні і атрымаць падарунак ад казачнага персанажа змогуць арганізаваныя групы дзяцей.

 

26 снежня для калектываў арганізацый і прадпрыемстваў нашага раёна будзе арганізаваны квест-гульня “Пошукі схаванага сюрпрызу”. Мерапрыемства пройдзе на плошчы Свабоды ў Шчучыне. Праз дзень у РЦКіНТ адбудзецца ўшанаванне таленавітай моладзі раёна “Феерверк талентаў”.

 

28 снежня ў 15.00 пачнецца любімы многімі жыхарамі Шчучына конкурс “Лепшы Дзед Мароз і Снягурачка”. На сцэне каля галоўнай ёлкі пары канкурсантаў пастараюцца ўразіць гледачоў і членаў журы сваім артыстызмам. Тэатральныя пастаноўкі штогод уражваюць не толькі дзяцей, але і дарослых, а склад канкурсантаў папаўняецца новымі дуэтамі казачных персанажаў.

 

Далей святочны марафон працягнецца канцэртам у навагоднюю ноч. 1 студзеня з 01.30 да 03.00 на плошчы Свабоды пройдзе канцэрт-віншаванне “Музычны снегапад”, дзе ўсе жадаючыя будуць мець магчымасць павадзіць карагоды і ў святочнай атмасферы сустрэць новы 2024 год. Раніцай 1 студзеня ў 12.00 ля галоўнай ёлкі раёна пройдзе ранішнік для дзяцей “Па шчупаковым загадзе”.  А 7 студзеня на плошчы Свабоды пройдзе канцэрт “Святло Каляднай зоркі”.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!