Гартаючы старонкі памяці… Стагоддзе на дваіх: менавіта столькі складае агульны педагагічны стаж Уладзіміра і Людмілы Пацяйковіч
Калі табе за 50, а то і значна больш, думкі пра тое, як ты прайшоў свой жыццёвы шлях, які след пакідаеш пасля сябе, наведваюць усё часцей і часцей. Успамінаюцца самыя яркія падзеі, блізкія і дарагія людзі, сябры, настаўнікі, творчыя поспехі і дасягненні…
Гэтыя радкі нарадзіліся пасля таго, як нядаўна прагледзеў фотаздымкі, на якіх занатаваны моманты студэнцкага жыцця. Захацелася знайсці сваіх былых аднакурснікаў, сяброў, з якімі звязаны пэўны адрэзак майго жыцця. Многіх з іх ужо, на жаль, няма побач з намі, але памяць пра іх будзе жыць заўсёды. А тыя, хто ўжо знаходзяцца на заслужаным адпачынку, перадаюць свой вопыт, лепшыя традыцыі сваім нашчадкам. Пра аднаго з іх я і хачу расказаць. Гэта Уладзімір Пацяйковіч – прафесіянал сваёй справы, чалавек, цалкам адданы любімай прафесіі.
З Уладзімірам Генадзьевічам мы вучыліся ў канцы 60-х – пачатку 70-х на фізіка-матэматычным факультэце ў Гродзенскім педінстытуце. Маладыя, таленавітыя матэматыкі, усе такія розныя, але такія мэтанакіраваныя. І сёння бачу ўсіх перад сабою 18-гадовымі першакурснікамі. А вось лічба 75 ніяк не ўкладваецца ў маёй свядомасці…
Па размеркаванні Валодзя быў накіраваны ў самы аддалены раён вобласці – Астравецкі. Там і працавалі мы ў суседніх школах, зусім недалёка адзін ад аднаго. А ў выхадныя збіраліся разам, абмяркоўвалі свае першыя крокі ў педагагічнай прафесіі, першыя поспехі і няўдачы. Уладзімір ужо ў той час прапаноўваў свае наватарскія ідэі па навучанні, правядзенні пазакласных мерапрыемстваў, матэматычных вечароў, алімпіяд.
Кіраўніцтва школы заўважыла энтузіязм маладога настаўніка, і ён заняў пасаду завуча школы. А тым часам жонка Уладзіміра Людміла таксама скончыла гэты інстытут па спецыяльнасці “настаўнік фізікі” і прыехала працаваць разам з мужам у Варнянскую школу. Маладыя педагогі пачалі прымяняць новыя інстытуцкія напрацоўкі, уласна падрыхтаваны дыдактычны матэрыял, выкарыстоўвалі методыку лепшых педагогаў раёна. І іх намаганні давалі станоўчыя вынікі. Вучні школы ўсё часцей станавіліся пераможцамі і прызёрамі прадметных алімпіяд па матэматыцы і фізіцы.
У 1972 годзе Уладзімір Пацяйковіч быў прызваны на тэрміновую ваенную службу. Салдат і ў арміі праявіў свае педагагічныя навыкі і музычныя здольнасці. Ён быў рэпетытарам у маладых вайскоўцаў, якія марылі аб паступленні пасля службы, а з салдатамі, у якіх былі музычныя здольнасці, стварыў ансамбль.
Пасля службы ў арміі Уладзімір прыехаў на радзіму жонкі ў Шчучынскі раён, дзе яны асталяваліся і разам працавалі ў Орлеўскай сярэдняй школе. І тут іх вучні дэманстравалі выдатныя рэзультаты на алімпіядах рознага ўзроўню. У школе Уладзімір Генадзьевіч працягваў сваю “музычную справу” і таксама арганізаваў ансамбль. Кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі падтрымала творчыя памкненні маладога настаўніка і падарыла школе музычныя інструменты. Вучнёўскі ансамбль удала заявіў пра сябе ў акрузе. Пазней, ужо працуючы дырэктарам школы, Уладзімір Пацяйковіч разам з настаўнікам фізкультуры гэтай школы Уладзімірам Хэлскім стварылі хакейную каманду з вучняў – аматараў гэтай гульні. Форму і ўсе неабходныя аксесуары набыў для іх Шчучынскі райвыканкам. Каманда выступала вельмі рэзультатыўна на хакейных спаборніцтвах, прымала ўдзел у рэспубліканскіх турнірах.
Педагагічнае майстэрства і арганізатарскія здольнасці Уладзіміра Пацяйковіча зацікавілі кіраўніцтва Жалудоцкага медвучылішча, і яму паступіла прапанова аб новай пасадзе. Пасля доўгага роздуму ён усё ж перайшоў працаваць у вучылішча завучам па вучэбна-выхаваўчай рабоце. За дваццаць год працы на гэтай пасадзе ён шмат зрабіў для павышэння прэстыжу ўстановы. А пасля закрыцця вучылішча ён зноў працаваў дырэктарам Орлеўскай школы. На заслужаны адпачынак выйшаў у 2001 годзе, калі яго педагагічны стаж складаў пяцьдзясят год. Столькі адпрацавала ў педагогіцы і яго жонка.
Вялікая і дружная сям’я Пацяйковіч часта збіраецца разам. Старэйшы сын Сяргей скончыў Жалудоцкае медвучылішча на выдатна, а затым Гомельскі медінстытут. Зараз ён працуе галоўным урачом у Копылі, а яго жонка Ларыса – загадчыцай паліклінікі. Малодшы сын Аляксандр – залаты медаліст – выбраў факультэт прыкладной матэматыкі БДУ. Цяпер ён праграміст у Мінску, а яго жонка Юлія дызайнер. Ну а ўнукі адольваюць граніт навукі, беручы прыклад з сямейнай дынастыі.
Энергіі майму сябру і на пенсіі не займаць. Ён добры паляўнічы і рыбак. Цяжка паверыць, але любоў да рыбалкі ён прывіў нават жонцы і нявесткам. Кожная з іх мае вудачку і належную рыбацкую амуніцыю.
…На развітанне я запытаў ва Уладзіміра Генадзьевіча, у чым, на яго думку, заключаецца сэнс жыцця. Мой сябра задумаўся, а потым сур’ёзна адказаў: “Біяграфія чалавека – гэта яго энцыклапедыя пражытых гадоў. І ты ў некаторым сэнсе гаспадар свайго лёсу. А жыццё з’яўляецца цэнзарам твайго следу”.
У гэтым імклівым тэмпе, у паўсядзённых клопатах часта з поля зроку выпадаюць блізкія людзі, сябры, забываюцца важныя падзеі жыцця… Але наступае такі момант, калі хочацца вярнуцца ў мінулае, штосьці асэнсаваць, прааналізаваць. Так здарылася і са мною. І напрыканцы словы ад сэрца да цябе, мой сябра: шчасця табе і моцнага здароўя.
Ягор ДРАЎНІЦКІ, в. Дудкі.
Фота з асабістага архіва Уладзіміра ПАЦЯЙКОВІЧА.