Сёння, у Дзень народнага адзінства, на плошчы Свабоды ў Шчучыне трыста дзевяць першакласнікаў атрымалі сваю першую кнігу – Буквар

 

Свята Буквара, калі вучні першага класа атрымліваюць сваю першую кнігу і становяцца сапраўднымі першакласнікамі, стала ўжо традыцыйным для нашага раёна. І праходзіць яно ў Дзень народнага адзінства.

 

Хлопчыкі і дзяўчынкі, якія толькі-толькі пераступілі школьны парог, сабраліся на арганізаваную ў іх гонар урачыстасць з усіх устаноў адукацыі раёна. Такія прыгожыя і крыху насцярожаныя, яны толькі-толькі пачынаюць няпросты шлях у краіну ведаў. І іх першым сябрам, які дапаможа ім навучыцца чытаць, стане Буквар. А свае поспехі, якіх школьнікі абавязкова змогуць дасягнуць падчас вучобы, яны змогуць заносіць у Дзённік асабістых дасягненняў, які яны атрымалі у падарунак.

 

 

Горда выносіць на плошчу Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь выхаванцы ваенна-патрыятычнага клуба "Экстрым" сярэдняй школы № 2 г. Шчучына. Далёка над горадам разносяцца словы гімна нашай краіны, які дружна выконваюць першакласнікі і ўсе ўдзельнікі свята. 

 

 

На сустрэчу з першакласнікамі прыйшлі шматлікія госці. Шчыра вітала маленькіх герояў дня старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк:

 

– Ад імя кіраўніцтва раёна, ад дэпутацкага корпуса шчыра віншую вас, нашы маленькія грамадзяне, і усіх жыхароў нашага раёна з Днём народнага адзінства і жадаю поспехаў ва ўсіх добрых справах і пачынаннях. Дзень народнага адзінства – самае маладое свята нашай краіны. Але разам з тым яно ўжо мае свае традыцыі. Свае традыцыі ўжо ёсць і ў нашым Шчучынскім раёне. Адна з іх – пасвячэнне ў першакласнікі самых юных вучняў устаноў адукацыі раёна. Гледзячы на гэтыя шчаслівыя дзіцячыя тварыкі, можна з упэўненасцю сказаць, што ў нас ёсць будучыня. Ад усёй душы жадаю, каб дарога пад назвай "школьнае жыццё" была для вас, першакласнікі, паспяховай, каб за гады вучобы ў школе вы не толькі атрымалі грунтоўныя веды і новых сяброў, але і навучыліся ўсім сэрцам любіць сваю краіну. Паважаныя бацькі, абавязкова верце ў сваіх дзяцей і любіце іх. Тады яны дасягнуць сапраўдных вышынь і стануць патрыётамі нашай Беларусі.

 

 

На свята да дзяцей завіталі Купалінка з Васілінкай. Паколькі Васілінка любіць весяліцца, яна прапанавала першакласнікам станцаваць вясёлы танец “Бульба-дэнс”. Дзецям гэта прапанова вельмі спадабалася! А Купалінка, якая вельмі любіць чытаць, прыгатавала для хлопчыкаў і дзяўчынак свой падарунак – Буквар! Канечне ж, на свята да дзяцей прыйшоў і сам Буквар. Ён пажадаў хлопчыкам і дзяўчынкам поспехаў і расказаў, што менавіта ён стаіць у самым пачатку цікавай, поўнай незвычайных адкрыццяў дарогі ў царства кніг, якую яны павінны паспяхова адолець.

 

 

І вось надыходзіць самы хвалюючы момант: кіраўнікі раёна і шматлікія госці ўручаюць рабятам іх першыя кнігі і Дзённікі асабістых дасягненняў. Няхай сённяшнія першакласнікі ў будучым абавязкова знойдуць сваё месца пад мірным небам Бацькаўшчыны, раскрыюць свае здольнасці і адчуюць сябе па-сапраўднаму шчаслівымі людзьмі.

 

 

Дружна ўсе разам становяцца ў карагоды дарослыя і дзеці. І ў гэты момант  асабліва адчуваецца глыбокі гонар за нашу родную краіну, у якой пад мірным небам мы можам жыць, вучыцца і працаваць. Мы сапраўды адзіныя! Адлятаюць высока ў неба рознакаляровыя шарыкі, а ім услед махаюць хлопчыкі і дзяўчынкі, накіроўваючы разам з імі, напэўна, і свае самыя запаветныя мары…

 

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!