“Самае важнае дапамагаць сваім землякам!” Даведліся, якімі клопатамі і радасцямі жыве старшыня Мажэйкаўскага сельвыканкама

 

Акурат у гэтыя ліпеньскія дні спаўняецца 5 год, як Алена Жэшка заступіла на пасаду старшыні Мажэйкаўскага сельскага Савета дэпутатаў. Юбілей, канешне, сціплы, аднак, калі ўлічыць, што перад тым Алена Яўгенаўна працавала кіраўніком спраў у гэтым жа сельвыканкаме, то яе “сельсавецкі” вопыт работы атрымаецца досыць салідным.

 

Сёння ў рамках нашага праекта “Мясцовы мерыдыян” мы пацікавіліся ў “сельскага мэра”, чым напоўнены яе працоўныя будні, якія праблемы найбольш хвалююць людзей…

 

– Але спачатку крыху асабістае пытанне. Як Вы, Алена Яўгенаўна, ураджэнка Брэстчыны, апынуліся ў тутэйшых мясцінах?

 

– Тут радзіма маёй мамы, і ўсё дзяцінства, летнія канікулы ў школьным юнацтве я праводзіла ў бабулі ў Скрыбаўцах. Гэты край вельмі дарагі майму сэрцу. І хоць пасля заканчэння Брэсцкага педінстытута імя А.С. Пушкіна я пэўны час працавала ў школах Пружанскага раёна, аднак у 1999 годзе мы з сям’ёй пераехалі ў Скрыбаўцы. Спачатку працавала ў Мажэйкаўскім дзіцячым садку, потым у школе, а ў 2013 годзе мая папярэдніца Наталля Хоміч прапанавала паспрабаваць свае сілы ў якасці кіраўніка спраў сельвыканкама. Работа з людзьмі – галоўнае ў нашай прафесійнай дзейнасці. Мабыць, у мяне гэта атрымалася, бо пяць гадоў назад землякі аказалі высокі давер і абралі старшынёй сельскага Савета дэпутатаў.

 

– На вашай тэрыторыі знаходзіцца архітэктурная і духоўная жамчужына не толькі Шчучыншчыны – усяе Беларусі…

 

– Так, мы вельмі ганарымся, што добрая слава ідзе пра царкву-крэпасць у Мураванцы. Удвая радасна, што храм аднаўляецца. Ужо асвоены сродкі, выдзеленыя з Фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва. Паступае і спонсарская дапамога. Не менш важна тое, што настаяцель храма Алег Засім шчыра перажывае за кожнага з прыхаджан, настаўляе на правільны жыццёвы шлях, наведвае сем’і, дзе дзеці апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. Мець такога саюзніка ў справе выхавання нядобранадзейных бацькоў (а гэта таксама наша задача) вельмі важна.

 

– Хто яшчэ дапамагае Вам у рабоце з насельніцтвам?

 

– Найпершыя памочнікі старшыні сельвыканкама – дэпутаты. Заўжды можна спадзявацца на дапамогу такіх народных абраннікаў, як Генадзій Каляда, Валерый Янкоўскі, Сяргей Нядвецкі, Валянціна Танкевіч. У нас 19 старастаў вёсак, і гэта таксама вельмі надзейныя і адказныя прадстаўнікі органаў самакіравання. З іх дапамогай арганізоўваем суботнікі і працоўныя дэсанты па навядзенні парадку. Многае зроблена па добраўпарадкаванні на вясковых могілках, паступова зносяцца аварыйныя дрэвы, але яшчэ вельмі многае належыць зрабіць – асабліва ў Ішчалне.

 

Хочацца выказаць словы ўдзячнасці настаўнікам і вучням Скрыбаўскай школы за шэфства над памятнымі мясцінамі, магіламі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, увогуле за валанцёрскую дзейнасць.

 

Безумоўна, надзейным памочнікам і саратнікам ва ўсіх пачынаннях з’яўляецца для мяне кіраўнік спраў сельвыканкама Наталія Венска. Па ўсіх пытаннях можна параіцца і знайсці падтрымку ў райвыканкаме і раённым Савеце дэпутатаў.

 

– Алена Яўгенаўна, якія праблемы Вас найбольш турбуюць, якімі спадзяваннямі жывяце?

 

– На жаль, стан сельскіх дарог і вуліц далёкі ад ідэалу: у вырашэнні злабадзённых пытанняў цалкам залежым ад ДРБУ-161 і РУП ЖКГ. Вельмі патрэбен рамонт асфальтавага пакрыцця ў Скрыбаўцах. Хацелася б заўжды эфектыўна і на карысць землякам супрацоўнічаць з гэтымі ключавымі ў нашым сацыяльным партнёрстве арганізацыямі.

 

Што радуе? Яўныя зрухі ў продажы сельскіх дамоў для паўторнага засялення. Тут, безумоўна, спрацоўвае спрошчаная юрыдычная працэдура. У мінулым годзе гараджане з Гродна, Ліды, Мінска купілі на тэрыторыі нашага сельсавета 9 дамоў. Сёлета прададзена 4, а пяты – на падыходзе. Зусім старыя і незапатрабаваныя пабудовы ідуць пад знос. І гэта работа будзе працягвацца. Пераканана, трэба жыць і працаваць так, каб наша родная зямля была прыцягальнай і прыгожай, служыла не аднаму пакаленню людзей, каб ёю мы ганарыліся.

 

Гутарыла Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!