Хто на Шчучыншчыне “Уладар сяла”? Даведаліся, як сёння ў Васілішках праходзіў папулярны сельскагаспадарчы конкурс сярод маладых сямей і чым здзіўлялі яго ўдзельнікі

 

Рэспубліканскі сельскагаспадарчы праект “Уладар сяла” даўно і надзейна прапісаўся ў нашым раёне. Вось і сёння сем актыўных і крэатыўных сямейных каманд з усіх куточкаў Шчучыншчыны дружна прыбылі ў аграгарадок Васілішкі, дзе пераадольвалі сур’ёзныя іспыты, прыгатаваныя для іх на шляху да запаветнага тытула. 

 

У мясцовым цэнтры культуры сабралася нямала гледачоў і балельшчыкаў, бо конкурс абяцаў быць багатым на яркія эмоцыі і падзеі, прымусіў добра пахвалявацца і саміх удзельнікаў, і іх групы падтрымкі. Усіх цёпла вітала старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк, адзначыўшы, што ўжо на працягу 14 год у Беларусі існуе гэты рэспубліканскі конкурс, які толькі ўмацоўваецца і дапаўняецца, прыцягвае да сябе ўсё новых і новых удзельнікаў.

 

 

– Гэта проста выдатна, калі маладыя людзі застаюцца ў сельскай мясцовасці або прыязджаюць сюды пасля вучобы і надзейна пускаюць карані, добрасумленна працуюць, выхоўваюць дзетак і ганарацца сваёй краінай, любяць родную зямлю. У добры шлях, наш “Уладар сяла”! – пажадала Ганна Станіславаўна.

 

І вось вядучая Вольга Бурнос, дарэчы, супрацоўніца ААТ “Васілішкі”, знаёміць залу з галоўнымі героямі сённяшняга дзейства. Пад гукі фанфар падымаюцца на сцэну сем’і Грыцко і Блюднік, Шэршань і Шлапік, а яшчэ – Апонік, Базевіч, Пашук. Гэта прадстаўнікі Першамайскага, Ражанкаўскага, Васілішкаўскага, Дэмбраўскага, Астрынскага, Орлеўскага і Жалудоцкага сельсаветаў. На конкурс сем’і прыехалі ў поўным складзе -- са сваімі дзеткамі. Дарэчы, самай маленькай удзельніцы Алівіі Блюднік з вёскі Вярбілкі ўсяго… годзік і 3 месяцы. Арцёму Грыцко з Матылёў літаральна праз тры дні споўніцца… 3 гады, а ён ужо смела падпявае з мікрафонам у сямейным трыо.

 

 

Конкурс распачынаецца з прадстаўлення візітовак “Давайце пазнаёмімся!” Вось тут і раскрываецца творчы патэнцыял кожнай сям’і. Як хораша спявае Анастасія Грыцко, які неверагодна прыгожы вакал! Лёгка кружацца ў вальсе Вадзім і Дзіяна Шэршані, а маленькі сыночак Цімур дорыць ім паветраныя шары. Упэўнена будуе дом, бадай, самая спартыўная з дружын – сям’я Апонік з трымя слаўнымі дзеткамі. Кранае сваёй артыстычнасцю і паэтычнасцю (вершы па дарозе талакою склалі!) сямейства Базевічаў з вёскі Яселевічы. Пачуццё зачаравання і гармоніі выклікае самая мнагадзетная конкурсная каманда -- Пашукоў, дзе бацькі Дзмітрый і Вольга вучаць сваю дачушку і трох сыноў жыць дружна і заўжды дапамагаць адзін аднаму. Увогуле кожная з сямей заслугоўвае толькі ўхвальных слоў, бо ў кожным доме даражаць спрадвечнымі духоўнымі каштоўнасцямі і традыцыямі.

 

Пасля такога дэталёвага знаёмства з канкурсантамі падзеі перамяшчаюцца на вуліцу, дзе адведзены спецыяльныя пляцоўкі для далейшых баталій. І тут адным з самых відовішчных этапаў стаў конкурс  “Дрывасек”. Спачатку сужэнцы апантана распілоўвалі бярвенні на аднолькавыя пацурбалкі пілой “Дружба”. Потым мужу спатрэбіліся здольнасці асілка, каб парубіць тыя вялікія цуркі, а жонка як мага акуратней складвала дровы. Гэткія, здавалася б, немудрагелістыя іспыты выклікалі шквал эмоцый. А вось інструктарам і журы прадстаяла аб’ектыўна ацэньваць хуткасць, дакладнасць і якасць работ.

 

 

– Мы прывыклі ўсё рабіць разам, але, бадай, гэты конкурс быў самым складаным не толькі для нас, – прызналіся Аляксандр і Майя Шлапікі з Дэмбрава. – Тым больш, што наша кватэра ацяпляецца газам, і бярвенні ўжо амаль знікаюць з сельскага быту ў аграгарадках.

 

Наступны этап – “Сельская спартыўная эстафета” -- захапіла ўсіх сваёй дынамікай. Мужчыны імкліва насілі перапоўненыя вёдры вады, стараючыся яе не праліць, ну а кабеты ўвішна ўпраўляліся з саганкамі на ўхватах. Вось дык “Сельскія забавы” – проста любата!

 

Бадай, сапраўдным жартоўным шоу стала саперніцтва на крутых тачках. Не, не ў пераносным сэнсе, а ў самым што ні ёсць прамым! У гэткі двухколы каляснік (між іншым, незаменная ў гаспадарцы рэч!) садзілася жонка, а муж на ўсёй хуткасці і пры ўсім сваім майстэрстве вопытнага кіроўцы пераадольваў 100-метровую дыстанцыю. Атрымлівалася весела і досыць экстрэмальна. 

 

 

Важкія балы на шляху да фінішу камандам прынеслі папярэдне знятыя відэасюжэты з сядзібаў і падвор’яў прэтэндэнтаў на статус “Уладара сяла”.

 

У выніку журы было вельмі нялёгка вызначыць лепшых з лепшых.

 

– Мы шчыра ўдзячны ўсім удзельнікам конкурсу за плённы ўдзел і сур’ёзную падрыхтоўку, поўную самааддачу, – з гэтымі словамі першы сакратар РК БРСМ Віталія Селівончык уручыла камандам дыпломы і салодкія прызы – торты.

 

Старшыня Шчучынскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Генрых Юрэвіч абвясціў пераможцаў. Ганаровае званне “Уладара сяла” заваявалі васілішкаўцы – сям’я Шэршань. На другім месцы сямейная каманда Грыцко з Першамайскага сельсавета. А на трэцім – дэмбраўцы: сям’я Шлапік. Сярод уручаных прызоў былі такія патрэбныя для дома рэчы, як мутыварка, электрамясарубка, вентылятар… Не засталіся без падарункаў і іншыя ўдзельнікі. Да таго ж кожнае з аграпрадпрыемстваў, дзе працуюць канкурсанты, прыгатавала ім у якасці бонуса грашовы сертыфікат. Свае прызы прадугледзеў і прафкам АПК.

 

 

Гучала вельмі многа ўдзячных слоў у адрас гасцінных гаспадароў – кіраўніцтва ААТ “Васілішкі” і Васілішкаўскага сельвыканкама, якія вельмі многае зрабілі, каб мерапрыемства прайшло на высокім арганізацыйным узроўні.

 

 

Трэба сказаць, што сельскагаспадарчы праект-конкурс “Уладар сяла” – гэта заўжды яркая і запамінальная падзея. Вось і сённяшнія госці Васілішак, як і мясцовыя жыхары, маглі не толькі “пабалець за сваіх”, але і шчыра паапладзіраваць натхнёным выступленням артыстаў Шчучынскага РЦКіНТ, пачаставацца слодычамі ў гандлёвых радах, пацешыць дзятву на атракцыёнах. У пэўнай ступені ўладарамі сяла ў гэты дзень адчулі сябе ўсе, хто быў на свяце.

 

 

У мерапрыемстве прыняла ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Цюсіна. 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота Дзіяны КЕЙКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!