Шмат працавала на зямлі, спявала вясёлыя песні, жадала людзям толькі дабра… У свой 100-гадовы юбілей Яніна Булгарына падзялілася з намі сакрэтамі даўгалецця
– І куды ж згубіўся мой звонкі голас? Але ўсё роўна я люблю спяваць, гутарыць з людзьмі, магу шмат чаго цікавага расказаць, – запэўніла нас юбілярка, папярэдне выслухаўшы ўсе самыя шчырыя і цёплыя віншаванні з круглай датай.
З нагоды 100-гадовага юбілею сёння ў вёску Быкаўка прыехала ўшанаваць Яніну Іванаўну Булгарыну цэлая дэлегацыя, і кожны не хаваў эмоцый, не шкадаваў узнёслых і шчырых слоў у адрас віноўніцы ўрачыстасці.
– Вы – самая старэйшая жыхарка нашага сельсавета і мы ганарымся, што нам ёсць у каго распытаць пра былое, пра ваеннае ліхалецце, пра нашу мясцовую гісторыю, – кажа старшыня Ражанкаўскага сельвыканкама Віктар Бурдзей. – Вельмі ўдзячны Вашаму сыну Вячаславу Пятровічу, што клапоціцца пра Вас, забяспечвае дастойныя бытавыя ўмовы. Жадаем Вам, Яніна Іванаўна, моцнага здароўя, далейшага даўгалецця, увагі і павагі з боку родных і блізкіх людзей.
Ад шчырага сэрца віншавалі юбілярку старшыня раённага Савета ветэранаў Васілій Жукоўскі і загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Таццяна Панова, якая ўручыла ад тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва падарунак, адзначыла, што Я.І. Булгарынай назначана да ўсяго матэрыяльная дапамога ад Фонду сацыяльнай абароны.
Вельмі расчулена прыняла Яніна Іванаўна новы пашпарт, які з задавальненнем уручыў ёй інспектар аддзялення па грамадзянству і міграцыі РАУС Юрый Сцепанцэвіч, без усялякіх акуляраў акуратна распісалася ў сваім галоўным дакуменце і паабяцала не падвесці – дакладна выканаць усе наказы сваіх ганаровых гасцей. У знак падзякі бабуля Яніна саспявала нам свае лепшыя песні.
– Дык гэта ж сапраўдная носьбітка жывых народных жамчужын! Сюды варта прыехаць з этнаграфічнай экспедыцыяй! – не ўтрымалася ад захаплення вялікая аматарка народнай творчасці Таццяна Панова.
Як аказалася, гаспадыня гэтага дома спявала ў хоры, цудоўна вышывала, прала і ткала, захаплялася вырабам папяровых кветак і іншымі відамі народнага рамяства. Усё гэта ў вольныя хвілінкі, калі ўкройвала час “для сябе” -- паміж работай у калгасе “Чырвоны Сцяг” і вялікай хатняй гаспадаркай, клопатамі па выхаванні сыноў і дачушкі. Партрэт Я.І. Булгарынай калісь упрыгожваў Дошку гонару. Да таго ж і яе саму, і мужа-калгасніка Пятра Іосіфавіча за самаадданую працу ўзнагароджвалі шматлікімі граматамі, значкамі ўдарнікаў і медалямі “За доблесную працу”! Усе рэліквіі беражліва захоўваюцца да сённяшніх дзён.
У апошнія гады здароўе стала падводзіць жанчыну, і даглядаць матулю прыехаў з Гродна сын.
– Я вельмі ўдзячны дзяржаве і ўсім вам, хто сёння наведаўся да нас павіншаваць маму, за ўвагу і павагу да людзей сталага веку, – гаворыць Вячаслаў Булгарын. – Гэта вельмі важна для ўсіх пакаленняў – памятаць пра тых, хто сваёй працай ствараў падмурак для сённяшняга нашага дабрабыту. Прыемна было, што з раніцы не змаўкаў тэлефон і нашу матулю віншавалі ўсе блізкія (у яе пяць унукаў і шэсць праўнукаў), а яшчэ – суседзі, аднавяскоўцы. Прыемна, што не забылі і прадстаўнікі ўлады.
Так і належыць. Ушаноўваць паважаных юбіляраў на Шчучыншчыне стала даўняй і добрай традыцыяй. Дарэчы, калі сёлета Яніна Іванаўна Булгарына першай атрымала новы пашпарт у свой соты дзень нараджэння, то летась з аналагічнай нагоды былі ўручаны пашпарты тром доўгажыхарам раёна. Жывіце доўга, нашы даражэнькія, спявайце песні, будзьце для ўсіх прыкладам!
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.