Людзі пажылыя – сэрцам маладыя! Даведаліся, на якой імпрэзе ўдзельнікам дарылі белыя ружы і “маладзільныя яблычкі”
Іх ад шчырага сэрца дарылі наведвальнікам аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян ТЦСАН, а тыя ў адказ выпраменьвалі ўсмешкі і радасць, бо сапраўды адчувалі сябе крыху імяніннікамі. Напярэдадні Дня пажылых людзей ва ўтульнай актавай зале сабраліся прадстаўнікі паважанага ўзросту, для якіх моладзь арганізавала цікавае мерапрыемства. Дарэчы, не толькі гараджане былі гасцямі на гэтым свяце, але і жыхары сельскіх населеных пунктаў.
На сустрэчу з наведвальнікамі аддзялення прыйшлі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Андрэй Навіцкі і дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва Святлана Шанчук, каб расказаць аб той сацыяльна арыентаванай палітыцы, якую мэтанакіравана праводзіць наша дзяржава, адказаць на пытанні і, безумоўна, выказаць віноўнікам урачыстасці пажаданні здароўя, актыўнага даўгалецця і радасці ў кожным дні. Прынамсі ў аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых грамадзян вельмі многае робіцца, каб жыццё падапечных было напоўнена карыснымі справамі, заняткамі, накіраванымі на аздараўленне, раскрываўся творчы патэнцыял кожнага, цалкам рэалізоўваліся тыя задумкі, на якія раней проста не было часу сярод напружаных рабочых будняў.
Выказаць старэйшаму пакаленню сваю павагу прыйшла і старшы інспектар РАНС Лізавета Асовік, якая ўручыла загадчыцы аддзялення Вользе Сцефановіч ганаровую грамату ад шчучынскіх выратавальнікаў за значны ўклад у фарміраванне культуры бяспекі сярод пажылога насельніцтва і якасную падрыхтоўку да абласнога конкурсу “Мудрасць. Вопыт. Бяспека”.
А потым на сцэну выйшлі работнікі культуры РЦКіНТ. Маладыя, завадныя, таленавітыя, яны не шкадавалі ўхвальных слоў у адрас пажылых людзей і, здаецца, надарыўся цуд: на вачах памаладзела зала, напоўнілася такой энергетыкай, што толькі пазайздросціць па-добраму можна! Слухачы падтанцоўвалі, нягледзячы на ўзрост, усе разам спявалі не толькі голасам, а душой.
Загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян Вольга Сцефановіч ад імя ўсіх прысутных шчыра падзякавала артыстам за пазітыўныя эмоцыі і вылучаныя флюіды радасці. Менавіта такі пасыл у песнях Дзмітрыя і Дар’і Паварга, Алёны Касатавай, Таццяны Ціцяк, Валянціны Маркевіч.
Прыемны сюрпрыз чакаў напрыканцы праграмы. Дамам элегантнага ўзросту супрацоўнікі ТЦСАН уручылі белыя ружы, а ў фае ўсіх гасцей чакалі яблычныя пачастункі ад спонсараў мерапрыемства – занальнага інстытута раслінаводства НАН Беларусі (дырэктар С.М. Шэўчык). І ўжо ніхто не сумняваўся, што яблычкі тыя – маладзільныя!
-- Мы вельмі задаволены, што прыехалі на гэта мерапрыемства,-- дружна дзяліліся ўражаннямі жыхаркі аграгарадка Каменка Любоў Бублова і Люцыя Клімашэўская. – Такія сустрэчы – стымул для аптымізму і жыццёвай энергіі. Вялікі дзякуй арганізатарам.
Таццяна Ступакевіч.
Фота аўтара.