Золата на вобласці. Шчучынскія гандбалісты ўжо трэці раз запар перамагаюць на Спартакіядзе ДЮСШ Гродзенскай вобласці

Пра ўзровень майстэрства маладых шчучынскіх гандбалістаў ведае ўся краіна. Нашы хлопцы рэгулярна займаюць прызавыя месцы на рэспубліканскіх і міжнародных турнірах. На днях юныя спартсмены ў чарговы раз даказалі, што не дарэмна лічыцца адной з лепшых каманд у Беларусі.

 

Нядаўна ў Шчучыне прайшла Спартакіяда ДЮСШ Гродзенскай вобласці па гандболе сярод ДЮСШ. Варта адзначыць, што нашы гандбалісты 2010-11 гадоў нараджэння перамагалі на гэтых спаборніцтвах у пазамінулым і мінулым годзе, а як вядома, авалодаць лідарствам прасцей, чым яго ўтрымаць.

 

У спартакіядзе ўдзельнічалі 8 каманд, якія былі падзелены на дзве групы. У першай групе гулялі гандбалісты Шчучына, Гродна-2, Ваўкавыска і Ашмянаў. Другая група складалася са спартсменаў з Гродна-1, Скідзеля, Карэлічаў і каманды Шчучын-2, у якую ўвайшлі малодшыя спартсмены нашага раёна.

 

Наша першая каманда без праблем прайшла групавы этап і з вялікай розніцай перамагла каманды Гродна-2 (39:11), Ваўкавыска (42:6), Ашмянаў (31:7).

 

У фінале нашым хлопцам супрацьстаяла моцная дружына Гродна-1 спецыялізаванай школы па гандболе. Аднак зламаць пераможны шлях шчучынцаў госці з абласнога цэнтра не змаглі і прайгралі з лікам 28:19. Такім чынам, юныя гандбалісты са Шчучына ўжо трэці раз запар узялі золата абласной спартакіяды, віншуем іх з выдатным вынікам!

 

 

Пракаментаваў вынікі спаборніцтваў трэнер шчучынскіх гандбалістаў Герман Байчароў:

 

– На працягу трох гадоў мы абараняем сваё чэмпіёнства, такога не было ніколі. Мала хто раней мог аспрэчыць лідарства каманд з Гродна. Але нашыя хлопцы сваімі вынікамі і рэкордамі пішуць гісторыю шчучынскага гандбола і спорту ў цэлым! Перамогі прыходзяць да нас дзякуючы сістэматычным трэніроўкам. Таксама нам дапамагае падтрымка бацькоў, ДЮСШ, кіраўніцтва раёна і ўсіх неабыякавых жыхароў нашага горада.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота з архіва Германа Байчарова.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!