У Шчучыне гучна адзначылі беларускае народнае свята Масленіцу

 

У нядзелю з самай раніцы шчучынцы і госці горада спяшаліся на плошчу Свабоды, каб разам адзначыць беларускае народнае свята Масленіца і правесці зіму. Дзяўчыны ў нацыянальных касцюмах сустракалі ўсіх з ветлівай усмешкай і частавалі смачнымі блінамі і гарачай гарбатай.

 

 

На святочных падворках сталы ламаліся ад страў. І ўсе прысмакі можна было паспрабаваць. Гэтай магчымасцю і скарысталася маладая мама Лідзія Вовк са сваім гадавалым сынам Ягорам.

 

 

 

 

– Я з дзяцінства палюбіла Масленіцу, – дзеліцца Лідзія Віктараўна. Сапраўды дзівоснае свята. Мне падабалася назіраць за парадам казак, кідацца снежкамі ў нячысцікаў. Вось і сёння прыйшла на плошчу, каб адпачыць ад напружаных будняў, паслухаць народныя песні, пачаставацца блінамі. Дарэчы, у нашай сям’і яны часта з’яўляюцца на стале. Ды і як іначай? Іх любяць усе – незалежна ад узросту. А сёння тут сапраўды раздолле: бліны са смятанай, маслам і варэннем, з рознай начынкай. Адным словам – на любы густ!

 

Удзельнікі свята з задавальненнем фатаграфаваліся ля фігур матрошак, правяралі сваю трапнасць у ціры, падымалі гіру, гулялі ў дартс, забівалі на хуткасць цвікі ў калодку. Дзятва каталася на мініяцюрным цягніку і забаўлялася на гульнявых пляцоўках. У “Горадзе майстроў” ажыўлена ішоў гандаль. Тут можна было набыць работы народных умельцаў: вырабы з дрэва, цацкі, упрыгажэнні і многае іншае.

 

 

 

Самыя смелыя і вынослівыя імкнуліся пакарыць высачэзны драўляны слуп, на вяршыні якога пераможцу чакаў прыз. Адзін з тых, каму гэта ўдалося, – шчучынец Дзмітрый Васілюк.

 

 

 

– Упершыню падчас Масленіцы я залез на драўляны слуп у 2016 годзе і з той пары раблю гэта штогод, – гаворыць Дзмітрый Віктаравіч. – За гэты час выйграў шмат розных прызоў. Сёння, да прыкладу, вярнуся дадому з новым посудам, які падару матулі.

 

Традыцыйнае народнае гулянне сабрала сапраўды шмат людзей. Усе прытанцоўвалі, смяяліся і віншавалі адзін аднаго з надыходам вясны. На сцэне ладзілася сапраўдная тэатралізаваная імпрэза, падчас якой сутрэліся Зіма і Вясна. Дзве сястрыцы вырашалі, чыя пара валадарыць, і ў гэтым ім дапамагалі шчучынцы. Таксама гучала шмат песень і жартаў, таму вясёлы настрой і пазітыўная атмасфера пранізвалі кожнага.

 

 

 

Кульмінацыяй свята стала традыцыйнае спальванне пудзіла – сімвала развітання з зімой. Аднак і пасля на плошчы Свабоды працягвалася народнае гулянне. Адным словам, Масленіца ўдалася на славу!

 

 

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!