Будні сельсавецкія. Даведаліся, якія пытанні сёння стаяць на парадку дня ў старшыні Орлеўскага сельвыканкама Андрэя Шэршаня
Хутка споўніцца пяць гадоў, як землякі абралі Андрэя Шэршаня старшынёй Орлеўскага сельскага Савета дэпутатаў. Самы час пацікавіцца, чым сёння жыве мясцовая ўлада і прынёманскі рэгіён, якія пытанні стаяць тут на парадку дня.
– Андрэй Георгіевіч, калі Вы заступалі на гэту адказную пасаду за плячыма былі 24 гады службы ў міліцыі. Ці дапамагае набыты вопыт у рабоце па прафілактыцы злачынстваў на тэрыторыі сельсавета?
– Прыступіў да абсалютна новай для сябе справы ў сакавіку 2018 года. Менавіта тады звольніўся з пасады старшага дзяржаўнага інспектара ДАІ і выйшаў у запас. Часу на раскачку не было. Вельмі дапамагала тое, што Орля – мой родны аграгарадок, дзе я добра ведаю людзей і рэгіён у цэлым. Увогуле ў нас у сельвыканкаме працуе згуртаваная каманда неабыякавых людзей. Клапаціцца аб бяспечных умовах жыцця землякоў – гэта наша першачарговая задача.
Што тычыцца прафілактычнай работы з нядобранадзейным кантынгентам, то, безумоўна, вопыт работы ў праваахоўных органах спрыяе найлепшым чынам. Ты ведаеш, як гутарыць з такімі людзьмі, наколькі важна кантраляваць іх паводзіны і абяцанні выправіць недахопы, што тычацца правілаў пажарнай бяспекі, працаўладкавання або нейкіх іншых жыццёвых аспектаў. Каму не дапамагаюць гутаркі па месцы жыхарства, выклікаем на пасяджэнні савета грамадскага пункта аховы правапарадку. У цэнтры ўвагі – праблемныя сем’і з дзецьмі, барацьба з бытавым п’янствам, занятасць і многае іншае.
– Наколькі эфектыўна працуюць дэпутаты і старасты вёсак?
– Наш дэпутацкі корпус складаецца з людзей працавітых, актыўных, аўтарытэтных. Без такіх памочнікаў было б складана вырашаць пытанні жыццядзейнасці насельніцтва. Менавіта народныя абраннікі ўздымаюць злабадзённыя пытанні на сесіях сельскага Савета дэпутатаў, і мы разам прымаем рашэнні, як іх “разруліць”. Да прыкладу, у Зачэпічах – вёсцы немалой, скажам так, доўгі час стаяла закрытай крама: не было каму ў ёй працаваць. Хоць і прыязджала аўталаўка, аднак мясцовыя жыхары ўвесь час выказвалі спадзяванні на аднаўленне работы магазіна. Літаральна напрыканцы мінулага года сітуацыю ўдалося выправіць. Кіраўніцтва Шчучынскага філіяла аблспажыўтаварыства пайшло нам насустрач: арганізавалі вучобу і стажыроўку для кандыдата ў прадаўцы. Зараз людзі вельмі задаволены, што ў Зачэпічах зноў адкрылася крама.
Надзвычай плённа працуюць такія дэпутаты, як Уладзімір Хелскі, Алена Шадура, Іван Крупіца. Да прыкладу, Іван Іванавіч – інжынер, і падчас падворных абходаў агляднай камісіі, членам якой з’яўляецца, ён не раз прама на месцы ўстараняў недахопы ў дамах адзінокіх людзей: парамантуе разетку, заменіць лямпачку, установіць АПА… Яшчэ адзін адметны дэпутат – Міхаіл Амялевіч. Ён – чалавек масцеравіты, мае свой трактар, ніколі не адмаўляе ў просьбах аднавяскоўцам апрацаваць зямельныя ўчасткі. Сваёй тэхнікай расчысціць агульную дарожку – гэта для яго норма.
Не цураюцца грамадскай работы нашы актыўныя старасты вёсак – Віктар Базевіч з Яселевічаў, Надзея Будзіловіч з Прэціма, Раман Гойла з Турэйска і іншыя. Яны – нашы надзейныя памочнікі. Ім вельмі ўдзячны людзі за неабыякавасць, жаданне і ўменне дапамагаць іншым.
– Андрэй Георгіевіч, якія праблемы найбольш непакояць сельскіх жыхароў?
– Вось і сёння да мяне завітаў нераўнадушны вясковец: у дрэнным стане дарога ад Саваўшчыны да Ліпічна. Нямала пытанняў і па іншых траекторыях сельсавета. Капітальна вырашыць праблему з рамонтам дарог хутка не атрымаецца, бо напачатку трэба ўнесці такія работы ў план, заручыцца гарантыяй фінансавання. Я вельмі ўдзячны, што ў экстраных выпадках заўсёды прыходзіць на дапамогу начальнік ДРБУ-161 Мечыслаў Сцельмашок. Мясцовая сельгасарганізацыя і яе новы кіраўнік – дырэктар ААТ “Орля” Віктар Мінько – таксама ніколі не пакінуць без увагі жыхароў аддаленых вёсачак і хутароў: абавязкова задзейнічаюць тэхніку, каб расчысціць дарогі. Сацыяльная нагрузка размеркавана на ўсіх, таму і ўдаецца ствараць для жыхароў сельсавета пэўны дабрабыт.
Гутарыла Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.